Вотум давер’я

11 верасня краіна выбірала дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. Па даных Цэнтрвыбаркама, выбары адбыліся ва ўсіх 110 акругах. Яўка выбаршчыкаў склала 74,8 працэнта.

Па даных на 16 гадзін стала вядома, што па ўсіх 16 акругах Брэстчыны пераадолены неабходны 50-працэнтны парог яўкі выбаршчыкаў. На гэты час у парламенцкіх выбарах прынялі ўдзел 593088 жыхароў вобласці – 59,8 працэнта ад агульнай колькасці ўнесеных у спісы для галасавання. Максімальную яўку, па інфармацыі абласной выбарчай камісіі, прадэманстравала Баранавіцкая сельская выбарчая акруга № 7 (у яе склад уваходзяць Баранавіцкі, Ляхавіцкі і частка Ганцавіцкага раёна): па даных на 16 гадзін тут прагаласавалі ўжо 68,9 працэнта выбаршчыкаў.

Пазней стала вядома, што ўсяго па Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе № 7 падчас датэрміновага галасавання і 11 верасня сваё волевыяўленне выказалі 89,96 працэнта ад унесеных у спісы 62645 выбаршчыкаў.

У Брэсцкай вобласці на выбарах прагаласавалі 77,53 працэнта выбаршчыкаў з 995304.

Калі карэспандэнты “ЛВ” працавалі на выбарчых участках, гэтыя лічбы, зразумела, яшчэ не былі вядомы. Затое добра адчувалася агульная атмасфера галоўнага этапу важнай палітычнай кампаніі: традыцыйна святочная, урачыстая, спакойна-дзелавая.

Першыя жадаючыя выказаць сваё волевыяўленне ўжо прыйшлі задоўга да адкрыцця Ляхавіцкага-Ленінскага ўчастка № 35. Але расклад ёсць расклад,  прыйшлося дачакацца 8 гадзін раніцы.  Соф’я Дзянішчык першай апусціла запоўнены бюлетэнь у урну для галасавання і атрымала ад камісіі сувенір. Літаральна за 20 хвілін на ўчастак прыйшлі каля 10 чалавек.

–Выбары – заўсёды свята. А сёння яшчэ і цудоўнае надвор’е, таму і настрой добры. Са сваім выбарам вызначылася, як толькі даведалася, хто з кандыдатаў  прэтэндуе на месца ў парламенце, – зазначыла Марыя Пабягайла.

Старшыня камісіі Людміла Юнік расказала, што  з 1532 выбаршчыкаў, унесеных у спісы для галасавання 28,5 працэнта прагаласавалі датэрмінова. На ўчастку акрэдытавана 5 унутраных наглядальнікаў. Неаднойчы сюды наведваліся і міжнародныя – ад БДІПЧ АБСЕ, якія  сачылі за ходам падрыхтоўкі да галасавання, за датэрміновым галасаваннем, а таксама прысутнічалі на падліку галасоў.

Людзі ўсё ішлі: паасобку, сем’ямі, з суседзямі і сябрамі. Ляхавічанін  Леанід Пілінога цвёрда перакананы, што прагаласаваць павінен кожны:

–Аддаеш свой голас – выбіраеш будучыню. Лічу, мы жывём добра: тыя, хто працуе, атрымліваюць своечасова зарплату, мы, пенсіянеры – пенсію. У магазінах усяго хапае. І, галоўнае, у краіне мір.

Напачатку дзясятай гадзіны карэспандэнты “ЛВ” завіталі ў Падлессе. Нават калі не ведаеш, дзе ў аграгарадку размешчаны ўчастак для галасавання, – знайсці яго няцяжка: дарогу да мясцовага Дома культуры (а менавіта ён падчас выбарчых кампаній традыцыйна становіцца своеасаблівым штабам) падкажа гучная музыка. Дарэчы, музычнае суправаджэнне было арганізавана на кожным з участкаў, якія давялося наведаць 11 верасня.

Прасторнае памяшканне Падлескага ўчастка № 48, здаецца, адначасова можа прыняць з дзясятак выбаршчыкаў. Гатова да гэтага і камісія.– Нашы выбаршчыкі даволі актыўна галасавалі датэрмінова: з 591 чалавека, унесенага ў спісы для галасавання, больш як палова – 52 працэнты – пабывалі на ўчастку загадзя, – расказвае старшыня камісіі Ірына Керко. – Да таго ж шмат выбаршчыкаў у шаноўным узросце, многія з іх пажадалі, каб урну для галасавання прынеслі ім дадому. Якраз зараз члены камісіі паехалі ў Шавялі…   Літаральна праз некалькі хвілін рэдакцыйная машына ўжо там.

На лавачцы перад сваім домам галасуе 86-гадовая Валянціна Бурак: не магла ўседзець дома – выйшла сустракаць чаканых гасцей. Прагаласавала ўжо і старэйшая жыхарка вёскі 95-гадовая Кацярына Шагун. У спісе для галасавання – яшчэ нямала адрасоў. А бюлетэні ўжо чакаюць у Рамашках, Свісткоўшчыне, Улазавічах.

– Настрой ва ўсіх добры, – дзеліцца ўражаннямі член камісіі Ларыса Глеб. – Многія гавораць, што ведаюць кандыдата, за якога вырашылі аддаць свой голас, нават асабіста знаёмыя з ім. Галасуюць з задавальненнем…

Утульным дагледжаным дваром сустракае Навасёлкаўскі аздараўленчы комплекс. Тут на другім паверсе ў глядзельнай зале ГДК размясціўся Навасёлкаўскі ўчастак для галасавання № 58. Члены камісіі сустракаюць сваіх землякоў шчырымі ветлівымі ўсмешкамі. І гэта таксама стварае прыўзняты святочны настрой. Аб’ява на ўваходзе ў НАК папярэджвае, што вяскоўцаў чакае падарунак: апоўдні адбудзецца канцэрт папулярнага не толькі ў навасёлкаўцаў народнага клуба аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца”. Так што ёсць выдатная нагода прыйсці на ўчастак якраз да гэтага часу. Але вельмі многія не сталі чакаць нават гэтай прыемнай падзеі: датэрмінова прагаласавалі 190 выбаршчыкаў з 601, унесенага ў спісы. А хтосьці, як жыхарка Навасёлак Вольга Печанеўская, паспяшаўся выканаць свой грамадзянскі абавязак з самай раніцы. Прыйшла не адна – разам з маленькім сыночкам і бацькам.

Сакратар камісіі Наталля Несцяровіч адзначае, што сёлета ўчастак сур’ёзна “падрос”: акрамя аграгараджан, а таксама жыхароў Пранчакоў, Гарбачоў, Ціткаўшчыны, Станчакоў, Макееўшчыны, тут цяпер галасуюць і выбаршчыкі з Адахаўшчыны (125 чалавек), Сялявічаў, Гірыч-Поля. Хтосьці прыехаў сам, іншыя звярнуліся ў камісію з просьбай арганізаваць галасаванне на даму. Усе просьбы ўлічаны, па кожным адрасе ў бліжэйшы час накіруюцца прадстаўнікі ўчастковай камісіі з урнай і бюлетэнямі.

З такой экіпіроўкай адправіліся да некаторых сваіх выбаршчыкаў і члены участковай выбарчай камісіі Конькаўскага ўчастка для галасавання № 51.

– У Зарэччы ў спісы для галасавання ўнесена 5 выбаршчыкаў, у Дрэках – усяго 2. Усе людзі шаноўнага ўзросту. Безумоўна, яны, як і іншыя, каму самому цяжка дабрацца на ўчастак, не застануцца без нашай увагі. Тым больш, яны чакаюць. Хто можа, нават збіраюцца ў адной хаце – разам прагаласаваць, абмеркаваць такую значную падзею. І гэта ўжо традыцыя, – расказвае старшыня камісіі Людміла Лузяніна.

Па стане на 10.30 свой выбар зрабілі 207 з 446 выбаршчыкаў з Конек, Федзюкоў, Галавачоў, Чвыроў, Туркоў, Сакуноў.

Менш чым праз паўгадзіны карэспанэнты раёнкі ў Русінавічах. Тут, на ўчастку № 57, таксама рады кожнаму выбаршчыку. Як расказала старшыня камісіі Людміла Сідорская, мясцовы жыхар Сяргей Сазановіч у першы дзень датэрміновага галасавання прыйшоў яшчэ да адкрыцця ўчастка, давялося чакаць. А 11 верасня ў 8.00 на ўчастку ўжо быў Віктар Макавецкі: спяшаўся на работу ў СВК, але перад тым, як сесці ў свой трактар, вырашыў прагаласаваць. Улічваючы, што ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве (як, дарэчы, і іншых) гэты пагодлівы восеньскі дзень быў працоўным, а многія вяскоўцы спяшаліся ў добрае надвор’е ўбраць ураджай з уласных сотак і паход на выбарчы ўчастак адклалі на пазнейшы час, – малюнак складваўся даволі аптымістычны. Да канца галасавання больш як 9 гадзін, а сваё слова ўжо сказалі больш за 40 працэнтаў з 645 выбаршчыкаў.

Як і на іншых участках, разам з камісіяй дзяжурыць медык, для агульнай бяспекі службу нясуць прадстаўнікі РАНС, РАУС. Дарэчы, адным з тых, хто ўпершыню прыйшоў на ўчастак у якасці выбаршчыка, стаў калега міліцыянера – малады супрацоўнік дэпартамента аховы Яўгеній Новік. Разам з бюлетэнем для галасавання ён атрымаў сувенір ад камісіі.

На гэтым участку, як і на Конькаўскім, быў анансаваны канцэрт народнай студыі “Экспрэс”.

Варта адзначыць, што на ўсіх згаданых участках не пуставалі месцы для наглядальнікаў. У асноўным за галасаваннем назіралі прадстаўнікі БРСМ, “Белай Русі”, прафсаюзных арганізацый.

Вёскі Альхоўцы, Гукова, Пад’язаўле, Гасцілавічы, Вадзяціна, хутар Літоўка –населеныя пункты, жыхары якіх “прыпісаны” на Альхоўскім выбарчым  участку № 62, усяго 376 чалавек. У асноўным – людзі сталага ўзросту, па словах старшыні ўчастковай камісіі  Валянціны Кавальковай, ад 95 вяскоўцаў паступілі заяўкі на галасаванне на даму. Члены ўчастковай камісіі з міні-урнамі з раніцы 11 верасня адправіліся па адрасах. Сярод тых, хто выказаў жаданне  прагаласаваць дома, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Янушкевіч  з Пад’язаўля і Міхаіл Макавецкі з Гасцілавічаў.

Зінаіда Арцём, якая спяшалася  пасля богаслужэння ў царкве  на Востраўскі ўчастак для галасавання № 64 гаворыць:

Хоць кандыдатаў трое, але выбар рабіць было няцяжка. Голас збіраюся аддаць за чалавека, якога ведаю і якому  давяраю. Да выхаду на пенсію я працавала медсястрой у Тухавіцкай урачэбнай амбулаторыі, таму спадзяюся, што калі пераможа мой кандыдат, ён нямала карыснага зробіць у тым ліку і для развіцця  сацыяльнай сферы. Каб мясцовыя жыхары ішлі на выбары, як на свята, пастараліся  тутэйшыя культработнікі, якія ладзілі канцэртную праграму. Аграгарадок Востраў і вёска Гута – два населеныя пункты, жыхары якіх галасуюць на  гэтым участку. Старшыня камісіі Наталля Жанкевіч агучылі лічбы: з 659 выбаршчыкаў 215  прагаласавалі датэрмінова. 137 – у сябе дома: да іх з пераноснымі урнамі адправіліся члены камісіі.

Святочна-дзелавая атмасфера панавала і на Крывошынскім участку для галасавання № 53. Камісія пад старшынствам Вольгі Дыдышка – вопытная, выбарчая кампанія праходзіць арганізавана і дакладна. Нараканняў з боку наглядальнікаў не зарэгістравана. Яўка выбаршчыкаў высокая: з 417 чалавек   па стане на 12 гадзін  прагаласавалі 275.  Члены камісіі паспелі  з’ездзіць у вёску Нетчын, дзе сваё волевыяўленне выказалі 15 чалавек і ў бальніцу сястрынскага догляду, дзе прагаласавалі 5 грамадзян.  Адправіліся яшчэ па 30 адрасах у Крывошыне. Па адным з іх на вуліцу Піянерскую завіталі і карэспандэнты “ЛВ”. У добраўпарадкаваным двары 85-гадовай Раісы Сегень мнагалюдна: прыехала  дачка, прыйшлі суседкі. Пажылая жанчына  ставіць насупраць прозвішча свайго кандыдата птушачку.

–Упэўнена, голас кожнага важны, таму ў выбарах заўсёды ўдзельнічаю. Хачу, каб мае дзеці, унукі і праўнукі, жылі пад мірным небам , – разважае  Раіса Сегень.

Каля  будынка  сельвыканкама , дзе знаходзіцца Ганчароўскі ўчастак для галасавання № 42 – шмат народу. Бойка ідзе гандль з райпоўскай аўталаўкі. Нядзеля, хоць і выхадны для магазіна на калёсах, але на гэты раз ён працуе па-за графікам. Члены камісіі заняты сваімі непасрэднымі абавязкамі, частка паехала па дамах выбаршчыкаў. 639 жыхароў з 13 навакольных вёсак  унесены ў спісы на гэтым участку, 263 з іх галасуюць дома.

– Лёгкае хваляванне прысутнічае, бо хочацца, каб у асноўны дзень галасавання ўсё прайшло добра і зладжана, як і ў час датэрміновага. Па стане на 13 гадзін 395 чалавек на нашым участку ўжо зрабілі свой выбар, – гаворыць старшыня камісіі Надзея Васілеўская. За ходам галасавання ў нядзелю сачылі наглядальнікі: Уладзімір Жаваранак ад раённага савета ветэранаў і Дзіяна Трысцень ад раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын.

А ў райцэнтры за некалькі хвілін да закрыцця Ляхавіцкага-Ленінскага ўчастка № 35 свой выбар зрабіла маладая сям’я Собаль: Алена і Яўгеній прыйшлі на галасаванне разам з маленькай дачкой.

У 20 гадзін дзверы на гэтым і іншых выбарчых участках зачыніліся. Камісіі прыступілі да падліку галасоў.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

А ў райцэнтры за некалькі хвілін да закрыцця Ляхавіцкага-Ленінскага ўчастка
№ 35 свой выбар зрабіла маладая сям’я Собаль: Алена і Яўгеній прыйшлі на галасаванне разам з маленькай дачкой.
У 20 гадзін дзверы на гэтым і іншых выбарчых участках зачыніліся. Камісіі прыступілі да падліку галасоў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *