Чыстасардэчнае прызнанне

Заўтра  пачынаецца восень. А сёння – яшчэ лета, што засведчвае апошні лісток жнівеньскага календара. Такое цудоўнае і такое хуткаплыннае, яно абласціла сонцам, пачаставала суніцамі-клубніцамі, абсыпала ў траву белы наліў, вывела ў поле збожжаўборачныя камбайны і ўжо вярнула іх на ПМЖ у мехдвары, успыхнула папараць-кветкай і чароўнымі зоркападамі, пазначыла сябе рамонкава-валошкавым арнаментам, астраўкамі аксамітак і астраў, сарамліва зачырванела гронкамі рабіны…

Пахне мёдам. Пахне летам. Толькі буслы ўжо збіраюцца кампаніяй і кружаць у небе, выпрабоўваюць крылы перад далёкай дарогай на поўдзень. Так, заўтра пачынаецца восень. Ёй будзе ўсяго некалькі гадзін ад роду, калі яна загучыць знаёмай мелодыяй школьнага званка. За парты сядуць без малога 2900 нашых юных землякоў. А навучэнцамі прыйдуць у ЛДАК каля паўтысячы каляджан. На фоне прыкладна 26-тысячнага насельніцтва раёна вучнёўска-студэнцкі патэнцыял гучыць даволі чутна. І аптымістычна. Маладосць – гэта калі ўсё наперадзе, калі ўсведамляеш, што ты і толькі ты каваль свайго шчасця. Толькі б не прайсці міма той падковы, ад якой яно залежыць, а надзейней за ўсё падкову тую выкаваць самому. Нават калі будуць нейкія памылкі і расчараванні. Можна паправіць сітуацыю і паглядзець на свет не праз чорныя акуляры і не праз падманлівыя ружовыя, а проста вачамі і сэрцам, якое відушчым назваў вядомы і любімы многімі французскі рамантык, лётчык і пісьменнік Антуан Сент-Экзюперы.

Вы заўважылі, наколькі даражэйшым здаецца тое, што губляеш? Лета ў тым ліку. З яго спакуслівым цяплом і шматкаляровай палітрай проста радасці ад адчування жыцця і сябе ў ім. Але ж яно вернецца, варта толькі Зямлі зрабіць круг вакол Сонца. І зноў усё ўбярэцца ў квецень, выспеюць плады, прыйдзе сезон адпускоў і канікулы, як заўсёды, паклічуць у лагеры адпачынку, паходы, на бераг рэчкі, у лес. І зноў будзем гартаць каляндар летніх падзей і дат. А сёння проста азірнёмся на сёлетні чэрвень-ліпень-жнівень. Як многа прыемнага і знакавага ўмясцілі яны. Усяго не пералічыш, адзначу тое, што запала ў душу асабліва.

Наша зямлячка, яна ж аператар машыннага даення СВК «Ляхавіцкі», яна ж маці пяці дзяцей Аксана Судакова ўзнагароджана ордэнам Маці.

Адзінаццацікласніцы гімназіі Ніно Квернадзэ і Юлія Матчэня атрымалі на выпускным балі пасведчанні аб узнагароджанні па выніках мінулага года прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта краіны па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. І літаральна праз месяц, у ліпені, разумніца Ніно, якая на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове атрымала 100 балаў, а па грамадазнаўстве – 99, была зноў удастоена першай прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта як пераможца сёлетняга рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару па вучэбных прадметах.

А старшакласніца Начаўскай школы Таня Чаранкевіч стала абсалютнай пераможцай шостага злёту юных эколагаў Беларусі і Расіі.

Прапісаліся ў гэтым леце і два такія патрэбныя і прыгожыя пачынанні: першыя тэатралізаваныя Флер’яноўскія чытанні ў былой сядзібе Бохвіцаў, што звязана з імем вядомай пісьменніцы Элізы Ажэшка, і фэст «З крыніц спрадвечных», які другі год запар са сваіх агульных пятнаццаці, праходзіў у былой рэйтанаўскай сядзібе ў Грушаўцы і які паказаў, што перарос ужо раённы маштаб.

Гэта лета змяшала слёзы радасці з дажджынкамі падчас раённага выпускнога, а потым расквеціла неба дзясяткамі рознакаляровых шароў-мараў. Яно прымусіла ўсіх нас на працягу трох тыдняў балець – балелі за сваіх алімпійцаў, якім было вельмі горача і складана ў Рыа. Але 9 нашых медалёў таго вартыя.

Прыгадаю яшчэ адзін, юбілейны, фрагмент летняга сюжэта: 31 жніўня паўстагоддзя назад стала першым працоўным днём на ніве культуры ў нашай зямлячкі Ірыны Войцік. Апошнія некалькі дзесяцігоддзяў яна выкладае музыку ў Востраўскім філіяле Тухавіцкай музычнай школы. А дагэтуль былі іншыя адрасы, дзе яна са сваім нязменным  сябрам баянам іграла Музыку, якую чытала і з нотнай партытуры і з партытуры сваёй багатай душы. Скажаце, Ірына Мікалаеўна не адзіная, хто аддана займаецца творчасцю, чыё прафесійнае жыццё прысвечана педагогіцы і мастацтву? Не адзіная, але ўнікальная: напомню, аўтар гімна беларускіх прафсаюзаў менавіта Ірына Войцік. Наша сціплая і таленавітая зямлячка. Прыгожы штрых, выразны. Таму прымайце віншаванні, шаноўная Ірына Мікалаеўна! І дзякуй нашаму другому земляку – Мікалаю Куліцкаму, які пра гэты юбілейны факт паведаміў у рэдакцыю.

…У мінулую суботу ў гарадскім скверыку адбылася сустрэча сяброў. З двух класаў выпуску 1971 года СШ № 1 прыехаць-прыйсці атрымалася ў дванаццаці. Мы сустракаемся даволі часта, але заўсёды гэта – падзея, якая слязінкай у вачах, цяплом у сэрцы. Уявіце сабе наша ўзаемнае здзіўленне, калі ў немаладой жанчыне, што сядзела на адной з лавачак, пазналі сваю любімую настаўніцу –

Соф’ю Васільеўну Хмарук. Супадзенне? Заканамернасць? Падарунак лёсу? Прывітанне з дзяцінства-юнацтва? Усё разам. І мы – разам з агульнымі, дарагімі ўспамінамі. Настолькі дарагімі, што і праз чатыры з паловай дзесяцігоддзі яны сабралі нас «сямейна». Канешне, мы ўсе ў асяроддзі сённяшнім. Але, заўважце, чалавек складаецца не толькі з таго, што ёсць у яго ў даны момант, але і з успамінаў (мінулае), і з мараў (будучыня). Няхай жа гэты ланцужок часу і падзей – жыццё –  будзе як мага даўжэйшым.

Бывай, жнівень, бывай, лета. Да наступнай сустрэчы праз год.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *