Быць. Чалавекам


У радасці чалавек самадастатковы, у мінуты выпрабаванняў, роспачы, болю з гэтым цяжэй – тады і вернік, і атэіст ураўноўваюцца спадзяваннем на міласць Божую, паўтараюць словы самай кароткай малітвы: Госпадзі, уратуй і зберажы. Ад бяды, ад непапраўнай памылкі, ад хваробы, ад несправядлівасці. Ды і ў радасці гучыць прывычнае: дзякуй, Божа!
Купалы храмаў, маўклівыя лікі ікон, такі зразумелы голас званоў… Яны здольныя даць яснасць пасля доўгіх сумненняў, адказ на закавырыста пастаўленае жыццём пытанне, спакой пасля трывогі, прымірэнне пасля варожасці, дараванне пасля непрымірымасці. Як цяжка бывае зрабіць адзіны крок – насуперак гордасці (тут больш трапна гучала б – гардыні, але ў беларускай мове такога слова няма). Не ўкрадзі, не пажадай…, не ўпадай у тугу… –  біблейскія запаведзі, па сутнасці, як маральны кодэкс, на ўсе часы.
Шлях да храма ў кожнага свой, і не важна – вузкая гэта сцяжынка ці адпаліраваная тысячамі ног і  колаў дарога. Канчатковым пунктам прызначэння з’яўляецца душэўна-духоўнае ўдасканаленне, датыкненне да асвечанага лампадай веры, сонцам абсалютнай любві. Ваты, вольты і амперы лічыць не будзем, таму што сіла і напал гэтых самых любві, веры і надзеі бязмежныя.
Зямля беларуская, характар славянскі, слаўныя традыцыі праваслаўныя. Каардынаты аднаго з адрасоў у тэму – падлескія. Стала вёска аграгарадком, а сцены старой царквы тутэйшай упіталі малітвы, якія ўзносілі падляшане і стагоддзе, і два назад. Памятаюць яны і голас хлопчыка Рамана Шахмуця, якому наканавана было праз страшэнныя выпрабаванні і пакуты прайсці, прайсці годна. Быць і заставацца чалавекам. І стаць святым Серафімам. Сёлета мы ўшаноўваем 115-годдзе з дня яго нараджэння і 70-годдзе з дня пакутніцкай смерці. У ліпені ў Падлескай Святадухаўскай царкве адбыліся боская літургія і хрэсны ход вакол храма, у якіх прыняў удзел архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцефан. У той жа дзень у Ляхавічах выстаўлялася для пакланення Жыровіцкая ікона Божай Маці. Гавораць, што яна ўпершыню была вывезена з Жыровіцкага манастыра. А 6 верасня праваслаўныя ўшаноўваюць памяць святога Серафіма Жыровіцкага. На малой радзіме Рамана Шахмуця – на Ляхавіччыне – гэта асаблівы дзень.
Многія без перабольшвання знакавыя падзеі сённяшняга  праваслаўнага жыцця раёна сталі магчымымі дзякуючы канкрэтнаму чалавеку – благачыннаму цэркваў Ляхавіцкай акругі Георгію Жытко. У праваслаўную веру ён прыйшоў аднойчы і назаўсёды, з ёю ён нарадзіўся, рос, сталеў. Яна – яго сіла, адданасць, перакананне, жыццё. Наш зямляк. Чалавек не проста нераўнадушны –  вельмі людскі і рашучы,  добразычлівы і адначасова строгі, перш за ўсё, да сябе.  Інтэлектуальны і эрудзіраваны. У горы і ў радасці ён з прыхаджанамі. Навуковец-тэолаг, настаяцель праваслаўнага храма, бацюшка, патрыёт, які шануе карані свае і гісторыю роднай зямлі, – пра Георгія Канстанцінавіча, айца Георгія можна гаварыць шмат, настолькі ён цікавая і ўсебаковая асоба. А як шмат могуць расказаць пра яго і не толькі словамі, а сваім стаўленнем да жыцця малодшыя Жытко. Сын Серафім закончыў Мінскую духоўную акадэмію, у “ЛВ” часта друкуюцца яго артыкулы. Дачка Лісавета – выкладчыца школы мастацтваў,  студэнтка-завочніца – радуе ўсіх, хто яе ведае, з кім даводзіцца мець стасункі, сваёй шчырасцю і дабрынёй, тактоўнасцю і светлай прыгажосцю, уласцівай светлым людзям. А яшчэ сілай волі (уразіла прыёмную камісію падчас уступных экзаменаў у педуніверсітэт – з загіпсаванай рукой выдатна выканала музычны твор на фартэпіяна). Калі хочаце ўбачыць малодшага – Мікалая, то падчас службы ён заўсёды ў храме. Татаў памочнік, мамін памочнік. А матушка Святлана – рэгент. Царкоўным хорам, дарэчы, дапамагае ёй кіраваць Лісавета.
Аўтарытэт айца Георгія –  ужо даўно не толькі яго асабістая справа: служыць Богу і людзям – асобае прызначэнне. Сапраўды, ён заўсёды побач – з мудрай парадай, добрым словам, блаславеннем. Дзеткі, якіх хрысціў Георгій Жытко ў першы год службы ў ляхавіцкім храме, ужо дваццацігадовыя. Дрэўцы, пасаджаныя за час яго благачыння ў акрузе ля цэркваў, набраліся сілы і цягнуцца да сонца. Храмы папрыгажэлі, таму што ўтрымліваюцца ў парадку. І ўсё больш людзей крочыць па той сцяжынцы-дарозе жыцця, што вядзе да веры.
…На хлебным полі, у час праводзін прызыўнікоў у войска, на выпускным балі, занятках нядзельнай школы, у бібліятэцы, на сустрэчы з навучэнцамі аграрнага каледжа, на асвячэнні наваселляў – ён заўсёды разам з землякамі. Засведчваю, калі сёлета
3 ліпеня на плошчы Перамогі ў Ляхавічах сярод прозвішчаў тых, хто ўдастоены звання “Чалавек года”, прагучала Георгій Жытко, – апладысменты сталі прызнаннем шчырай павагі да гэтага чалавека.
Вольга БАРАДЗІНА.

Святы Серафім Жыровіцкі.

«Чалавек года» – айцец Георгій.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *