“Інтэрлак” – гэта надзейна

Дырэктар Генадзій Крываруцкі.

Уладкавацца на работу на ТАА “Бляшаначны завод “Інтэрлак” мараць многія. Але для гэтага проста наяўнасці вакансіі на прадпрыемстве недастаткова. Неабходна быць прафесіяналам сваёй справы, адказным і дысцыплінаваным чалавекам, акрамя гэтага для некаторых прафесій патрабуецца валоданне камп’ютарнымі тэхналогіямі, выключная дакладнасць і ўважлівасць. Наогул, калектыў тут стабільны, зладжаны, кожны даражыць сваім месцам і ганарыцца тым, што працуе іменна на гэтым прадпрыемстве. Узначальвае “Інтэрлак” граматны кіраўнік, прафесіянал з вялікім стажам. У свой час Генадзій Крываруцкі закончыў машынабудаўнічы тэхнікум, пасля – Беларускую політэхнічную акадэмію, атрымаў дыплом інжынера-механіка. Працаваў спачатку на Харкаўскім, пасля на Мінскім трактарных заводах. Той вопыт вельмі спатрэбіўся, калі стаў адным з заснавальнікаў прадпрыемства новага пакалення – завода “Інтэрлак”.

Было гэта 15 гадоў   назад, калі перапрацоўчай прамысловасці краіны спатрэбіліся металічныя ўпаковачныя бляшанкі (для расфасоўкі тушонак, дзіцячага харчавання і г.д.). Выкупілі прыдатнае памяшканне, паставілі абсталяванне, асвоілі тэхналогію вытворчасці – і прадпрыемства запрацавала. Як сёння ўспамінае дырэктар Генадзій Крываруцкі, першыя крокі былі няўпэўненыя, сустракалася шмат праблем, кіраўніку даводзілася быць і эканамістам, і менеджарам, і забеспячэнцам – спраўляўся. Тым не менш, гэта быў удалы пачатак: своечасова зарыентаваліся, сфарміравалі надзейны касцяк калектыву, у некаторых момантах не пабаяліся рызыкнуць. І сёння “Інтэрлак” трывала заняў сваё месца на рынку, дынамічна развіваецца, паспяхова вытрымлівае канкурэнцыю.

На прадпрыемстве наладжаны замкнуты цыкл вытворчасці. Што датычыць паставак сыравіны (а гэта бляха), то працэс дакладна адрэгуляваны: яна па раскладзе прыбывае з Расіі, Казахстана, Сербіі, закупляюцца лакі, ушчыльняльнікі, пасты, фарбы. На высокатэхналагічным абсталяванні бляху лакіруюць, наносяць малюнак, рэжуць. Канчатковы вынік – зручныя і прыгожыя ўпаковачныя бляшанкі для мяса-малочнай, рыбнай, плодаагародніннай прадукцыі, запатрабаваныя на прадпрыемствах нашай рэспублікі, у Прыбалтыцы,  Малдове, Арменіі, Расіі.

Спецыфіка вытворчасці патрабуе стварэння спрыяльных умоў. Дзе шумна, там работнікі працуюць у навушніках, яшчэ адна мера бяспекі – ахоўныя акуляры. Усе забяспечаны спецадзеннем, рукавіцамі, магутныя выцяжкі гарантуюць чыстае паветра ў цэхах, кожнае рабочае месца доб-ра асветлена, санітарныя нормы захоўваюцца паўсюдна. Асобая ўвага бытавым умовам. Гардэробныя пакоі, санвузлы і душавыя – калі ласка, пакой для прыёму ежы абсталяваны мэбляй, бытавой тэхнікай (ёсць халадзільнік, мікрахвалёўка, чайнікі). Добраўпарадкавана і тэрыторыя завода.

Поўны сацпакет, які гарантаваны кожнаму работніку, прадугледжвае матэрыяльную дапамогу на аздараўленне, частковую аплату кошту пуцёўкі ў здраўніцу і іншае. Клапоціцца прадпрыемства пра падрыхтоўку і перападрыхтоўку кадраў на базе БарДУ,  іншых навучальных устаноў Брэстчыны. Ні адзін навічок не быў дапушчаны да работы, пакуль не прайшоў курс па тэхніцы бяспекі, захаванні правіл супрацьпажарнай бяспекі. Не дзеля паказу ў справаздачах, а як норма быцця. Нездарма ТАА “Бляшаначны завод “Інтэрлак” стала пераможцам раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы. Сёлета прадпрыемства заняло ганаровае месца на раённай Галерэі славы.

Заваяваць рэпутацыю надзейнага дзелавога партнёра не проста, яшчэ больш складана – утрымаць узятую высокую планку. Для гэтага недастаткова проста добра працаваць, трэба ісці далей у сваім развіцці, укараняць у вытворчасць навейшыя тэхналогіі, праводзіць мадэрнізацыю і абнаўленне тэхналагічнага абсталявання. Менавіта гэта дазволіць пашырыць вытворчасць, а значыць стварыць да 90 існуючых дадатковыя рабочыя месцы і даць магчымасць сваім працаўнікам атрымаць стабільную і дастойную зарплату, павялічыць выпуск прадукцыі, асвоіць новыя рынкі збыту. Гэта не проста, прызнаецца Генадзій Леанідавіч і дадае:

– Усё спадзяванне на калектыў. А ён у нас надзейны, мэтанакіраваны. Ёсць людзі, якія працуюць з пачатку арганізацыі вытворчасці, ёсць маладыя работнікі. Усе яны нераўнадушныя да справы, якой займаюцца, да свайго завода. А адказнасць і надзейнасць –  галоўнае, як на вытворчасці, так і ў жыцці…

Дырэктар называе імёны лепшых работнікаў. Сярод іх інжынер-механік Дзмітрый Ганчарык, галоўны бухгалтар Таццяна Паморцава, наладчыкі Сяргей Паўлоўскі, Алег Дзедавец, станочніца Іна Мамановіч, аператар Віктар Паплаўскі, упакоўшчыцы Надзея Лапіч, Вольга Кірыковіч, рэзчык Максім Шаўчук. Як зазначае Генадзій Крываруцкі, кожны работнік “Інтэрлака” варты таго, каб пра яго сказалі: добры спецыяліст, на кожнага можна спадзявацца. З такім калектывам – любыя задумкі і планы па сілах.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Станочніцы Вольга Кірыковіч і Валянціна Сапега.

Аператары Наталля Пальчык, Вольга Скрыцкая, Вікторыя Чарнэцкая.

Бухгалтар Тамара Несвіт, майстар вытворчага ўчастка Мікалай Сакалоўскі, загадчыца склада Вераніка Лешык.

Аператар Расціслаў Каваленка, станочнікі Міхаіл Коктыш, Аляксандр Чарнэцкі.

Рэзчык металу Аляксандр Паўлаў.

Аператар Іван Цуба, наладчык Ігар Дзедавец.

One thought on ““Інтэрлак” – гэта надзейна

  • 13/09/2016 в 15:27
    Permalink

    Даже не догадывалась, что покупаю тушёнку в «одёжке» нашего местного предприятия. Приятно.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *