Чым займаецца моладзь у свой вольны час?

З пачатку года дзень пабольшаў прыкладна на гадзіну. Плюсаў у гэтым шмат. У тым ліку і ў плане павелічэння часу для адпачынку, асабліва для моладзі. Чым яго доўгімі зімовымі вечарамі і выхаднымі днямі можна заняць ляхавічанам ад 16 да 30 гадоў?
Так, для большасці юнакоў і дзяўчат – субота найлепшы дзень, каб, як гучыць на маладзёжным слэнгу, “патусавацца”: сустрэцца з сябрамі, абмеркаваць апошнія навінкі ў музыцы, модзе, камп’ютэрным свеце, патанцаваць і проста весела і карысна правесці вольны час. Запытаў і інтарэсаў у маладых шмат. Якасць адпачынку залежыць не толькі ад культуры паводзін, але і ад таго, што прапануюць установы культуры, адукацыі, фізкультурна-аздараўленчыя і спартыўныя комплексы.
Хто і як клапоціцца, каб вольны час маладых прайшоў не толькі весела, але і карысна, каб не ўзнікала жаданне дзеля настрою выпіць чарку-другую спіртнога? У справаздачах можна пачуць, што праводзіцца шмат разнастайных мерапрыемстваў, конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў і г.д.
Звыклая дыскатэка па выхадных і святочных днях у кінатэатры “Кастрычнік” (сюды патанцаваць ці пасядзець у асноўным прыходзяць старшакласнікі гарадскіх школ, за вечар у сярэднім прадаецца ад 150 да 200 білетаў); акупіраванне столікаў у кафэ “Алеся” і “Маладзёжнае” (без піва ці больш моцных спіртных напіткаў тут мала хто адпачывае), якое нярэдка пасля перарастае ў высвятленне адносін не толькі з дапамогай брыдкаслоўя, але і з прымяненнем сілы. А што ўяўляюць іншыя месцы, дзе ёсць магчымасць выплюхнуць уласную энергію гарадской моладзі?
Паспрабуем праверыць на справе. Перш за ўсё звяртаемся ў цэнтр паза-школьнай работы, дзе ў больш чым 100 гуртках займаецца 1210 юных жыхароў Ляхавіччыны. Колькасць рабят ад 16 гадоў складае 5 працэнтаў. Старшакласнікі з задавальненнем наведваюць гурткі “Інтэлектуал”, “Юная ледзі”, “Аэробіка”, “Разьба па дрэве”, “Юны мадэльер”, “Эстрадная песня”, “Народны танец”, “Юны гітарыст”. Заняткі ў гуртках праводзяцца штодзённа (акрамя нядзелі, хаця, магчыма, апошні дзень тыдня варта было б аддаць у распараджэнне менавіта старшакласнікаў) з 15 да 19 гадзін.
Што прапануе моладзі эпіцэнтр здаровага ладу жыцця – дзіцяча-юнацкая спартыўная школа? Спачатку — статыстыка. У секцыях па гандболе, футболе, дзюдо і лёгкай атлетыцы займаюцца 668 юных спартсменаў, з іх 73 — ад 16 і старэйшыя. Хто не наведвае секцыі, можа на платнай аснове пазаймацца на трэнажорах, пагуляць у настольны тэніс, більярд ці папарыцца ў сауне. Зімой папулярны пракат лыжаў (кошт іх невялікі – 680 рублёў за гадзіну). Жадаючых нямала, праўда, пераважная большасць аматараў здаровага ладу жыцця – нашы землякі ва ўзросце ад 40 і старэй. Маладыя не надта імкнуцца да заняткаў спортам ці проста ўмацавання ўласнага здароўя. Чаму? Многія лянуюцца, для некаторых 2020 рублёў за гадзіну заняткаў у трэнажорнай зале ці 6540 рублёў за гульню на більярдзе за такі ж час – сума немалая. Таму і выбіраюць адпачынак з цыгарэтай ці спіртным. Успомнілася нядаўняя размова двух юнакоў гадоў па 19-20. Адзін прапанаваў пайсці пазаймацца ў трэнажорную залу, другі, пачуўшы кошт, эмацыянальна адрэагаваў : “ Лепш за гэтыя грошы піва куплю, ад яго настрой лепшы”…
А калі апошні раз было масавае спартыўнае мерапрыемства для моладзі?
Не сакрэт, што і ачаг культуры – ГДК, які часова размясціўся ў кінатэатры “Кастрычнік”, асабліва не песціць моладзь цікавымі і змястоўнымі праграмамі. З апошніх толькі і ўспомняцца раённы этап фестывалю “Зорка ўзышла над Беларуссю” і навагоднія дыскатэкі.Так, існуюць у раёне маладзёжныя клубы ў ГДК, сацыяльна-педагагічным цэнтры, але збіраюцца яны не часта і кола іх удзель-нікаў абмежавана. У Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы таксама ёсць маладзёжныя аб’яднанні, але толькі для сваіх навучэнцаў.
Паспяхова дзейнічае створаны пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва клуб маладых інвалідаў, дзе нашы землякі з абмежаванымі магчымасцямі не толькі займаюцца карыснымі справамі, але і разам адпачываюць, адпраўляюцца ў цікавыя падарожжы.
А большая частка моладзі вымушана самастойна вырашаць пытанне, чым заняцца ў свабодны ад вучобы ці работы час. А вось вынікі такога неарганізаванага адпачынку, здараецца, вельмі несуцяшальныя не толькі для саміх удзельнікаў вясёлых мерапрыемстваў, але і для тых, хто знаходзіцца побач. Як зрабіць вольны час юнакоў і дзяўчат насычаным, цікавым, разнастайным? Адгукніцеся не толькі зацікаўленыя службы, але і грамадскія маладзёжныя арганізацыі, якім наканавана і мэтай іх стварэння, і статутам займацца арганізацыяй вольнага часу. Справа значная і вырашаць яе павінны разам усе – установы культуры і адукацыі, спорту і турызму, райкам ГА БРСМ, аддзел па справах моладзі райвыканкама, інспекцыі па справах непаўналетніх і многія іншыя, каму неабыякавы лёс моладзі.

Галіна КАНЬКО.

One thought on “Чым займаецца моладзь у свой вольны час?

  • 14/02/2010 в 19:30
    Permalink

    У нашым горадзе тая ж праблема. І, здаецца, людзі свае, і настаўнікі вакол цудоўныя, а адпачыць недзе. Вельмі слушны заклік, спадзяюся кіраўніцтва прыме да свёй увагі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *