Апошняя чвэрць

Калі ў адпаведнасці з традыцыяй адносна нядаўніх гадоў параўнаць жніво з бітвай за ўраджай, можна канстатаваць: яе вяскоўцы выйгралі ўжо на 75 працэнтаў.

Іменна так: па стану на пачатак бягучага тыдня няўбранай заставалася толькі чвэрць ад першапачатковых раённых 15,2 тысячы гектараў зерневых і зернебабовых. Папярэдняя сямідзёнка атрымалася досыць выніковай. Надвор’е было саюзнікам, а на ўсё астатняе ў хлебаробаў ёсць свае цвёрдыя козыры, сярод якіх уменне і жаданне працаваць з’яўляюцца бадай самымі казырнымі.

Пры сярэдняй па АПК раёна ўраджайнасці роўнай прыкладна 38 цэнтнерам на гектар валавы збор склаў ужо амаль 43,3 тысячы тон збожжа. Як гэта суадносіцца з годам мінулым?  На такі ж час летась агульнараённы намалот раўняўся прыкладна 49 тысячам тон. Аднак жа, і жніво было праведзена ўжо на 90 працэнтах плошчаў.

Калі ж паспрабаваць экстрапаліраваць бягучую сітуацыю на жніво ў цэлым, атрымліваецца, што раёну цалкам па сілах “спячы” хлебны каравай вагой блізкай да 55 тысяч тон. Без уліку збору кукурузнага зерня, зразумела. Гэта больш важкі паказчык, чым леташні.

Між тым, асобным імклівым “па-гражаюць” ужо дажынкі. Першымі ў раёне ўрачыстую кропку абяцаюць паставіць хлебаробы СВК “Шлях новы”. Верагодна, гэта здарылася яшчэ ўчора, паколькі даныя мінулага панядзелка сведчылі: на палетках СВК заставаліся толькі 2 “крайнія” працэнты зерневых плошчаў. Дробязь, калі штодзённая выпрацоўка звычайна перавышае названую лічбу ў 2 і больш разоў.

“Шлях новы”, дарэчы, з’яўляецца раённым лідарам яшчэ, як мінімум, па дзвюх пазіцыях: ура-джайнасці, роўнай 53 цэнтнерам з гектара, і што тычыцца выканання       задання па продажу зерня дзяржаве, з якім, па словах галоўнага агранома райсельгасхарчу Мікалая Каплынова, справіліся першымі і па ўсіх пазіцыях.

У СВК “Канюхі” жніво таксама падышло вельмі блізка да завяршэння. У гэтым сэнсе  сельгаска-       аператыў, калі так можна сказаць, канку-рэнт “Шляху новаму”. А вось СВК “Ліпнянка”, ЗАТ “Бел-прампрыбор” убіраць яшчэ ды ўбіраць: і ў першым выпадку, і ў другім збожжаўборка не выйшла яшчэ і ”на экватар”.

Рэйтанаўскі вытворчы ўчастак ААТ “Баранавічхлебапрадукт” збожжа не вырошчвае – не яго гэта поле дзейнасці. Ва ўчастка свой важны напрамак  работы: прыёмка, вызначэнне якасці, дапрацоўка, захоўванне і адгрузка зерня.

Тут  нас сустрэла падкрэсленая чысціня. Да зярнятка, ці не да пясчынкі, вымецены асфальт. Ніякіх гор зерня: пра папярэднія паступленні нічога не нагадвала, яны адразу ж папаўняюць унутраныя засекі прадпрыемства. Пра тое, што сваё жніво ўчастак не перапыняе ні на хвіліну ў суткі, сведчыў раўнамерны гул і пастукванне механікі. Ды рэдкія ў сваіх вытворчых перамяшчэннях людзі. На той момант, а было гэта ў панядзелак, каля 9 гадзін раніцы, машын не было.

“Сёння пакуль ціха, учарашні дзень таксама асабліва цяжкім не быў. А вось субота выдалася вельмі напружанай: машыны прыбывалі суцэльным патокам”, – “чытае” думкі начальнік вытворчага ўчастка Вадзім Козел.

У адпаведнасці з даведзеным заданнем за сезон участак павінен нарыхтаваць 16 тысяч тон зерне-прадукцыі. У розных аб’ёмах жыта, ячменю, трыцікале, рапсу. Пазней – дзесьці ў самым канцы жніўня-верасні – чакаюцца паступленні грэчкі.

Першы на той дзень грузавік з хлебам падкаціў да вагаў. КамАЗ прыбыў з суседняга Ганцавіцкага раёна, прывёз жыта, сабранае з палеткаў тамашняга СВК “Хатынічы”. Пакуль аўтамабіль стаяў пад пробаадборнікам, цікавімся ў яго кіроўцы наконт сёлетняга ўраджаю ў нашых суседзяў. “Па-рознаму. Але, здаецца, гэты год атрымаецца больш ураджайным, чым мінулы”, – адказаў той.

Лічаныя хвіліны – і грузавік накіроўваецца пад разгрузку, а пробная партыя зерня трапляе на лабараторны аналіз – для вызначэння яго якасных характарыстык, адноснай вільготнасці. Менавіта ад апошняга паказчыка і залежыць “траекторыя” руху зерня па тэрыторыі і магутнасцях вытворчага ўчастка. Калі ўтрыманне вільгаці перавышае складскія 14 працэнтаў – прамы шлях на дасушку. Рэйтанаўскі хлебапрыёмны ўчастак валодае дастаткова магутнай сушыльнай гаспадаркай. Перасоўная, намінальнай магутнасцю 8 тон прадукцыі ў гадзіну, сушылка выкарыстоўваецца для дапрацоўкі невялікіх партый зерня. Даўно не новая, аднак, функцыю сваю трымае. Капітальны сушыльны комплекс ЗСК-30 працуе толькі трэці сезон. Увогуле нядрэнна і дастаткова прадукцыйна: у залежнасці ад першапачатковай вільготнасці, здольны прапусціць да 400 тон зерня ў суткі.

Як паведаміў начальнік участка, сёлета працуецца больш спакойна, чым летась. Чарга  яшчэ не перавышала 5–6 машын. Абслугоўванне кожнага зернявоза займае звычайна 20–30 хвілін, у крайнім і рэдкім выпадку – да адной гадзіны.

Увогуле, дзень на дзень не прыпадае: калі больш, іншы раз  заметна менш. Дзённы  максімум, які сёлета ўжо давялося вытрымаць участку, склаў 900 тон прынятага збожжа.

З сезонам нарыхтоўкі ўчастак заметна пашырае свой штатны склад: да 20 пастаянных работнікаў далучаюцца 14 сезоннікаў. Студэнцкая моладзь, як правіла, – жыхары райцэнтра, Ганчароў, Русінавіч. Многія з іх, дарэчы, праводзяць тут свае канікулы ўжо не першы год. Працуюць вагаўшчыкамі, пробаадборшчыкамі, грузчыкамі. Напрыклад, прадстаўнікі апошняй прафесіі могуць разлічваць на мільён, а то і больш рублёў заробку.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *