Шануйце хлеб, у ім цяпло душы. У а/г Нача Ляхавіцкага раёна прайшло раённае свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2016” /фота/

Каравай з зерня новага ўраджаю – кіраўніку раёна Вячаславу Сельмановічу.

Прыбралася Нача да свята, расквецілася яркімі дэкарацыямі, сцягамі, добразычлівымі ўсмешкамі. Вяскоўцы і вяскоўцаў віншавалі са святам хлеба, і гэта стварала асабліва цёплую атмасферу. Урачысты настрой падтрымлівалі музыка і песні. Выставы народнай творчасці прыцягвалі ўвагу: вышыванкі, саматканыя ручнікі і посцілкі, малюнкі і вырабы з саломы. Асаблівы каларыт стваралі імправізаваныя вясковыя падворкі, на якіх сельсаветы, гаспадаркі раёна дэманстравалі свае дасягненні. І ўсе запрашалі пачаставацца: печыва, аладкі са шкваркамі і сялянскай каўбасой, садавіна і агародніна. Раскінула шатры з пачастункамі і райпо. Цэлы квартал занялі малочны і кансервавы заводы – прапаноўвалі прадэгуставаць іх прадукцыю. Ільнозавод выставіў на продаж шыкоўныя льняныя тавары.

А непадалёку размясціліся палаткі медыкаў. Да пачатку свята ў мясцовых жыхароў і ўсіх жадаючых была магчымасць атрымаць кансультацыю спецыялістаў.

Дабавіць да ўсяго яркі дзіцячы гарадок, з надзіманымі палацамі-горкамі, батутам і катаннем на квадрацыклах. Цэнтр аграгарадка ўяўляў святочна-казачную панараму, якая аб’яднала ўсіх, хто ў гэты дзень прыйшоў-прыехаў у Начу.

А галоўная ўвага была прыкавана да імправізаванай сцэны, перад якой займалі месцы героі сёлетняй уборачнай кампаніі. У час урачыстага шэсця кожную дэлегацыю суправаджалі гарачыя апладысменты.

Найбольш гасцей было з СВК “Жарабковічы”: камбайнеры, вадзіцелі, аператары сушыльных комплексаў. Сярод іх –  пераможцы абласных спаборніцтваў. Прыехалі і многія  аднавяскоўцы, каб падтрымаць сваіх землякоў, парадавацца за іх поспехі. Узначальваў групу перадавікоў, як і належыць, старшыня сельгаскааператыва Антон Булаты.
Віталі на свяце вадзіцеляў-тысячнікаў, перадавых камбайнераў і аператараў сушыльных комплексаў з СВК “Ляхавіцкі”, “Шлях новы”. Яшчэ здалёк падбадзёрвалі цёплымі словамі хлебаробаў ЗТАА “БелДан”, іншых сельгасарганізацый. Разам з перадавікамі ганаровыя месцы перад святочнай трыбунай занялі і ветэраны працы, тыя, хто ў свой час нямала зрабілі для развіцця аграрнай вытворчасці раёна.
Адкрылі гадавое свята хлебаробаў каравайніцы: вынеслі на ручніках боханы, спечаныя з мукі новага ўраджаю, частавалі ўсіх прысутных. “ А мы ў полі працавалі, усё жыта дажалі…” – гучала дажыначная песня фальклорнага ансамбля. Каравай з зерня ўраджаю-2016 быў уручаны старшыні райвыканкама Вячаславу Сельмановічу. А кіраўнік раёна выказаў шчырую ўдзячнасць усім, хто прымаў удзел у жніве, асабліва пераможцам спаборніцтва. У неспрыяльны па ўмовах надвор’я год хлебаробы раёна здолелі сабраць з кожнага гектара па 39,6 цэнтнера збожжа – чацвёрты вынік у вобласці.
– Збожжаўборачная кампанія – вянец хлебаробскай працы. І ніхто не застаўся раўнадушным у гэты гарачы перыяд. За штурвалы камбайнаў садзіліся вопытныя камбайнеры, спрабавалі свае сілы маладыя, для многіх уборка хлеба стала сямейнай справай. 16 экіпажаў камбайнераў нашага раёна намалацілі больш як па тысячы тон збожжа, – адзначыў Вячаслаў Сельмановіч. – Шануйце хлеб, у ім цяпло душы, зямлі і сонца!
Старшыня райвыканкама ўручыў граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама перадавікам жніва і шчыра падзякаваў за адданасць адвечнай хлебаробскай справе. Сярод гаспадарак – пераможцаў раённага спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур у 2016 годзе першая прэмія прысуджана СВК “Ляхавіцкі”. Узнагароду кіраўнік раёна ўручыў старшыні  сельгаскааператыва Аляксандру Вітко.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч таксама адрасаваў словы ўдзячнасці за хлеб надзённы і ўручыў перадавікам ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы раённага Савета дэпутатаў, а таксама заслужаную ўзнагароду   СВК “Жарабковічы”, які заняў другое месца ў раённым спаборніцтве на жніве.
Намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Вашчук віншаваў працаўнікоў СВК “Шлях новы” з трэцім месцам у спаборніцтве. Былі ўручаны таксама граматы раённага аб’яднання прафсаюзаў і райкама прафсаю-за работнікаў АПК.
На імправізаванай сцэне змяняліся самадзейныя калектывы раёна,  якія спявалі ў гонар землякоў – герояў свята, прыехалі і суседзі – народнае аматарскае аб’яднанне “Талака” з Ганцавіч. А пасля яшчэ доўга вёска танчыла – былі “Дажынкі”.
БОЛЬШ ФОТА ТУТ
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. Больш фота тут

Старшыня СВК «Ляхавіцкі» Аляксандр Вітко атрымаў чарговую ўзнагароду.

Працоўны поспех мужа – агульная радасць у сям’і Шклянік з Начы.


One thought on “Шануйце хлеб, у ім цяпло душы. У а/г Нача Ляхавіцкага раёна прайшло раённае свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2016” /фота/

  • 20/09/2016 в 11:16
    Permalink

    Низкий поклон людям, которые с весны пашут, сеют, жнут, холят и лелеют каждый росточек и растение. Вы-настоящие, трудолюбивые, искренние и открытые!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *