Мілая сэрцам Таццяна Іванаўна

Таццяна Глазоўская.

Адказная, уважлівая, клапатлівая, неабыякавая, прафесіянал, з ёй вельмі пашанцавала – так характарызуе  сястру міласэрнасці Таццяну Глазоўскую  старшыня  раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа  Жанна  Лешык. Другі  месяц  Таццяна Іванаўна на новай для нашага раёна пасадзе (права яе  займаць атрымала выйграўшы конкурс, які праводзіла ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  райвыканкама).   І колькі слоў удзячнасці гучыць у яе адрас ад падапечных.

– Пасля таго, як выйшла на пенсію (больш за чвэрць стагоддзя працавала ў хірургічным аддзяленні райбальніцы, пераважна аперацыйнай, у тым ліку старшай, медсястрой), перарабіла ўсе справы дома і на дачы, стала сумаваць па рабоце. І тут якраз на вочы трапіла аб’ява ў раёнцы пра конкурс на пасаду сястры міласэрнасці. Вырашыла паўдзельнічаць і вось зноў працую, – расказвае Таццяна Іванаўна.

Абавязковай умовай для ўдзелу ў конкурсе была наяўнасць у прэтэндэнтаў сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыі і кваліфікацыйнай катэгорыі медсястры, іншыя акалічнасці. Усім патрабаванням, як ніхто іншы, адпавядала Таццяна Іванаўна з яе вышэйшай медсястрынскай катэгорыяй.

Пяшком, на веласіпедзе, на гарадскім аўтобусе (двухколы і транспартныя расходы – за кошт Чырвонага Крыжа) штодня яна спяшаецца да сваіх падапечных. Іх адзінаццаць. У адзін з такіх дзён спадарожнікам сястры міласэрнасці стаў карэспандэнт раёнкі. Па дарозе Таццяна Іванаўна расказала пра сваю новую, але ў многім такую знаёмую работу:

– Трэба паспець аказаць не толькі медыцынскую дапамогу: зрабіць ін’екцыі па назначэнні ўрача, памераць ціск, перавязаць (калі трэба). А яшчэ прыбіраю ў доме, наводжу парадак у двары, аплачваю камунальныя паслугі. У магазін за пакупкамі, у аптэку за лякарствамі, да ўрача за рэцэптамі і новымі назначэннямі – таксама мая справа. Пры неабходнасці суправаджаю падапечных у паездках.

Таццяна Глазоўская ўмее паклапаціцца аб камфорце пажылых людзей. Яны яе чакаюць, бы родную, як, напрыклад, у доме ляхавічан Дарэўскіх. 79-гадоваму гаспадару, інваліду І групы трэба абавязкова памераць ціск.

–125 на 75 – хоць у космас вас адпраўляй. Сёння Іосіф Мікалаевіч малайцом! – падбадзёрвае Таццяна Іванаўна пажылога мужчыну, які перанёс інсульт.

– Дзякуй Іванаўне за яе дабрыню, спагаду. Дай Бог ёй моцнага здароўя. Вельмі рады, што ў нас ёсць такая памочніца, – гаворыць гаспадыня Алена Максімаўна.

У Дарэўскіх у двары і ў доме парадак, чысціня. Таццяна Глазоўская падкрэслівае, што амаль кожны тыдзень прыязджаюць да бацькоў дзеці з сем’ямі з Мінска – клапоцяцца, дапамагаюць.

– Дочкі вельмі пра нас непакояцца, тэлефануюць на дзень па некалькі разоў, просяць, каб пераехалі жыць да іх. Але мы не хочам, дома і сцены лечаць, усіх ведаем, суседзі часта заходзяць, і тут Таццяна Іванаўна наша, – гаворыць на развітанне Алена Максімаўна.

Некаторым з падапечных трэба двойчы-тройчы на дзень рабіць уколы ці ставіць кропельніцы. Таццяна Іванаўна паспявае, ёй гэта не ў цяжар. Душэўнасць сястры міласэрнасці заслугоўвае павагі. Даглядаць за чужым чалавекам, мяняць памперсы, апрацоўваць пролежні возьмецца не кожны.

– Фізічна не цяжка. У хірургіі і не такіх хворых падымалі на ногі, іншы раз у прамым сэнсе. Цяжэй бачыць пакуты. Таму стараешся, наколькі магчыма, аблегчыць чужы боль, асабліва, калі да ўсяго чалавек пакутуе ад адзіноцтва, – гаворыць Таццяна Глазоўская.

Наступны адрас – на вуліцы Савецкай. Перш чым пачаць перавязку, цікавіцца ў гаспадара Леаніда Антонавіча, інваліда І групы, як ён сябе адчувае. Хутка апранае белы халат, медыцынскую шапачку, пальчаткі –  усё павінна быць стэрыльна – і прафесійна робіць перавязку, папярэдне апрацаваўшы рану. Потым уважліва аглядаецца, што неабходна зрабіць ў доме. Хаця і так за некалькі тыдняў навяла тут парадак: у гаспадара сям’і няма, са сваякамі адносіны не вельмі склаліся, таму на дапамогу сястры міласэрнасці ўся надзея. Таццяна Іванаўна ўжо ачысціла ад пустазелля двор, хутка збіраецца ўзяцца за афарбоўку столі ў хаце, якая даўно патрабуе рамонту.

Наступныя падапечныя Глазоўскай жывуць на вуліцы Арлоўскага. Дабірацца на веласіпедзе да іх хутчэй. І Таццяна Іванаўна адпраўляецца на прывычны «велапрабег»…

Сястра міласэрнасці для нашага раёна – пасада новая. Але надзвычай патрэбная. Сродкі на выплату заработнай платы выдаткоўваюцца з мясцовага бюджэту, халатам, верхнім адзеннем для яе, прадметамі гігіены і медпрэпаратамі для догляду за хворымі і іншым забяспечвае Чырвоны Крыж. Для падапечных Глазоўскай усе медыцынскія і сацыяльныя паслугі бясплатныя.

Трапіць пад такі патранаж змаглі ляхавічане – інваліды І ці ІІ груп, старэйшыя за 60 гадоў, адзінокапражываючыя, у абавязковым парадку па рэкамендацыі ўрачоў (у райбальніцы на такіх хворых аформлены спецыяльныя медкарты). Як і прэтэндэнтаў на вакансію сястры міласэрнасці, яе пацыентаў спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа, выбіралі ў цесным кантакце з медыкамі.

Калі такая інавацыя добра сябе зарэкамендуе, то ў наступным годзе будзе аб’яўлены чарговы конкурс на гэту пасаду.

Галіна КАНЬКО.

Фота аўтара.

У сям’і Дарэўскіх Таццяна Іванаўна дапамагае абодвум гаспадарам: Іосіфу Мікалаевічу і Алене Максімаўне.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *