Сэрвіс мінус

Работа на зямлі, абслугоўванне і рамонт тэхнікі, вытворчасць цэлага шэрага сельскагаспадарчых агрэгатаў – вытворчы трохвугольнік арганізацыі. Каб яе партрэт атрымаўся найбольш праўдападобным, што з пералічанага паставіць на першае, а што на другое-трэцяе месца? Ці сутнасць не ў парадкавасці, а ў трывалай сувязі кожнай з гэтых вяршынь у роўнастаронні трохвугольнік? Калі дазволіць дапушчэнне і паспрабаваць акрэсліць “нашым” трохвугольнікам Ляхавіцкі райаграсэрвіс, вуглы ў ім будуць уяўляць залішнюю вастрыню. Эканоміка-вытворчую.

Нядаўна адбылася раённая нарада пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча, прысвечаная рабоце ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. З выездам на месца, пры ўдзеле прадстаўнікоў шэрага раённых службаў, аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама.

Мэта – яшчэ раз паглядзець-дайсці да кожнага вугла і самага вузкага месца. Паслухаць –  атрымаць тлумачэнні “вертыкалі” і “гарызанталі” арганізацыі, ацаніць рэальнасць, каб знайсці адказ на пытанне: чаму магутная, нядрэнна аснашчаная тэхнічна, па шэрагу пазіцый укамплектаваная высокапрафесійнымі кадрамі арганізацыя не можа пахваліцца высокарэнтабельнымі вынікамі работы?

Па наяўнасці палявых угоддзяў, пагалоўі буйной рагатай жывёлы, насычанасці сельгастэхнікай таварыства займае месца ў “прызавой” тройцы райагравытворцаў ці знаходзіцца ад яе зусім блізка. Некаторыя, падмацаваныя адпаведным абсталяваннем тэхналогіі, што тычыцца металаапрацоўкі і зборкі машын, з’яўляюцца толькі яго прэрагатывай. Але, як гучала ў ходзе нарады, гэтымі сваімі прэрагатывамі сэрвіс карыстаецца ўсё менш.

Яшчэ свежы ўспамін пра выставачную пляцоўку райаграсэрвіса. Прычапная-навясная глебаапрацоўчая тэхніка, агрэгаты ў дапамогу корманарыхтоўшчыку, а апошнім часам і прэс-машыны з сэрвісаўскім “кляймом” утваралі даволі працяглы рад. На момант агляду дэманстрацыйнай пляцоўкі не было. Ці не таму, што прамвытворчасць істотна звузілася?

Савецкі маштаб. Такая характарыстыка просіцца і ў адрас галоўнай базы ААТ. Сёння гэта зусім не плюс, а абсалютны мінус. Адно толькі дагледзець –  падкасіць-падмесці-прыбрацца – справа не на адну чалавека-гадзіну. Нягледзячы на актыўнасць намаганняў “уборшчыкаў”, многія адрэзкі і пляцоўкі базавай тэрыторыі выглядалі не бліскуча. На адной з пляцовак – зусім не роўныя рады тэхнікі ў чаканні рамонту. Убачыць ідэю, схему яе размяшчэння няпроста.

“З’езджаных” шын многа і ў розных месцах. Чаму б не структурыраваць на адной спецыяльна выдзеленай тэрыторыі? Прыкладна тое ж з металаломам. Гэтыя пытанні гучалі ў ходзе нарады і сталі адным з тэрміновых заданняў для кіраўніцтва ААТ.

Райаграсэрвіс – у тым ліку і шэраг станцый: па тэхнічным абслугоўванні трактароў, аўтамабіляў, жывёлагадоўчых фермаў. Але загрузка СТА, як правіла, і блізка не адпавядае іх патэнцыяльным магчымасцям. Напрыклад, ад паслуг райаграсэрвісаўскай станцыі тэхабслугоўвання жывёлагадоўчых фермаў адмовілася большасць гаспадарак раёна. Гучалі меркаванні, што ўся прычына ў высокім кошце работ-паслуг і не заўсёды высокай іх якасці. Заданне на самую блізкую перспектыву: “скарэкціравацца” па шэрагу пазіцый з мэтай максімальнага пашырэння сваёй кліенцкай сеткі. Працаваць так, каб не толькі вярнуць старых, але і знайсці новых партнёраў. Пры гэтым, інтарэс і дзелавая актыўнасць СТА МТФ райаграсэрвіса могуць і павінны мець пазараённую прывязку. Патэнцыял, верагодна, нікуды не знік, дазваляе.

Большая частка сельгасугоддзяў прадпрыемства па сваіх якасных характарыстыках не адносіцца да катэгорыі высокаўрадлівых. Але толькі не клін у межах участка “Адахаўшчына”. Там, пра што неаднойчы гучала і ў ходзе нарады, зямля з’яўляецца дастаткова ўрадлівай, уяўляе сабой досыць тлусты акраец. Але рацыянальнасць выкарыс-тання адахаўшчынскіх плошчаў скрупулёзнасцю не вызначаецца. На гэту акалічнасць рэзка ўказаў старшыня райвыканкама. Незанятыя плошчы, напрыклад, прымыкаюць да тэрыторыі аднаго з будынкаў жывёлагадоўчай фермы “Адахаўшчына”. Дарэчы, санітарны стан, ступень падрыхтаванасці апошняй да стойлавага перыяду таксама выклікалі пытанні.

а выніках нарады складзены пратакол даручэнняў старшыні райвыканкама. Распрацаваць, узгадніць, правесці, навесці, прыцягнуць да адказнасці… Што тычыцца апошняга, то да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты многія спецыялісты райаграсэрвіса: хто атрымаў заўвагу, некаторым аб’яўлена вымова, асобныя звольнены.

З дня той нарады прайшоў ужо некаторы час, на працягу якога многае ў сэрвісе пайшло на папраўку. Асабліва і ў першую чаргу ў пытаннях навядзення парадку на аб’ектах і тэрыторыях. Пафарбавана бетонная агароджа па перыметры базы, адрамантаваны навес для захоўвання камбайнаў, зношаныя шыны і металалом, раней хаатычна раскіданыя па памяшканнях і тэрыторыі, сабраны там, дзе і павінны быць у адпаведнасці з рэгламентам – на спецыяльна адведзеных і неабходна падрыхтаваных пляцоўках. Такія ж дзеянні, з аналагічным вынікам праведзены ў адносінах сельскагаспадарчай тэхнікі. Яна атрымала свой законны, абсталяваны ў гармоніі са стандартам “куток”. Шыльды і ўказальнікі, якіх дзе-нідзе недаставала, падрыхтаваны і занялі сваё месца. Пакуль не ў поўным аб’ёме, але даволі істотныя і, што галоўнае, выніковыя намаганні здзейснены ў накірунку паляпшэння санітарна-бытавых умоў работнікаў некаторых з падраздзяленняў прадпрыемства і многае іншае.

Па сельскагаспадарчым участку “Адахаўшчына” ўвогуле і тамашняй малочна-таварнай ферме ў прыватнасці. Адрамантавана пакрыццё сцен, рамантуецца падлога ў памяшканні малочных блокаў МТФ –   з разлікам завяршыць пачатае не пазней як да 1 кастрычніка. Некалі “голыя”, асобныя з прыбораў асвятлення вытворчых памяшканняў фермы абсталяваны ахоўнымі плафонамі, а ўваходы ў памяшканні – дыванкамі для дэзактывацыі абутку.

Сярод многага іншага, засяродзім увагу на завяршэнні рамонту індывідуальных домікаў для ўтрымання цялят. Але гэта далёка не ўсё. Каб “упісацца” ў запланаваныя аздараўленчыя рамкі, зрабіць райаграсэрвісу належыць яшчэ нямала.

Але ж задача ў тым, каб паправіць эканоміку. Што не проста, і не за тыдзень-два часу.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.

Р.S. Адлюстраванае на здымках уверсе мае зараз ужо зусім іншы – абсалютна прывабны – выгляд.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *