З дзясяткай у дваццатку

ХV летнія Паралімпійскія гульні, што праходзілі 7-18 верасня ў Рыа-дэ-Жанэйра, аб’яўлены закрытымі. Афіцыйная цырымонія закрыцця прайшла 18 верасня на стадыёне “Маракана”.

Усяго па выніках выступлення ў Рыа ў скарбонцы беларускай зборнай 10 медалёў, у тым ліку   8 залатых і 2 бронзавыя. 7 медалёў заваяваў плывец Ігар Бокій, які стаў шасціразовым чэмпіёнам

ХV летніх Паралімпійскіх гульняў, –  на дыстанцыях 100 метраў батэр-фляем, 200 метраў комплексным плаваннем, 50, 100 і 400 метраў вольным стылем, 100 метраў на спіне. Акрамя таго, на яго рахунку бронзавы медаль на дыстанцыі 100 метраў брасам.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў члена нацыянальнай каманды Беларусі па інваспорце Ігара Бокія з трыумфальным выступленнем на Паралімпійскіх гульнях 2016 года ў Рыа-дэ-Жанэйра. «Гучна заявіўшы аб сабе на Паралімпіядзе ў Лондане, ты ўпарта і самааддана працаваў усе гэтыя гады, каб сёння перасягнуць свае высокія дасягненні на радасць шматлікім беларускім балельшчыкам, – гаворыцца ў віншаванні. – Два рэкорды свету, шэсць рэкордаў Паралімпійскіх гульняў, шэсць залатых і бронзавы медаль – выдатны вынік, якім усе мы захапляемся і ганарымся».

Сёння таленавіты плывец з Бабруйска – адзінаццаціразовы паралімпійскі чэмпіён (5 разоў ён падымаўся на вышэйшую прыступку п’едэстала на Паралімпіядзе ў Лондане у 2012 годзе).

Акрамя Ігара Бокія, чэмпіёнамі ХV летніх Паралімпійскіх гульняў сталі плывец Уладзімір Ізотаў і Андрэй Праневіч, які перамог у фехтаванні на калясках. Бронзавая ўзнагарода ў кіданні кап’я – у лёгкаатлета-паралімпійца Аляксандра Трыпуця.

У медальным заліку Паралімпіяды Беларусь – на 19-м месцы. Усяго ўзнагароды заваёўвалі спартсмены з 83 краін. Лідарамі гэтых Гульняў сталі зборныя Кітая (239 узнагарод), Вялікабрытаніі (147 медалёў), Украіны (117 медалёў).

Наступныя Паралімпійскія гульні пройдуць у 2020 годзе ў Токіа.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *