“Куршынале”: нон-стоп. У Куршынавічах мастакам і мастацтву ўтульна

Дзясяткі карцін і рэпрадукцый з блізкімі і знаёмымі назвамі “Макавы букет”, “ Мая вёска”, “Басаногае дзяцінства”, “Сіла зямлі”, “Сярод пахучай лугавой травы” сібірскіх мастачак маці і дачкі Алены і Таццяны Зорыных днямі змаглі ўбачыць усе жадаючыя ў выставачнай зале ў вёсцы Куршынавічы пад дахам міжнароднага дома мастацтваў.

– Ніколі раней не была ў Беларусі. Але за два тыдні знаходжання ў вашай краіне ўлюбілася ў тутэйшую прыроду. Яна ў вас сапраўды непаўторная: колькі сюжэтаў, фарбаў просяцца на чысты аркуш. Маляваць такое адно задавальненне! Нават дух захапіла, калі ўявіла, што за цуд вакол у час цвіцення акацый і яблынь, – падзялілася ўражаннямі Алена Зорына.

Зорыны прадставілі творчы праект “Пераемнасць пакаленняў”. Назва вельмі сімвалічная. Алена зацікавілася маляваннем, калі прывяла малодшую дачку Таню ў мастацкую школу. Тады і ўспомніла сваю даўнішнюю мару стаць мастаком (калісьці пасля заканчэння школы дзяўчына пабаялася без папярэдняй падрыхтоўкі паступаць вучыцца на жывапісца, хаця вельмі любіла маляваць, і стала студэнткай медінстытута). Вучылася ў выяўленчай студыі разам з Таняй і атрымала другую вышэйшую адукацыю – мастака-графіста. Яе творы выстаўляліся ў многіх гарадах Расіі, ва Украіне, у Чарнагорыі, Італіі, Францыі, Балгарыі, ЗША. Нядаўна адкрыла ўласную студыю жывапісу.

–Не адзін год працавала ўрачом-эпідэміёлагам, цяпер вось пішу карціны. Дарэчы, і доктар, і мастак займаюцца адной справай – лечаць. Толькі ўрач – лякарствамі і словам, а мастак уплывае на душу, пачуцці чалавека, дае тую жыватворную энергію, якой так часам не хапае, – расказвае член творчага саюза прафесійных мастакоў Масквы Алена Зорына.

Таццяне ўсяго 16 гадоў і яе работы, напісаныя ў тэхніцы алейнага жывапісу, уражваюць. Яна пераможца разнастайных расійскіх дзіцячых конкурсаў выяўленчага мастацтва.

– Адна з маіх любімых тэм – дзяцінства. Столькі натхнення, радасці, замілавання на кожным дзіцячым твары, не магу ўтрымацца і не пісаць такое. Яшчэ падабаецца маляваць пейзажы. У вас такія дубы, ліпы, што не ахапіць рукамі. Мы з мамай не толькі паспелі іх «пакласці» на палатно, але і сфатаграфавалі, занатавалі ў памяці, каб потым перадаць у фарбах, – расказвае Таццяна.

Дарэчы, асноўны інструмент у мастакоў Зорыных не пэндзлі, а масціхіны – тонкія стальныя пласціны ў форме нажоў ці лапатак, якія лёгка гнуцца. І па запэўніванні Таццяны і Алены, маляваць імі зручней. Што і прадэманстравалі ў час майстар-класаў, якія правялі ў Баранавічах і Ганцавічах. Плённа папрацавалі і ў Ляхавіцкім раёне. Не адзін дзясятак кіламетраў прайшлі пяшком, любаваліся намаляванымі прыродай краявідамі і паспелі свае ўражанні ад убачанага перанесці на палатно: стварылі 11 карцін, адну з якіх перадалі дырэктару гасціннага дома мастацтваў Валерыю Ясевічу для тутэйшага музея.

А зусім хутка, як запэўніла Алена Зорына, куршынавіцкія пейзажы ўбачаць наведвальнікі выставачных залаў, на творчых кірмашоў у Расіі і Еўропе .

Зорыны – не першыя мастакі, якія экспануюць свае работы ў Куршынавічах. Валерый Ясевіч расказаў, што летась сюды прыязджаў і пісаў карціны, большасць з якіх пакінуў у фондзе музея, мастак з Казахстана Рэнат Елубаеў. Другі год запар праходзіць міжнародная алімпіяда мастацтваў “Куршынале”. Сёлета па тэме “Мая радзіма ці месца, якое мне дарагое” прадстаўлена каля 700 работ удзельнікаў з 9 краін, у тым ліку і з Беларусі. Акрамя выстаў карцін, фотаздымкаў, вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, выступалі спевакі, літаратары, тэатральныя калектывы. Лепшыя ўдастоены дыпломаў.

Гран-пры ў розных намінацыях. У верасні фестываль традыцыйнай культуры і рамёстваў “Зямля сілы. Беларусь” сабярэ мастакоў, скульптараў, музыкантаў, харэографаў, тэатральныя калектывы. Планаў у Валерыя Ясевіча шмат. Напрыклад, стварэнне цэнтра ткацтва (ужо ёсць і сапраўдны ткацкі станок у спраўным стане). У хуткім часе ў Куршынавічах чакаюць удзельнікаў міжнародных фестывалю сучаснага мастацтва “Арт-Адраджэнне” і форуму мастацкай творчасці і рамёстваў “Сад мастацтва”.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Мастачкі з Навасібірска Алена і Таццяна Зорыны.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *