Прыемныя клопаты

Першавераснёўская рэпетыцыя. У галоўных ролях – Бецькі і Гемвароўскія.

У Ляхавіцкім раёне жывуць 342 мнагадзетныя сям’і, у якіх выхоўваюцца 1037 хлопчыкаў і дзяўчынак.  Аднаразовую матэрыяльную дапамогу  для падрыхтоўкі дзяцей да новага навучальнага года атрымалі 637 школьнікаў з  311 сем’яў.  На гэтыя мэты з раённага бюджэту выдзелена 25480 рублёў.       Каб 1 верасня стала сапраўдным святам, паклапаціліся многія прадпрыемствы і арганізацыі, дзе працуюць бацькі вучняў.  Не пакінулі без увагі такую значную падзею і грамадскія аб’яднанні – БРСМ, прафсаюзы, “Белая Русь”, “Чырвоны Крыж”.

Яшчэ зусім нядаўна цэнтрам сусвету ў сям’і ляхавічан Гемвароўскіх была трохмесячная Сафійка. А цяпер гэта месца заняла сярэдняя з трох сястрычак – Даша. І прычына таму сапраўды слушная: заўтра яна ўпершыню пойдзе ў школу. Таму сёння ў доме № 100 па вуліцы Кастрычніцкай у райцэнтры – асаблівая мітусня, урачыстая і ўсхваляваная.

Дзесяцігадовая Аліна шмат чаго цікавага расказвае малодшай сястры пра гімназію, таму Даша дачакацца не можа, калі ж і яна стане вучаніцай:

– Буду, як Алінка, толькі дзявяткі і дзясяткі прыносіць. Ведаю многа літараў. А яшчэ сястрычка навучыла мяне па-англійску лічыць да 10, – і пачынае шпарка прыгадваць алфавіт.

Даша круціцца перад люстэркам у новенькай школьнай форме (сарафане і блузцы). А потым імчыць паглядзець, ці не прачнулася малодшая сястрычка. Большую частку лета старэйшыя гасцявалі ў бабулі ў аграгарадку Ліпск. Там хоць і весела, але па Сафійцы і бацьках паспелі засумаваць.

– У бабулі добра, але дома ўсё ж лепш. І маме без нас не так весела. Разам з Дашай кветкі паліваем, а я пыл выціраю. Калі мама паехала ў бальніцу па Соньку, дапамагала тату гатаваць, – далучаецца да размовы пяцікласніца Аліна.

– Колькі пахадзілі-паездзілі – па магазінах, рынках, а падабралі сарафан і блузку патрэбнага размеру ў ляхавіцкай “Алісе”. Летась школьніцай была толькі Аліна. А цяпер у сям’і дзве вучаніцы, але у многім дзякуючы і дзяржаўнай падтрымцы – па 40 рублёў на кожную дачку, абышліся без растэрміновак і крэдытаў, –  расказвае Інга Іванаўна. І дадае, што амуніцыя першакласніцы для сямейнага бюджэту вылілася ў крыху больш за 200 рублёў. На старэйшую пайшло менш – многае засталося з мінулага года, свае рэчы Аліна носіць акуратна.

Іван Гемвароўскі не так даўно працуе ў ТАА “Трансэлектракамплект”, але, як і іншыя працаўнікі прадпрыемства, у чыіх сем’ях выхоўваюцца дзеці школьнага ўзросту, атрымаў ад прафкама матэ-рыяльную дапамогу – па 20 рублёў на кожную дачку.

Па суседстве з Гемвароўскімі жыве сям’я Бецька, таксама мнагадзетная, у ёй таксама ёсць першакласнік. Абедзвюм сем’ям, дарэчы, сёлета прызначаны сямейны капітал. Ёсць толькі адно істотнае адрозненне:у Гемвароўскіх тры дзяўчынкі, у Бецькаў – тры хлопчыкі.

Першакласнік Рома, як і належыць мужчыне, няспешна папраўляе яркі гальштук, што вельмі пасуе да стыльнай кашулі і строгага касцюма, і лічыць дні да школы .

– Буду вучыцца чытаць, пісаць, лічыць, гуляць у футбол, маляваць. А яшчэ мама абяцала запісаць мяне ў школу мастацтваў – хачу іграць на гітары, – расказвае пра школьныя мары хлопчык. І, крыху падумаўшы, з ноткай суму дабаўляе: – Шкада толькі, што такога заплечніка, як у Сашы, у мяне няма. Першакласніку толькі папку можна ў школу браць…

А вось яго старэйшы брат адзінаццацігадовы Аляксандр, гаворыць, што яшчэ не паспеў засумаваць па школе: вось каб лета крышачку падоўжыць… Але ж не церпіцца зноў хадзіць у школу мастацтваў да любімага педагога Паўла Кірмеля: хлопчык вучыцца іграць на саксафоне.

– За Ромай толькі сачы, каб куды не ўлез: вельмі ён у нас жвавы. З Мікіткам, якому ўсяго толькі 7 месяцаў, хочацца пагуляць, пагушкаць, пакатаць ў калясцы, –  па-даросламу разважае Саша і пры гэтым акуратненька складвае прынесеныя з гімназіі падручнікі за шосты клас.

– Праўда, паглядзіце які прыкольны наш Мікіта, – падтрымлівае брата Рома.

Мама Надзея расказвае, што, пакуль муж на рабоце (Віталій – вадзіцель ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама), старэйшыя сыны – яе галоўныя памочнікі:

– І ў агародзе паспяваю справіцца, і ежу прыгатаваць, і ў хаце прыбрацца. Саша не горш за дарослага даглядае Мікіту. І для Ромы ён прыклад ва ўсім. Не нарадуемся на сыноў.   Сёлета гэта сям’я, як і іншыя мнага-дзетныя, атрымала з раённага бюджэту матэрыяльную дапамогу на падрыхтоўку дзяцей да новага навучальнага года.

– Вельмі ўдзячны дзяржаве за такую ўвагу. Для нашай сям’і, дзе два школьнікі, 80 рублёў – добрая прыбаўка ў сямейны бюджэт, хапіла на канцылярскія тавары для абодвух вучняў, – расказвае Надзея Мікалаеўна.

Канешне, у мнагадзетных сем’яў трат больш, але ж і шчасця, радасці –  у разы таксама, таму і сілы бяруцца, і энергіі на ўсё хапае. І дзяржава клапоціцца пра мнагадзетныя сем’і: акрамя вышэйпералічаных выплат, дзеці бясплатна харчуюцца ў гімназіі, бацькі не плацяць за іх навучанне ў школе мастацтваў, сем’і вызвалены ад аплаты зямельнага падатку, за карыстанне інтэрнэтам – толькі 50 працэнтаў, ёсць і іншыя льготы.

…Пасля сумеснага фотаздымка на памяць дзеці хутка разбегліся па дамах, каб змяніць параднае адзенне на паўсядзённае: трэба паспець нагуляцца да школы. Адзін толькі Рома крыху адстаў ад іншых і ціхенька, каб ніхто не пачуў, прашаптаў:

– А можа і праўда назад у дзіцячы сад вярнуцца? Крышачку баюся ісці ў школу…

Але праз секунду перадумаў:

–Хаця, чаго баяцца! Саша казаў, што будзе кожны перапынак да мяне прыходзіць, а Аліна – да Дашы. Справімся разам!

Галіна КАНЬКО.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *