У дзелавым рэжыме. 11 верасня – выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Усяго 10 дзён застаецца да важнейшай палітычнай падзеі гэтага года – выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. 11 верасня ў 8 гадзін раніцы па ўсёй краіне адчыняць дзверы сотні выбарчых участкаў, 31 з іх – у Ляхавіцкім раёне.Разам з жыхарамі Баранавіцкага і часткі Ганцавіцкага раёнаў мы будзем выбіраць дэпутата ў парламент ад Баранавіцкай сельскай выбарчай акругі № 7.

У спісе кандыдатаў на дэпутацкую пасаду – тры прэтэндэнты. Зараз з дапамогай давераных асоб яны праводзяць сваю агітацыйную кампанію: хтосьці актыўна праводзіць сустрэчы з працоўнымі калектывамі, падрыхтаваў агітацыйныя плакаты, прапануе канкрэтную праграму, а хтосьці пакуль падыходзіць да справы дастаткова сціпла. Што датычыць умоў для агітацыі, то яны для кожнага кандыдата роўныя. Кожны меў магчымасць падаць сваю перадвыбарную праграму для бясплатнай публікацыі ў абласную ці раённыя газеты. Усе кандыдаты зрабілі выбар, у якой газеце размясціць сваю праграму. Кандыдаты ў дэпутаты па нашай выбарчай акрузе ўжо скарысталіся магчымасцю звярнуцца да выбаршчыкаў па тэлебачанні і радыё. А сёння на тэлеканале “Беларусь 3” з 19.05 да 19.25 пройдуць тэледэбаты з іх удзелам.

У дзелавым рэжыме працуюць участковыя выбарчыя камісіі. Завершана ўдакладненне спісаў выбаршчыкаў, аформлены інфармацыйныя куткі. Зараз на кожным участку з 17 да 19 гадзін арганізавана дзяжурства членаў участковых камісій. У гэты час любы жадаючы можа прыйсці на свой участак, каб праверыць, ці ўнесена яго прозвішча ў спісы для галасавання. Тут жа можна пазнаёміцца з біяграфічнымі данымі кандыдатаў у дэпутаты, размешчанымі на спецыяльна падрыхтаваных да выбараў плакатах.

Дарэчы, жыхарам вуліц Кастрычніцкай, Арлоўскага, Сонечнай, Працоўнай, Вакзальнай, Заходняй, Каштанавай і адпаведных завулкаў, якія галасуюць на Ляхавіцкім-Кастрычніцкім участку № 39, не лішнім будзе нагадаць: сёлета ім давядзецца змяніць прывычны маршрут. Участак для галасавання будзе працаваць у адміністрацыйным будынку ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас”, а не ў ГДК райаграсэрвіса, як у мінулыя выбарчыя кампаніі.

Па інфармацыі акруговай выбарчай камісіі, у спісы для галасавання ў Ляхавіцкім раёне ўключана 20766 грамадзян. 166 выбаршчыкаў будуць галасаваць упершыню, 75 з іх – на Ляхавіцкім-Чкалаўскім участку для галасавання № 38 (менавіта да яго прыпісаны інтэрнаты Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа). Традыцыйна і на гэтым, і на іншых участках да сустрэчы з тымі, хто сёлета ўпершыню атрымаў магчымасць прагаласаваць, заўсёды рыхтуюцца па-асабліваму – з сувенірамі і віншаваннямі.

Як паведамілі ў акруговай выбарчай камісіі, на кожным участку ўжо зарэгістраваліся наглядальнікі. Найбольшую актыўнасць пры вылучэнні сваіх наглядальнікаў праявілі грамадскія аб’яднанні. Пра сваё жаданне назіраць за работай участковых камісій заявілі прадстаўнікі “Белай Русі”, БРСМ, раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Днямі работы ўчастковым камісіям яшчэ больш дабавіцца. З наступнага аўторка бу- дзе праходзіць датэрміновае галасаванне. Такую магчымасць выбарчае заканадаўства краіны дае ўсім, хто па розных прычынах не зможа прыйсці на ўчастак у дзень выбараў.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *