Вы гэта можаце!

Сцяганосцам беларускай зборнай на Паралімпійскіх гульнях у Рыа будзе заслужаны майстар спорту, лёгкаатлет Аляксандр Трыпуць. Аб гэтым стала вядома 26 жніўня ў ходзе ўрачыстай цырымоніі праводзін беларускай спартыўнай дэлегацыі на XV летнія Паралімпійскія гульні ў Рыа-дэ-Жанэйра.
Капітанам зборнай выбрана майстар спорту міжнароднага класа, лёгкаатлетка Ганна Канюк. «Спартсмены-паралімпійцы павінны ведаць, што за вас будзе балець уся Беларусь. Ведучы актыўны вобраз жыцця, з’яўляючыся ўдзельнікамі галоўных стартаў чатырохгоддзя, вы ўжо пераможцы, на якіх варта раўняцца астатнім», – адзначыла віцэ-прэм’ер Наталля Качанава, якая таксама пажадала атлетам у Бразіліі ўдачных стартаў і яркіх перамог.
«У Беларусі 29 тысяч дзяцей-інвалідаў, і ваш прыклад стойкасці і мужнасці, імкнення дабівацца самых высокіх    мэт – для іх паказальны. Многія спартсмены-паралімпійцы з’яўляюцца кумірамі для хлопцаў і дзяўчат з абмежаванымі магчымасцямі. Прадэманструйце на Паралімпіядзе свае лепшыя якасці, каб увесь свет ацаніў, як развіты спорт у Беларусі», – выказала свае пажаданні міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна.
Першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што ў НАК няма адрозненняў паміж алімпійскімі і паралімпійскімі зборнымі. «Вы ўсе для нас адна каманда. Ваш лозунг    «Yes, I can!» адлюстроўвае стыль вашага жыцця. У Рыа вы яшчэ раз дакажаце, што зможаце і з’яўляецеся самымі лепшымі ў сваіх відах спорту», – сказаў Максім Рыжанкоў.
Міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко падкрэсліў важнасць стварэння Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па інваспорце. «Спецыялізаваны РЦАП паралімпійцаў, які пачаў сваю работу ў бягучым годзе, дапаможа праводзіць больш якасную падрыхтоўку да самых важных міжнародных турніраў. На Паралімпіядзе беларускія спартсмены павінны выступіць у сілу сваёй гатоўнасці, а яна такая, што многія з вас гатовы змагацца за медалі», – канстатаваў Аляксандр Шамко.
У XV Паралімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра, якія пройдуць з 7 па 18 верасня, прыме    ўдзел 21 беларускі атлет у пяці відах спорту. Сярод найбольш тытулаваных у складзе беларускай дэлегацыі плывец Ігар Бокій і Людміла Волчак, якая выступіць у акадэмічным веславанні.
Упершыню беларускія спартсмены прынялі ўдзел у Паралімпійскіх гульнях у 1988 годзе ў Сеуле. За час выступлення на галоўных стартах чатырохгоддзя айчыннымі паралімпійцамі заваявана                           124 медалі, 39 з якіх залатыя.
БЕЛТА.
Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *