Як павяжаш гальштук… Напрыканцы верасня піянерскія дружыны ў Ляхавічах сабраліся на ўрачысты злёт /фота будзе дапоўнена/

Самае юнае грамадскае аб’яднанне краіны адзначыла   свой чарговы дзень нараджэння. Па добрай традыцыі напрыканцы верасня піянерскія дружыны нашага раёна збіраюцца на ўрачысты злёт, які сёлета прайшоў пад дэвізам “Піянер – гэта  гучыць горда!”.

БРПА захавала ўсё лепшае з мінулых дзесяцігоддзяў і сёння развівае і прымнажае добрыя традыцыі. Гэты дзень – не выключэнне: многія ўчора яшчэ акцябраты адкрыюць для сябе новую старонку, якую запоўняць карыснымі справамі і ўчынкамі.

Раённая піянерская сям’я налічвае 15 дружын, яна аб’яднала пад сваім крылом амаль 2000 хлопчыкаў і дзяўчынак. Больш за 200 маленькіх “чамучак” у суботу папоўнілі іх рады. Піянеры заўсёды гатовыя працягнуць руку дапамогі, яны клапоцяцца пра ветэранаў вайны і працы, інвалідаў і дзяцей, займаюцца добраўпарадкаваннем месцаў воінскай славы.

Піянерыя – рух ініцыятыўных і цікаўных, гатовых заўсёды ўдасканальвацца і мяняцца. Вельмі важна накіраваць гэтую энергію ў правільнае рэчышча, зацікавіць, падказаць, даць своечасовую параду. Таму побач заўсёды старэйшы сябра піянераў – педагог-арганізатар. Здаецца, што ён даўно перастаў бачыць у гэтым толькі сваю прафесію, і бясконцыя злёты, конкурсы, паходы і песні пад гітару ўвайшлі ў расклад яго жыцця абавязковым штрыхом. Пачалі працу з піянерамі Алена Плескацэвіч, Таццяна Пятрушка, Вольга Лініч, Юлія Лешык, Анастасія Далідзік, Святлана Зубік, Ларыса Глеб. З гэтага навучальнага года ўзначаліла раённы савет БРПА Вікторыя Васілеўская.

Віншавала навічкоў-піянераў, якім пажадала быць падобнымі на старэйшых сяброў, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Сталярчук.

За актыўны ўдзел у піянерскім руху раёна адзначаны дружыны “Спадчына” Навасёлкаўскай СШ,  імя Мікалая Гастэлы  СШ № 2 г. Ляхавічы, “Васілёк” Тальмінавіцкай, “Вясёлка” Жарабковіцкай СШ, “Палымяныя сэрцы” гімназіі. А права называцца лепшай піянерскай дружынай-2016 атрымала “Пралеска” Востраўскай СШ.

І хоць суботняе надвор’е не радавала, дзеці не сумавалі і з ахвотай працягвалі весяліцца, прымалі ўдзел у канцэртна-гульнявой праграме “Салют піянерскаму папаўненню!”. Выступалі з запалам, з іскрынкай – па-піянерску.

Маргарыта КУХТА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.

Фота аўтара.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *