Кніга. Свята. Рагачоў

Штогод у першую нядзелю верасня ў нашай  краіне адзначаецца Дзень беларускага пісьменства.  Сёлета свята прымаў Рагачоў. Прывітанне ўдзельнікам і гасцям урачыстасцяў накіраваў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.

Святочная праграма налічвала каля 100 мерапрыемстваў. У горадзе працавалі тэматычныя павільёны і выстаўкі, прысвечаныя 75-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна, 95-годдзю з дня нараджэння Івана Мележа, 120-годдзю з дня нараджэння Кандрата Крапівы, 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Нацыянальная бібліятэка Беларусі пазнаёміла гасцей з экспазіцыяй «500 гадоў беларускага кнігадрукавання», у цэнтры якой унікальныя прыклады беларускага кнігадрукавання XVII-XX стагоддзяў. Адбыліся фестываль кнігі і прэсы. У Дні беларускага пісьменства прымалі ўдзел прадстаўнікі дыпмісій, акрэдытаваных у Беларусі, дэлегацыі беларускіх дыяспар з 19 краін блізкага і далёкага замежжа, пісьменнікі і літаратары Беларусі і іншых краін.

Правядзенне Дня беларускага пісьменства ў Рагачове – падарунак мясцовым жыхарам, які застанецца з імі на доўгія гады. Такое меркаванне выказала віцэ-прэм’ер Наталля Качанава, якая 4 верасня прымала ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця фестывалю.

Наталля Качанава адзначыла, што ў час падрыхтоўкі да свята райцэнтр змяніўся да непазнавальнасці, тут абноўлены важныя сацыяльныя і культурныя аб’екты. «Свята завершыцца, а горад застанецца на доўгія гады такім чыстым, прыгожым. Вядома, пасля свята толькі ад намаганняў і старанняў мясцовых жыхароў будзе залежаць, як будзе захавана гэта ўтульнасць, усё ў іх руках», – дадала віцэ-прэм’ер.

Міністр інфармацыі Лілія Ананіч падкрэсліла, што Дзень беларускага пісьменства – гэта магчымасць дзяржавы выказаць удзячнасць пісьменнікам, вучоным, літаратарам і ўсім, хто мае дачыненне да гэтага працэсу, за захаванне роднага слова.

На галоўнай сцэне прайшла цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі па сямі намінацыях. Адкрываючы цырымонію ўзнагароджання, міністр інфармацыі Лілія Ананіч адзначыла: «Штогод у Беларусі выдаецца звыш 11 тысяч найменняў кніг. У магазіны і бібліятэкі краіны паступае 33 мільёны экзэмпляраў. Я ўпэўнена, што лепшыя творы літаратурнай прэміі знойдуць сваіх чытачоў».

У сваю чаргу старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец сказаў, што з кожным годам Дзень беларускага пісьменства становіцца ўсё больш папулярным і збірае яшчэ больш гасцей, у тым ліку з-за мяжы, а гэта значыць, што беларускае слова, літаратура атрымліваюць прызнанне і павагу ў сучасным свеце.

У намінацыі «Лепшы твор прозы» лаўрэатам сёлета пры-знаны Аляксандр Марціновіч за зборнік гістарычных апавяданняў «Цяпло колішніх вогнішчаў», а ў намінацыі «Лепшы твор паэзіі» – Мар’ян Дукса за кнігу «Птушка вечнасці – Душа». У намінацыі «Лепшы твор публіцыстыкі» прэмія прысуджана пісьменніку-гісторыку Мікалаю Барысенку за кнігу «Рэха «Вялікай вайны» ва Усходняй Беларусі (1914-1918)». Названы і лепшы дзіцячы аўтар. У намінацыі «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва» прэмія прысуджана Сяргею Давідовічу за кнігі «Дзедава жалейка», «Баявая нічыя», «Залаты буліт». Навуковае выданне «Беларускі імпрэсіянізм» Таццяны Мацюхінай атрымала перамогу ў намінацыі «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства». Таксама ўладальнікам другой Нацыянальнай літаратурнай прэміі стаў Сяргей Клімковіч у намінацыі «Лепшы дэбют» за кнігу «Таямніца кватэры  нумар 8» у чатырох тамах.

Закрываючы цырымонію, лепшы дзіцячы аўтар Сяргей Давідовіч адзначыў, што ў Беларусі дзяржава надае вялікую ўвагу кнізе. Гэта акрыляе літаратараў і пашырае іх аўдыторыю. А Дзень беларускага пісьменства – яркае сведчанне таго, што Беларусь жыве «не хлебам адзіным».

У наступным годзе свята пройдзе на радзіме Францыска Скарыны ў старажытным Полацку.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *