Экіпаж машыны палявой

На жнівеньскім полі цяпер не да адпачынку. Увага ўсіх удзельнікаў жніва засяроджана на адным – хутка, якасна, без страт убраць вырашчаны ўраджай.  Экіпаж КЗС 1218 з СВК “Шлях новы” ў складзе старшага камбайнера Аляксея Кумейшы і камбайнера Міхаіла Несцяровіча на сёлетняй уборцы з яе першых хвілін. І першыя намалоты былі нібы праверка на трываласць і падрыхтаванасць – і тэхнікі, і ўласных сіл.  Адразу ўсё пайшло нармальна.  Экіпаж паказвае добры вынік і лічыцца сярод лепшых на сёлетнім жніве: па стану на 2 жніўня са 150 гектараў намалацілі 721 тону.

— Сёлета намалаціць бункер –             справа хуткая, не паспееш азірнуцца, як час разгружаць. Хлеб урадзіў добры, – з гонарам гаворыць вопытны  старшы камбайнер. Справу сваю Аляксей Кумейша ведае добра. За штурвалам камбайна ён ужо 28-ы сезон. Так і працуе – на жніве камбайнерам, астатні час – трактарыстам. Другі сезон запар побач з Аляксеем Кумейшам працуе  камбайнерам Міхаіл Несцяровіч – таксама трактарыст СВК “Шлях новы”.

Права перадавікамі звацца заслужылі і вадзіцелі на адвозцы зерня два Уладзіміры – Пабягайла і Махнач. Іх  прозвішчы сярод аграрыяў вядомы даўно.

На пачатку гэтага года прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч па даручэнні Прэзідэнта ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным людзям краіны. Сярод узнагароджаных медалём “За працоўныя заслугі”   і наш зямляк – вадзіцель СВК “Шлях новы” Уладзімір Пабягайла.  Для Ула-дзіміра Уладзіміравіча гэта ўжо16-я ўборачная кампанія.

Уладзімір Махнач свае першыя тоны на жніве перавёз у 1986 годзе, калі пасля службы ў арміі вярнуўся на малую радзіму і ўладкаваўся ў мясцовую гаспадарку вадзіцелем.  А сёння перавезеная ім 741 тона збожжа – лепшая нагода ўпісаць прозвішча ў другі радок раённай дошкі гонару сярод вадзіцеляў на адвозцы зерня.

Выдатныя вынікі на жніве паказваюць і сямейныя экіпажы гаспадаркі ў складзе Дзмітрыя і Наталлі Петухаў,  Генадзія і Сяргея Місько.

Выключную руплівасць, па словах старшыні “Шляху новага” Аляксандра Вашчука, дэманструюць усе удзельнікі жніва разам і кожны паасобку. Сама ўборачная праходзіць у штатным раскладзе — з канцэнтрацыяй усіх сіл. А прыклад натхнёнай, шчырай, сумленнай хлебаробскай працы варты пераймання і працягу.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *