Эканамічная практыка

Жнівеньскае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта адбылося напярэдадні апошніх летніх выхадных і пры ўдзеле міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Сяргея Папкова.

Пра наступленне свайго часу восень абвяшчае ў тым ліку і трэллю першых школьных званкоў. Наколькі якасна ўстановы адукацыі падрыхтаваліся да новага навучальнага года, што ў раёне робіцца з мэтай развіцця талентаў моладзі? У рэйтынгавым спісе парадку дня гэтыя пытанні значыліся не першымі. Аснова – эканоміка, трываласць якой праецыруецца на адукацыю, на пошук і развіццё талентаў – на ўсё.

Паўгадавыя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, у аснове сваёй, настройваюць на пазітыў. Лепш, чым за аналагічны перыяд 2015-га, спрацавалі і прамысловасць, і аграрны сектар эканомікі. Што важна, працавалі не на склад: пры нарматыўных 55 узровень запасаў гатовай прадукцыі склаў 31,4 працэнта сярэднямесячных вытворчых аб’ёмаў. З даведзеных раёну 6 ключавых прагнозных паказчыкаў выкананы 4. Прыярытэтную трыяду развіцця эканомікі краіны, яе апорны каркас, як вядома, можна прадставіць у выглядзе формулы “інвестыцыі – працоўныя месцы – экспарт”.

Першы складнік формулы – інвестыцыі. Лепш – у вытворчасць, на чыстай аснове, з замежжа. Паўгадавы план па прыцягненні ў гаспадарчы абарот фінансаў раён не проста выканаў: за названы перыяд у эканоміку раёна напрамую інвеставана 1,8 мільёна “замежных” грошай – на трэць больш, чым прагнозна-планавыя 1,2 мільёна.

Пашырылася са студзеня па чэрвень і раённая база новых працоўных прапаноў. Напрыклад, толькі ў сегменце малога прадпрымальніцтва Ляхавіччыны дадаткова адкрыта 65 вакансій. З’явіліся прапановы па працаўладкаванні за кошт паглыблення вытворчасцяў на дзеючых прадпрыемствах і дзякуючы стварэнню новых.

Сярод эканоміка-выт-ворчых вяршынь, якія ўзяць не атрымалася, – экспарт. У параўнанні з мінулагодняй “базай” тэмп росту таварнага экспарту склаў толькі 82,8 працэнта. У якасці плюса можна адзначыць той факт, што, у параўнанні з першым кварталам, таварны паток у краіны замежжа характарызуецца станоўчай дынамікай. Але пытанне, ці атрымаецца дагнаць гадавыя прагнозныя лічбы, застаецца. Не мае прынцыповага адрознення і сітуацыя з экспартам паслуг: супраць базавага ён зменшыўся на 9 працэнтаў, але некалькі падняўся ў параўнанні з пачаткам года.

У цэлым жа знешнегандлёвы абарот Ляхавіцкага раёна за 6 месяцаў склаў 9,7 мільёна долараў ЗША. Адрозніваецца станоўчым сальда – 3,1 мільёна долараў – і зусім не беднай геаграфіяй. Краіны ЕС, СНД – у ліку нашых прыярытэтных замежных партнёраў. У здзелках з першымі за паўгода абярнулася 4,7 мільёна долараў, з другімі – 4,1. Нашым прыярытэтным “портам” тут з’яўляецца, канешне ж, Расійская Федэрацыя. Яшчэ – Данія, Польшча, Літва, Кітай, Германія.

У мінулым годзе адно з таварыстваў з абмежаванай адказнасцю – ТМТ – змяніла сталічную прапіску на ляхавіцкую. Разам з ТАА раёну перайшла і яго высокая ў мінулым годзе экспартная база. Сёлета экспартны вектар прадпрыемства фактычна ўпаў, а закрыць яго экспартныя аб’ёмы за кошт іншых суб’ектаў гаспадарання вельмі і вельмі няпроста. Як прагучала ў ходзе пасяджэння, у гэтым адна і ці не галоўная прычына некаторага нашага экспартнага адставання.

Паказчык рознічнага тавараабароту хоць і не адносіцца да ліку ключавых, гаворыць у агульнаэканамічным плане пра многае. І тут мы саступілі сабе мінулагоднім прыкладна на 3 працэнты. Недабрала райпо, яшчэ больш – так званы неарганізаваны гандлёвы рынак. Некаторае змяншэнне рэальных даходаў насельніцтва – адна з прычын таго. Але зусім не першая. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч засяродзіў увагу на адсутнасці ў райпо стратэгіі развіцця і неабходнасці больш актыўнага развіцця ў раёне гандлю прамысловымі таварамі. Каб, напрыклад, за новымі кашулямі, тэлевізарамі, пыласосамі і г.д. ляхавічане ехалі не ў Баранавічы, а ішлі ў мясцовыя аб’екты гандлю.

Яшчэ адно заданне – па выкананых падрадных работах – аказалася па паўгоддзі не выкананым. У параўнанні з 2015-м адмінусавалі адразу 30 працэнтаў.

Нягледзячы на комплекс мер, захадаў, намаганняў як з боку ўлады, так і менеджменту прадпрыемстваў, шэраг апошніх на сённяшні дзень працягвае заставацца ў няпростым фінансавым становішчы. Рэнтабельнасць некаторых – ніжэй паказчыка інфляцыі, для іншых рэгулярным клопатам з’яўляецца недахоп абаротных сродкаў, асобныя – такіх 3 – пакуль што працуюць са стратамі.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *