Падарожжа ў лес. Сёлета ў лясгаса Беларусі юбілей – 80 гадоў, яго ляхавіцкае падраздзяленне на 24 гады маладзейшае

Дырэктар лясгаса Міхаіл Свістун (справа), яго намеснік Наталля Адаменка, галоўны інжынер Аляксандр Татарыновіч, старшыня прафкама Алена Тарлюк.

Ідзе час, мяняецца жыццё,  тэхналогіі, у тым ліку ў  гэтай галіне,  ручная праца саступае перад напорам сучасных машын-аўтаматаў.  Але па-ранейшаму на варце прыроды стаіць чалавек.

У пажоўклым ад часу альбоме, што захоўваюць у лясгасе,  чытаем: “У 1971 годзе  асвоены выпуск новай прадукцыі –  хваёва-вітаміннай мукі з адходаў: для патрэб сельскай гаспадаркі за 1971-1978 гады выпушчана 4908 тон ”. Такі прадукт даўно не  гатуецца ў лясгасе, затое па-ранейшаму развіваецца пчалярства, штогод ідзе  нарыхтоўка бярозавіку ў прамысловых маштабах.
Пажарна-хімічная станцыя, назіральныя мачты, разнастайныя  шыльды-плакаты накшталт  “Беражы зялёнага сябра!” яшчэ зусім нядаўна актыўна выкарыстоўваліся ў практыцы службы.   Што маем цяпер? У першую чаргу – 6 назіральных вышак. Па-другое, акрамя  дзяжурства лясной аховы і наземнага патрулявання, у пажаранебяс-печны перыяд за  парадкам у лесе сочаць і з неба. Да таго ж, штогод ствараецца па некалькі сотняў кіламетраў мінералізаваных палосаў на  прасеках і паабапал дарог.
Асобная тэма – адпачынак на прыродзе. Пабудаваны нават камфартабельны комплекс – домік паляўнічага з усімі выгодамі ў Мыслабажы, які наведваюць і беларусы, і замежныя госці, міні-пляцоўкі для турыстаў з  лаўкамі, альтанкамі, месцамі для развядзення кастроў. На жаль,  не ўсе цэняць такі клопат.Таму на дапамогу  работнікам прыродаахоўнай службы прыйшлі відэакамеры, якія фіксуюць выпадкі забруджвання лясоў.
У мясцовым лясгасе працуюць людзі, якія прыроду любяць і прымнажаюць яе багацці. Шмат гадоў тут быў лесніком  поўны кавалер ордэна Славы Аляксандр Малевіч, ляснічым з 1965 па 2001 год – Ігар Шчаўроўскі,  38 гадоў шчыраваў  у Крывошынскім лясніцтве  Анатолій Кляцкоў, які ўзнагароджаны медалём “За працоўную адзнаку”, колішні  брыгадзір  цэха  дрэваапрацоўкі “Крывошын” Уладзімір Лешык удастоены ордэна  Працоўнай Славы ІІІ ступені.
Пра ўчарашні і сённяшні дзень лясгаса, планы расказвалі былыя і сённяшнія яго працаўнікі.
Аляксандр  ТАТАРЫНОВІЧ, галоўны інжынер:
–  Мая лясная біяграфія пачалася больш за дзесяцігоддзе  назад.  І  гэта супала з добрымі новаўвядзеннямі. Чаго,
напрыклад, вартыя  шмат-аперацыйныя форвардар і харвестар, кожны з іх замяняе працу 10 чалавек.
Цэх дрэваапрацоўкі  штомесяц у сярэднім перапрацоўвае  650 кубаметраў  круглага лесу, атрымліваем больш за 300  кубаметраў  піламатэрыялаў, пераважная частка якіх ідзе на экспарт, у асноўным у Германію. Цесныя сувязі наладжаны з Польшчай, краінамі Прыбалтыкі, апошнім часам умацоўваюцца  стасункі з Кітаем. Але, безумоўна, першачаргова  задавольваем патрэбы беларускіх спажыўцоў.  Дарэчы, Ляхавіцкі лясгас  на трэцім месцы сярод аналагічных прадпрыемстваў  Брэстчыны  па так званай пабочнай вытворчасці.  Сёлета з пчальніка сабралі  1900 кілаграмаў мёду, нарыхтавалі 801 тону бярозавіку, які рэалізавалі  кансерваваму заводу і насельніцтву.
Зінаіда АЎДЗЕНЯ, ветэран працы:
– Калі ў лютым 1963 года  прыйшла ўладкоўвацца  бухгалтарам у Ляхавіцкае лясніцтва, нават  не думала, што застануся тут на  44 гады.  Работа  захапіла, тым больш і муж быў памочнікам ляснічага.   Гэта цяпер у бухгалтэрыі камп’ютары, а раней усё  было ўручную : налічы, падлічы, выплаці заработную плату.  Для пасадкі лесу, напрыклад,   наймалі  каля 200 часовых работнікаў,  зарплату  развозіла па некалькіх  вёсках.    Я і мае калегі-ветэраны рады,  што нас  у калектыве  не забываюць: запрашаюць на святы, ушаноўваюць.
Кацярына НАРКЕВІЧ, інжынер па лесанарыхтоўках і перапрацоўцы:
– Я малады  спецыяліст. На работу ў лясгас па размеркаванні прыйшла ў 2014 годзе пасля заканчэння БДТУ. Сёлета па размеркаванні сюды прыехаў і мой муж  Яўгеній, якога назначылі майстрам цэха дрэваапрацоўкі. Скажу за абодвух: нам добра працаваць у  дружным калектыве, дзе абавязкова дапамогуць, падтрымаюць. У лясгасе шмат моладзі, усе ініцыятыўныя, лёгкія на пад’ём. Ёсць свая пярвічка БРСМ.   Плануем застацца працаваць у лясгасе, жыць у Ляхавічах.
Наталля АДАМЕНКА, намеснік дырэктара па ідэалагічнай  рабоце:
– Разам адпачываем, падарожнічаем, удзельнічаем  у  спартыўных спаборніцтвах, конкурсах прафесійнага майстэрства, радуемся поспехам калег. Віншавалі Мікалая Зубіка, які заняў 3 месца ў  абласных спаборніцтвах  “Лесаруб-2016” у асабістым заліку  ў практыкаванні ”валка лесу”.
Сёлета 7  сённяшніх працаўнікоў і 11 нашых  ветэранаў  узнагароджаны нагрудным знакам “80 гадоў лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”.
Майстар лесу Ляхавіцкага лясніцтва Дзмітрый Канановіч  перамог у  раённым конкурсе “Сапраўдны мужчына”.  Дзмітрый разам з вальшчыкам лесу Уладзімірам Зубікам сталі першымі ў рэспубліканскім галіновым спаборніцтве па гіравым спорце. Лясгасаўцы – сярод фіналістаў раённых  этапаў “Новыя імёны Беларусі” і  “Міс ляхавічанка”. І са спортам сябруем, сярод лідараў   на лыжнай трасе,  у гіравым спорце,  спаборніцтвах па шашках.  Цесна ўзаемадзейнічаем  са школьнікамі і бээрэсэмаўцамі, яны актыўныя памочнікі ў зборы шышак, пасадцы дрэў, азеляненні населеных пунктаў.
Міхаіл СВІСТУН,  дырэктар лясгаса:
– Поспех любога прадпрыемства  залежыць  ад калектыву.  У мінулым годзе ў нас была няпрос-тая  эканамічная сітуацыя, і мы разам, кожны на сваім участку шукалі выйсце з яе. Вынік ёсць, але, канешне, гэта не нагода спыняцца. Прадоўжым  наводзіць парадак у  лясной гаспадарцы.  Стараемся забяспечыць  рост аб’ёмаў выпускаемай прадукцыі, асвоіць  новыя рынкі  збыту, мадэрнізацыю  вытворчасці, у тым ліку цэха дрэваапрацоўкі. Сёлета за 8 месяцаў  выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг склала 123 працэнты ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Рост прадукцыйнасці працы ў цэлым па лясгасе – 130,8 працэнта.   Рэнтабельнасць вытворчасці  за 8 месяцаў чакаецца ў памеры 24 працэнтаў пры прагнозе 6,8.
Больш як на 53 тысячах гектараў раскінуліся ўгоддзі лясгаса. Штогод на плошчы ад 100 да 120 гектараў сіламі лясгасаўцаў, школьнікаў, бээрэсэмаўцаў, валанцёраў, неабыякавых грамадзян высадж-ваюцца новыя дрэвы. Сёлета ў час акцыі “Тыдзень лесу” высаджаны 48 тысяч саджанцаў. Хутка пачнецца акцыя “Абновім лясы разам”.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Ветэран працы Зінаіда Аўдзеня.

Ляснічы Ляхавіцкага лясніцтва Віктар Заяц.

Слесар па рамонце лесагаспадар-чага абсталявання Мікалай Скрунда.

Кацярына і Яўгеній Наркевічы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *