Прафілактыка можа многае

Пракуратура раёна ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржорганамі ў першым паўгоддзі 2016 года ажыццявіла комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на ўмацаванне законнасці і правапарадку, нармалізацыю крымінагеннай сітуацыі, павышэнне ўзроўню прафілактычнай работы, абарону правоў і законных інтарэсаў людзей, грамадства і дзяржавы.

Разам з тым, за 6 месяцаў на тэрыторыі раёна зарэгістраваны  108 злачынстваў – на 13 больш, чым за такі ж перыяд  летась. У асноўным рост адбыўся з-за павелічэння колькасці крадзяжоў  (з 39 да 53), махлярства (з 1 да 5 выпадкаў). Зарэгістравана 2 выпадкі прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў (у першым паўгоддзі летась – 1).

Не дапушчана росту злачыннасці сярод непаўналетніх, а таксама злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення, групай асоб, раней судзімымі грамадзянамі.

Кожнае чацвёртае злачынства – на рахунку асоб у нецвярозым стане. Тое ж – і кожны другі крадзёж. Прычым значную долю ў структуры гэтага віда злачынстваў складаюць крадзяжы з гаспадарчых пабудоў прыватных домаўладанняў, дачных дамоў і ўчасткаў.

З мэтай стабілізацыі крымінагеннай абстаноўкі, ацэнкі эфектыўнасці работы пракуратура праводзіла праверкі ў сельвыканкамах, РАУС. Былі выяўлены парушэнні патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”. Па выніках праверак вынесена 3 прадстаўленні, у якіх не толькі пастаўлены пытанні аб адказнасці, але і прапанаваны меры арганізацыйнага і інфармацыйнага характару.

Пракуратура шырока выкарыстоўвае такую форму абароны інтарэсаў грамадзян, арганізацый і прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці, дзяржавы, як зварот з іскавай заявай у суд. За справаздачны перыяд пракурор накіраваў у суд 18 іскавых заяў на агульную суму больш за 71000 рублёў. Некаторыя з іх – у сувязі з паступленнем адпаведных хадайніцтваў ад кіраўнікоў прадпрыемстваў. У той жа час наяўнасць значнай пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці, выяўленне фактаў урону, нанесенага прадпрыемствам дзеяннямі работнікаў, нядбайнасці ў афармленні і захоўванні дакументаў сведчаць, што кіраўнікі, юрыдычныя і бухгалтарскія службы прадпрыемстваў у пытаннях арганізацыі прэтэнзійна-іскавай дзейнасці і своечасовасці спагнання нанесенага ўрону не дапрацоўваюць.

Адзін з ключавых накірункаў пракурорскай дзейнасці – нагляд за выкананнем заканадаўства. Праведзена 24 праверкі выканання заканадаўства дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі, суб’ектамі гаспадарання. Яны паказалі, што ўсё яшчэ дапускаюцца парушэнні патрабаванняў антыкарупцыйнага і працоўнага заканадаўства, заканадаўства, накіраванага на захаванне ўласнасці, іншага.

Пракуратура правяла аналіз выканання патрабаванняў Дырэктывы №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” і заканадаўства аб ахове ўласнасці суб’ектамі гаспадарання аграпрамысловага комплексу раёна ў перыяд веснавых палявых работ. Крытэрыямі ацэнкі работы кіраўнікоў усіх узроўняў з’яўляюцца паказчыкі стану працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, бяспекі працы ў арганізацыях, якія яны ўзначальваюць. Дырэктывай устаноўлена безумоўнае прыцягненне работнікаў да дысцыплінарнай адказнасці –  аж да звальнення – за з’яўленне на працы ў стане ап’янення, за распіццё спіртных напіткаў у рабочы час або на працоўным месцы.

У лютым-красавіку выяўлены 5 выпадкаў знаходжання работнікаў на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення, 4 выпадкі – дробных крадзяжоў маёмасці арганізацый АПК. У той жа час толькі па патрабаванні пракуратуры гэтыя асобы былі прыцягнуты наймальнікамі да дысцыплінарнай адказнасці.

У некаторых сельгаспрадпрыемствах гэтыя патрабаванні належным чынам не выконваюцца. Так, праверка работнікаў на прадмет ужывання імі алкаголю ажыццяўлялася ў шэрагу выпадкаў прыборамі, якія не прайшлі ўстаноўленую парадкам паверку.

У ходзе праведзеных пракуратурай раёна праверак выканання заканадаўства аб дзяржаўных закупках таксама ўстаноўлены парушэнні. У прыватнасці, што тычыцца паўнаты і правільнасці размяшчэння неабходнай інфармацыі на афіцыйных сайтах ў інтэрнэце.

Па-ранейшаму найбольш распаўсюджаным парушэннем антыкарупцыйнага заканадаўства з’яўляецца адлюстраванне недакладных звестак у табелях уліку працоўнага часу. Былі выяўлены выпадкі выезду работнікаў дзяржустаноў і сельгасарганізацый за межы краіны ў працоўны час.

Па выніках праведзеных у першым паўгоддзі праверак пракуратура раёна ўнесла  14 прадстаўленняў аб ухіленні парушэнняў заканадаўства, прычын і ўмоў, якія ім садзейнічаюць. Вынесены 16 прадпісанняў, прынесены 23 пратэсты на прынятыя супрацьзаконныя акты. Пра недапушчэнне паўторнага парушэння заканадаўства афіцыйна папярэджаны 44 асобы. Па актах пракурора 6 юрыдычных і 11 фі-зічных асоб прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, 30 – да дысцыплінарнай. Да матэрыяльнай адказнасці на агульную суму больш за 2100 рублёў прыцягнуты 16 асоб.

Сяргей ДЗЯЖКО,

пракурор раёна, саветнік юстыцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *