Антонаўка супраць «трапіканкі»

Пры пад’ездзе да аграгарадка Жарабковічы справа – вялікі стары сад, пасаджаны тут яшчэ ў канцы 50-х – пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Яшчэ і цяпер разгалістыя яблыні пладаносяць. А сёлета ўраджай адметны: залаты ананас, румяныя малінаўкі і штрыфель, духмяная антонаўка згінаюць да зямлі замшэлыя галіны, а пад дрэвамі – яблычныя дываны жоўтага і ружовага колеру… Дзіўны пах старога саду навявае ўспаміны пра дзяцінства-юнацтва і выклікае сум, што ўсё гэтае багацце сёння нікому не патрэбнае. Неўзабаве тут пачнуць пасвіць грамадскі статак, і яблыкі будуць страўлены жывёле – гэта ў лепшым выпадку. Ды і слівы, якія нараслі ўздоўж дарогі, што пралягла па садзе (алыча, чарнасліўкі, венгеркі), прапалі ці прападаюць.

Гэтая экскурсія і падказала тэму, якая, напэўна, хвалюе многіх. Чаму мы часта не спажываем сваё, шчодра падаранае прыродай, а трацім грошы, каб набыць чужое? Чаму частка чарніц, брусніц, вішань, парэчак, журавін, яблыкаў, грушаў, сліў прападае, а пасля на паліцах магазінаў нам прапануюць “нектары” з заморскіх напаўняльнікаў і значна радзей –  бярозавік?

Адказы на гэтыя пытанні паспрабавала атрымаць найперш на Ляхавіцкім кансервавым заводзе, які спецыялізуецца на вытворчасці плодаагародніннай прадукцыі. Дарэчы, якраз у гэтыя дні прадпрыемства аб’явіла аб закупе ў насельніцтва яблыкаў, у першую чаргу антонаўкі. Іменна гэты сорт кансервуецца і выкарыстоўваецца для прыгатавання соусаў, павідла і г.д. Сёлета, як расказаў дырэктар завода Леанід Лейчанка, плануецца закупіць да 800 тон антонаўкі – больш не трэба.

У свой час, калі закрываліся аднатыпныя прадпрыемствы, Ляхавіцкі кансервавы здолеў ўтрымацца на плыву. Завод рэканструяваўся, праводзілася мадэрнізацыя, быў пабудаваны і новы кансервавы цэх. Сёння тут выпускаецца 20 мільёнаў умоўных слоікаў кансерваў у год.

– Усё залежыць ад попыту на прадукцыю, іншымі словамі, рынак дыктуе нам аб’ёмы вытворчасці, – расказвае дырэктар. – У 2012 годзе, калі прадукцыя нашага прадпрыемства была асабліва запатрабаваная ў Расіі, мы наладзілі работу ў тры змены, працавалі практычна без выхадных, паставілі спажыўцам 32 мільёны ўмоўных слоікаў кансерваў. Зразумела, што і сыравіны патрэбна было шмат: закуплялі садавіну і агародніну, дзе толькі маглі. На жаль, сітуацыя мяняецца. Сёння рынак перанасычаны аднатыпнай прадукцыяй розных вытворцаў, у тым ліку імпартнай.

Па словах дырэктара, з-за змяншэння попыту, а значыць і аб’ёмаў вытворчасці, кансервавыя цэхі працуюць без асобай нагрузкі. Але рытмічна. У залежнасці ад асартыменту задзейнічана і абсталяванне. Напрыклад, мадэрнізаваны цэх працуе тады, калі на патоку 10 відаў таматнага соусу, кансервы з фасоляй, яблычнае павідла, розныя салаты. Астатнія кансервы – каля васьмі дзясяткаў найменняў – выпускаюцца ў старым цэху.

– Загружаць “пад завязку” абодва цэхі няма сэнсу, працаваць на склад – не наш метад, – тлумачыць Леанід Лейчанка.

Сёння прадпрыемства выручаюць стабільныя адгрузкі прадукцыі ва Узброеныя Сілы, установы аховы здароўя, адукацыі і інш., куды пастаўляецца да 70 працэнтаў прыгатаваных кансерваў. Ужо асабліва не дапамагае канкурэнтаздольнасці прадукцыі зніжэнне яе сабекошту, якое было магчымым дзякуючы заводскай падсобнай гаспадарцы. Пакуль кансервавы працуе з прыбыткам, рэнтабельнасць вытворчасці – каля 5 працэнтаў. Але тэндэнцыя насцярожвае.

Няўжо прадпрыемства, якое вытрымала жорсткі адбор у час станаўлення рыначных адносін, сёння-заўтра можа здаць свае пазіцыі? Упаўне рэальна, калі бяздзейнічаць. Магчыма, выратуе новы асартымент прадукцыі, далейшая мадэрнізацыя, якая, зразумела, запатрабуе фінансавых затрат. Іх крыніцай маглі б стаць некаторыя мерапрыемствы па эканоміі і беражлівасці. Напрыклад, навошта закупляць у далёкім замежжы тыя дарагія канцэнтраты экзатычных фруктаў, калі можна рабіць сокі са сваіх яблыкаў, ягад, агародніны – сыравіна даволі танная. Ды і хто сказаў, што той нектар “Трапіканка” ці ананасавы сок больш смачны і карысны, чым са свайго, беларускага ананаснага яблыка або чарніц-клубніц, морквы, гарбуза, якія таксама можна купажыраваць? А таматны сок вытворчасці Ляхавіцкага кансервавага вы куплялі? Не радуйцеся, што пілі свежавітамінны напітак з сонечных памідораў, вырашчаных у сваіх шыротах: ён прыгатаваны з таматнай пасты замежнай вытворчасці.

Нельга не спыніцца і на расфасоўцы прадукцыі. Тут па-ранейшаму выкарыстоўваюць паўлітровыя і трохлітровыя слоікі, закатаныя бляшанай накрыўкай. Праўда, сталі больш “радаснымі” этыкеткі, але гэта праблему не вырашае. Для сённяшняга пакупніка знешні выгляд тавара мае значэнне, тым больш, што ёсць з чым параўнаць. Калі шкляная тара, то самых розных аб’ёмаў і відаў накрывак. Калі тэтрапакі, то таксама прыгожыя і зручныя ў выкарыстанні.

Што датычыць асартыменту, зразумела, ён павінен быць разнастайным: некаму даспадобы яблычны сок з айчыннай сыравіны, а некаму па гусце і разведзены апельсінавы канцэнтрат. Няхай сабе будзе ўсё, што душа пажадае. Але…

У Падлессі вельмі пажылыя гаспадар і гаспадыня частавалі яблыкамі, грушамі, слівамі і паказвалі-расказвалі, колькі дабра прападае. Сад, сапраўды, нібы райскі: пладамі засыпана зямля, а галіны яшчэ ломяцца ад шчодрага ўраджаю.

– Самі не можам сабраць і здаць: бывае, прыязджаюць нарыхтоўшчыкі з Баранавіч, Клецка, – гаворыць бабуля. – А наймаць людзей – якая карысць, ды і ніхто не хоча, бо ва ўсіх сёлета сады поўныя. Знайшліся б людзі – дарма аддалі б, каб толькі дабро не прападала.

А колькі такіх садоў …

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Антонаўка супраць «трапіканкі»

  • 22/09/2016 в 11:22
    Permalink

    Напісана ўсё правільна. Чамусьці ўсхваляем замежнае, а сваё- натуральнае, карыснае, смачнае не заўважаем і не цэнім. І па цане, яно пэўна, было б таннейшае, чым усе гэтыя імпартныя смакі-прысмакі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *