Проста малайцы!

У мінулую сераду на палявым стане  аграцэха «Адахаўшчына» ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», акрамя галоўных дзеючых асоб — камбайнераў, былі і госці. Апошнія прыехалі, каб павіншаваць з працоўнай перамогай — першай тысячай тон намалочанага зерня — экіпаж камбайна КЗС-1218  у складзе старшага камбайнера Андрэя Юруця і  камбайнера Міхаіла Дзядовіча.

Прама ў полі са словамі віншавання да маладых хлебаробаў звярнуўся старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук, які падзякаваў  за  адданую працу, пажадаў   яшчэ больш важкіх вытворчых дасягненняў і поспехаў.

Для старшага камбайнера Андрэя Юруця  статус першага ў раёне тысячніка — не ў навіну, атрымлівае яго трэці год запар. Яго напарнік, нягледзячы на малады ўзрост, на жніве таксама далёка не навічок.

З падарункамі на поле да перадавога экіпажа завіталі таксама намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Варажун і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Вайцешык.

Песнямі падзякавалі за выдатную працу, пажадалі поспехаў героям жніва і самадзейныя артысты з Адахаўшчынскага Дома сацыяльных паслуг. А хлеб-соль  перадавому экіпажу ўручыла жонка старшага камбайнера — Алеся Юруць.

У пятніцу з першай тысячай намалочага зерня сёлетняга ўраджаю віталі сямейны экіпаж у складзе Дзмітрыя і Наталлі Петух з СВК «Шлях новы».

5 жніўня яшчэ адзін экіпаж «Шляху новага» у складзе Аляксея Кумейшы і Міхаіла Несцяровіча перасягнуў тысячны рубеж у намалоце зерня.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *