Печка патрабуе ўвагі

Хутка пачнецца ацяпляльны сезон. Ляхавіцкі РАНС нагадвае пра абавязак жыльцоў дамоў сачыць за спраўнасцю печаў і іншых ацяпляльных прыбораў і сістэм. Каб засцерагчы ад пажараў і іншых надзвычайных сітуацый дом, дастаткова прытрымлівацца простых правілаў.

Неабходна ўстанавіць супрацьпажарныя раздзелкі з цэглы ў месцах, дзе лёгкаўзгаральныя канструкцыі будынкаў прымыкаюць да дымаходаў і печаў.

Калі падлога каля печкі драўляная, прыбіце на ёй металічны ліст памерам не менш за 50х70 сантыметраў доўгім бокам да печы.

Каб не загарэлася сажа ў дымаходах, рэгулярна ачышчайце іх. На гарышчы забараняецца захоўваць лёгкаўзгаральныя матэрыялы. Ні ў якім разе не пакідайце распаленую печ без нагляду. Вельмі небяспечна распальваць печ з дапамогай лёгкаўзгаральных вадкасцяў. Попел і вуглі выграбайце ў ёмістасць з накрыўкай, устаноўленай на металічнай падстаўцы або ў спецыяльную яму, размешчаную не бліжэй за 15 метраў ад будынкаў. Нельга сушыць і складзіраваць адзенне і іншыя рэчы на печах альбо на адлегласці менш за 1,25 метра ад топкавых адтулін.

Часта прычынай пажараў становіцца парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі электрычных абагравальнікаў. У першую чаргу трэба азнаёміцца з інструкцыяй па іх выкарыстанні. Не пакідайце ўключаныя электрапрыборы без нагляду. Размяшчаць іх неабходна на металічнай паверхні далей ад мэблі, фіранак і г.д. Перыядычна ачышчайце прыборы ад пылу, не выкарыстоўвайце іх для сушкі бялізны. Не рамантуйце самастойна абагравальнік. Сачыце за тым, каб вілкі і разеткі не награваліся: гэта першая прыкмета няспраўнасці электрапрыбораў ці перагрузкі сеткі.

Выкананне гэтых простых правілаў засцеражэ ад пажараў і іх наступстваў.

У выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый трэба неадкладна паведаміць у пажарную службу па тэлефонах 101 ці 112.

Аляксей КЛЕТАНІЦА,

інспектар РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *