Заданне на сёння

23 жніўня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з кіраўніцтвам урада і Нацбанка, на якой абмеркавана сітуацыя ў эканоміцы краіны. Прэзідэнта падрабязна праінфармавалі аб сітуацыі на знешніх рынках, суадносінах экспарту і імпарту, плацежным балансе краіны. Абмеркаваны пытанні, якія датычацца функцыянавання праблемных дзяржпрадпрыемстваў. Разгледжана выкананне праграмных мер па скарачэнні перакрыжаванага субсідзіравання ў сферы ЖКГ.
«Мы інфармавалі, што, на жаль, у той матрыцы задач, якая вызначана Кіраўніком дзяржавы, з сямі паказчыкаў выкананы адзін, але вельмі важны. Гэта паказчык інфляцыі, – заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў па выніках даклада Кіраўніку дзяржавы. – Мы ўжо ўвайшлі ў нармальны рэжым і разлічваем, што па выніках года, як і прадугледжвалася, інфляцыя не перавысіць 12 працэнтаў».
Што датычыцца іншых паказчыкаў, была звернута ўвага, што па пераважнай большасці з іх прысутнічае дадатная дынаміка, якая характарызуе якасныя змяненні ў эканоміцы. «Мы паступова вяртаемся на траекторыю аднаўлення эканамічнага росту», – адзначыў Андрэй Кабякоў.

Па выніках работы на  1 верасня Беларусь зможа прэтэндаваць на трэці транш крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, заявіў Прэм’ер-міністр. Акрамя таго, паводле слоў Андрэя Кабякова, на мінулай сустрэчы з Прэзідэнтам абмяркоўваліся і пытанні, звязаныя з магчымым супрацоўніцтвам з МВФ.

Прэм’ер-міністр таксама пракаменціраваў сітуацыю з фарміраваннем тарыфаў на ЖКП у ацяпляльны сезон. «Аналізуем, разглядаем розныя варыянты. У любым выпадку мы будзем у максімальнай ступені пры ўмове планавання росту тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі разглядаць катэгорыі грамадзян, якія не змогуць зрабіць адпаведную аплату з-за ўзроўню даходаў. Прынцып адзін: хто можа, той павінен плаціць, а тым, хто не зможа з-за аб’ектыўных прычын, дзяржава акажа сацыяльную падтрымку», – заявіў Прэм’ер-міністр.

Андрэй Кабякоў таксама паведаміў, што з 1 кастрычніка ў Беларусі ўводзяцца безнаяўныя жыллёвыя субсідыі для частковага пакрыцця платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі. Праект адпаведнага ўказа быў прадстаўлены Кіраўніку дзяржавы.

Разлічваць на падтрымку змогуць сем’і, дзе аплата жыллёва-камунальных паслуг будзе перасягаць устаноўлены працэнт ад сукупнага даходу. «Для гараджан гэта расходы больш за 20 працэнтаў у сукупным даходзе, а для сельскай мясцовасці – 15 працэнтаў», – растлумачыў Андрэй Кабякоў.

Прадастаўленне гэтых субсідый пенсіянерам і інвалідам з 1 кастрычніка будзе ажыццяўляцца па выяўляльным прынцыпе, гэта значыць аўтаматычна. Астатнія грамадзяне для атрымання безнаяўных субсідый павінны будуць звярнуцца ў адпаведныя інстанцыі.

Усяго на гэтыя мэты, паводле ацэнкі ўрада, спатрэбіцца накіраваць амаль Br50 мільёнаў (дэнамінаваных рублёў).

Паводле папярэдніх ацэнак, безнаяўнымі жыллёвымі субсідыямі ў Беларусі змогуць скарыстацца каля 10 працэнтаў, або амаль 400 тысяч сем’яў.

Гаворачы аб прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2017 год, кіраўнік урада адзначыў, што колькасныя значэнні адпавядаюць мэтавым арыенцірам пяцігодкі. Важнейшымі паказчыкамі для ўрада і Нацыянальнага банка вызначаны рост ВУП на 1,5 працэнта, рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва на 1,2 працэнта, рост прадукцыйнасці працы па ВУП на 1,6 працэнта і яго перавышэнне над тэмпамі росту рэальнай заработнай платы. Экспарт тавараў і паслуг павінен павялічыцца на 3,6 працэнта; сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі плануецца дадатным на ўзроўні $103 мільёны, або плюс 0,2 працэнта да ВУП; прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове (без уліку запазычанасці прамому інвестару за тавары, работы, паслугі) запланаваны ў аб’ёме $1,4 мільярда.

Паводле слоў Андрэя Кабякова, стаіць задача выхаду на адназначныя параметры інфляцыі – 109 працэнтаў (снежань да снежня 2016 года).

«Няўхільна будзем захоўваць прыярытэт збалансаванага развіцця эканомікі – гэта збалансаванасць плацежнага балансу і бюджэту, выкананне знешніх абавязацельстваў без зніжэння золатавалютных рэсурсаў краіны, зніжэнне інфляцыі», – падкрэсліў Прэм’ер-міністр.

Цяпер завяршаецца работа па фарміраванні мэтавых задач для міністэрстваў, канцэрнаў і прадпрыемстваў. «Асноўны акцэнт робім на якасныя паказчыкі росту і экспарт. Усе яны будуць улічаны ў пастанове ўрада, і тым самым мы сфарміруем вертыкальна інтэграваную матрыцу задач, пачынаючы ад урада да кіраўнікоў прадпрыемстваў, праз сістэму бізнес-планавання», – адзначыў кіраўнік урада.

Гаворачы аб рэспубліканскім бюджэце на 2017 год, Андрэй Кабякоў звярнуў увагу, што ён захоўвае сваю сацыяльную накіраванасць.

«У поўным аб’ёме ўлічаны ўсе расходы па сацыяльных выплатах, і, нягледзячы на вельмі абмежаваныя магчымасці бюджэту, захаваны на ўзроўні бягучага года рэсурсы для падтрымкі экспарту», – адзначыў Прэм’ер-міністр.

Пытанні паляпшэння інвестклімату, развіцця рынку страхавых паслуг і многія іншыя абмяркоўваліся  24 жніўня на пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі, дзе размова ішла аб ролі і задачах Савета Рэспублікі ў рэалізацыі прыярытэтаў, прадугледжаных асноўнымі палажэннямі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады.

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч прапануе ўвесці ў Беларусі патэнтную сістэму для самазанятых. Гэта сістэма дасць магчымасць легалізаваць індывідуальную працоўную дзейнасць без адкрыцця ІП.

Тэрміны «самазанятасць» і «самазаняты» ў нацыянальным заканадаўстве цяпер адсутнічаюць. На думку Міхаіла Мясніковіча, да самазанятых могуць быць аднесены асобы, якія працуюць па заяўным прынцыпе без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка – рамеснікі, супрацоўнікі сферы аграэкатурызму, работнікі асабістых падсобных гаспадарак, асобы, якія займаюцца прыбіраннем, бытавымі паслугамі. «Можна было б пашырыць віды дзейнасці, дапоўніўшы пералікі будаўніча-мантажнымі, рамонтнымі работамі, перавозкай пасажыраў і грузаў. Сёння многія з гэтых работ у цені, людзі пры гэтым не абаронены, не могуць адстойваць свае пазіцыі ў судзе», – канстатаваў ён.

Кошт патэнта на самазанятасць можна наблізіць да памеру адзінага падатку, лічыць Міхаіл Мясніковіч. Спатрэбяцца таксама меры падтрымкі самазанятых: мікракрэдытаванне, бязвыплатнае прадастаўленне памяшканняў, кансультацыі і г.д. «Фіскальны эфект будзе невысокі, але ён перакрываецца па значнасці сацыяльным эфектам, – упэўнены ён. – Самазаняты не будзе атрымліваць сацыяльнай дапамогі, але ён не дэградуе, ён забяспечвае сябе работай, корміць сям’ю, аказвае значныя паслугi або вырабляе запатрабаваныя тавары. У сацыяльным плане ён не беспрацоўны, што таксама важна для чалавека».

На думку Міхаіла Мясніковіча, неабходна фарміраваць грамадскую думку па гэтай тэме, выхоўваць у людзях пачуццё адказнасці за свой дабрабыт, спыняць культываванне ўтрыманства і імкненне жыць за чужы кошт.

Пытанне занятасці павінна быць прадметам асаблівай увагі дэпутацкага корпуса ўсіх узроўняў, падкрэсліў старшыня Савета Рэспублікі.

Прымаючы меры па павышэнні занятасці, толькі давядзеннем заданняў па стварэнні новых рабочых месцаў усё не вырашыць, падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. Трэба ствараць умовы для новых прадпрыемстваў і пашырэння дзеючых.

У асноўных палажэннях праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады змешчаны меры па разняволенні дзелавой ініцыятывы. Плануецца ўвесці і шэраг эканамічных стымулаў. «Усяго, на думку міжведамаснай рабочай групы па распрацоўцы праекта асноўных палажэнняў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, трэба будзе прыняць каля 170 нарматыўных прававых актаў, прычым большасць з іх – на працягу 2016-2017 гадоў», – падкрэсліў старшыня Савета Рэспублікі.

«Справядлівай будзе пастаноўка задачы павышэння ролі мясцовага самакіравання ў рэалізацыі прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, – адзначыў Міхаіл Мясніковіч. – Дзейснае мясцовае самакіраванне можа стаць магутным рэсурсам для развіцця эканамічнага патэнцыялу краіны, фарміравання спрыяльнага прадпрымальніцкага асяроддзя, павышэння інвестыцыйнай прывабнасці рэгіёнаў, стварэння новых вытворчасцей і рабочых месцаў».

Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *