У маёй вёсачцы – мой лёс

На тэрыторыі Востраўскага сельсавета ёсць невялікая вёсачка  Рагачы, адметная сваёй непаўторнасцю, самабытнасцю, прыгожай біяграфіяй.  А жывуць тут у асноўным людзі пажылыя, якія цесна звязаны з лёсам роднай зямлі, дзе яны працавалі ўсё сваё свядомае жыццё. І менавіта ім надзвычайна прыемна адзначаць свята ў гонар роднага куточка.

Тут няма клубнай установы, працуе толькі крама. Ужо стала традыцыяй для Востраўскага цэнтра культуры і вольнага часу рыхтаваць і праводзіць свята вёскі для сваіх суседзяў. Вось і зноў на свята вёскі Рагачы сабраліся ўсе яе жыхары і госці.

Мой родны кут, радзімая зямліца,
Цябе нікому не адняць.
Як мне табой не ганарыцца,
Цябе, як сонца, не вітаць?
Тут столькі жыта перажата,
Тут столькі здзейснілася мар,
Што шум лясоў і звон крынічны
Прымаеш, як бацькоўскі дар!

З гэтага верша пачалося свята, адкрыў якое старшыня сельвыканкама Уладзімір Тадра. Шаноўнымі гасцямі былі старэйшыя жыхары вёскі  Іосіф Лешык, Марыя Зубік, Таццяна Аврамава. Побач з людзьмі шаноўнага ўзросту – бацькі самых маленькіх рагачоўцаў Сяргей і Вольга Івановы, Анатолій і Наталля Ламанос. Нараджэнне дзяцей — вельмі значная падзея для вёскі, яе аптымістычная перспектыва. А бацькі паклапоцяцца пра тое, каб нішто не магло азмрочыць радасць дзіцячую, першых, самастойных крокаў і пазнання навакольнага свету. Няхай у гэтых сем’ях заўсёды будзе лад і багацце, павага і пяшчота.

Ад усёй душы віншавалі ў гэты дзень і юбіляраў гэтага года.
Прыгажосць тут заўжды гаспадарыць
І парадак заведзены свой,
Тут магу ў адзіноце я марыць,
Адшукаўшы для сэрца спакой.

Кожны жыхар вёскі Рагачы можа так сказаць пра свае сядзібы. Усе імкнуцца зрабіць  двары ўтульнымі і прыгожымі. Самымі лепшымі сёння прызнаны двары Таццяны Рафалік, Алены Гаварушка, Мікалая Гібежа. Яны ўзнагароджаны дыпломамі.

Стараста вёскі Ганна Ламанос назвала прозвішчы гаспадароў, якія заўсёды падтрымліваюць парадак. Граматы за гэта ўручаны Вользе Кавальчык, Марыі Гаўрыльчык, Міхаілу Зубіку, Алене Чаранкевіч, Таццяне Ламанос, Юрыю Бабку.

А каб свята сапраўды было вясёлым і радасным, пастараліся самадзейныя артысты Востраўскага цэнтра культуры і вольнага часу: аўтар і выканаўца сваіх песень Ірына Войцік, салісты Раіса Петрашэвіч, Наталля Петухова, Артур Малышка, Валянціна Гаўрыльчык, Серафіма Караткова, Ігар Котаў.

Шчырая наша ўдзячнасць за  дапамогу ў арганізацыі свята старшыні сельвыканкама Уладзіміру Тадру, старасце вёскі Ганне Ламанос, жыхару вёскі Востраў Аляксандру Гаўрыльчыку. Былі кветкі, песні і радасць ад сустрэчы з цікавымі таленавітымі мясцовымі людзьмі. Была падзяка за добрыя справы, за працоўныя рукі, якія не ведалі і не ведаюць адпачынку.

Паклон вам нізкі, землякі,
Дабра і шчасця на вякі!
Будзьце шчаслівымі пад мірным небам! І няхай жыве ў шчаслівай долі ваша вёсачка Рагачы!

Валянціна ГОЎША,
дырэктар Востраўскага цэнтра культуры і вольнага часу

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *