Пад адным дахам. У доме сумеснага пражывання ў Ганчарах Ляхавіцкага раёна заўсёды цёпла сэрцу, утульна душы і не адзінока

Пажылы – не значыць абыякавы. І многія нашы землякі пацвярджаюць гэта справамі і ладам жыцця. Актыўныя, па-добраму неспакойныя, няўрымслівыя і нястомныя, нашы добрыя бабулі і дзядулі, мудрыя дарадцы і памочнікі. Хто лепш ведае, як смачна заквасіць капусту ці спячы булку, хто нас так зразумее, як не яны. А ім так важна адчуваць сваю значнасць і запатрабаванасць. І … не быць адзінокімі, сам-насам.

Румянымі яблыкамі шчодра ўвешаны дрэвы, адмыслова ўкладзены дровы, жоўтымі сонейкамі зіхацяць кветкі – няхітры і просты, але такі цёплы пейзаж. Яго арганічна дапаўняюць лаўкі, столікі, гаспадарчыя пабудовы, кармушка для птушак – усё тое, што стварае асаблівы вясковы каларыт і нейкую дамашнасць. Гэта пра Ганчароўскі дом сумеснага пражывання пажылых людзей і інвалідаў, які размясціўся тут з чэрвеня мінулага года. Гаспадараць у ім пенсіянеры – тры жанчыны і шасцёра мужчын, для некаторых з іх з-за цяжару гадоў нават прагулка па двары вялікая раскоша. Да іх паслуг утульныя пакоі, кухня, сталовая, санвузел і іншыя даброты. Але не яны галоўнае, а атмасфера ўзаемаразумення і шчырасці, якая тут пануе.

Работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва рабілі ў доме рамонт сваімі сіламі, нават адзенне для некаторых жыхароў прыносілі. Бялізну, коўдры, падушкі, ручнікі, тапкі закупіў “Трансэлектракамплект”. Тады на просьбу аб дапамозе адгукнуліся многія нашыя землякі. Ёсць тут халадзільнік, пральная машына, тэлевізар, на сценах прыгожыя карціны. Навокал чысціня і парадак. Проста, але вельмі душэўна.

На гадзінніку 8 раніцы, а на сталах ужо каша, гарачы чай і бутэрброды. Жыхароў дома не хвалюе пытанне, чым падсілкавацца на працягу дня. Яны ведаюць, што пра гэта заўсёды паклапоцяцца сацыяльныя работнікі. Калі паўстала пытанне, як харчавацца – індывідуальна ці калектыўна, пенсіянеры вырашылі аднагалосна: за іх кошт для іх будуць гатаваць сняданак, абед і вячэру. І вельмі задаволеныя тым, як іх кормяць –  па-дамашняму смачна і сытна. Некаторыя для ўласнай сям’і лянуюцца пасмажыць дранікі, а бабуляў і дзядуляў частуюць часта гэтай стравай.

– Так прыемна глядзець, як яны з апетытам іх ядуць, зверху прыпраўляюць смятанкай. Любяць і шкваркі з блінамі, расольнік, пюрэ, – адзначае сацыяльны работнік Людміла Ігнатовіч, якая раней працавала поварам.

З нарыхтоўкай бульбы-агародніны жыхарам гэтага дома дапамагае фермерская гаспадарка “Даманскае”. Сёлета абяцаюць паклапаціцца райаграсэрвіс і “Жарабковічы”.

Людміла Мікалаеўна дакладна вядзе бухгалтэрыю і старанна разлічвае суму ў месяц на кожнага чалавека. Яе калегі сацработнікі Аксана Кузняцова і Іна Коршун таксама доб-рыя гаспадыні – вакол чысціня і парадак. Яны трое мыюць бялізну для сваіх падапечных, гатуюць, прыбіраюць, ва ўсім дапамагаюць. Трэба – і ноччу адгукнуцца.

Тут асаблівы настрой і погляд на свет. Міма ідуць людзі, хто ў магазін, хто па справах. Насельнікі ж гэтага дома праходжваюцца няспешна, гуляюць у даміно, чытаюць раёнку, сядзяць перад тэлевізарам, гамоняць. Дарэчы, у іх няма спрэчак, якую праграму выбраць. Жывуць дружна і падтрымліваюць адзін аднаго. Іван Вялічка, Канстанцін Лапіч, Міхаіл Збіруховіч пасяліліся ў адным пакоі, і гэта ім у радасць, пасябравалі. Іх таварыш Фёдар Казлоў знаходзіўся на лячэнні ў бальніцы.

У іх агульныя інтарэсы і тэмы для размовы. Усе працавалі на зямлі, мелі гаспадарку. Сцвярджаюць, што ў доме сумеснага пражывання ім усё падабаецца. Накормлены-напоены, дагледжаны, а больш, гавораць, не трэба.

У кожнага з дзевяці пастаяльцаў свая прычына, па якой змянілі яны месца жыхарства: адны не ўжыліся з роднымі ці тыя далёка, іншыя не ў сілах сябе самастойна абслугоўваць, хтосьці застаўся зусім адзін. Але практычна да ўсіх прыязджаюць ці дзеці, ці ўнукі, ці пляменнікі.

– Тады на душы радасна, – заўважае 74-гадовы Канстанцін Лапіч.

З другога пакоя даносіцца песня – спяваюць жанчыны. Старэйшай з іх, Міхаліне Іванаўне, 88 гадоў. Успамінае, як дзіцём у гады ваеннага ліхалецця працавала на нямецкай лесапілцы. На сваім вяку ўсяго пабачыла, нацярпелася. У 24 гады засталася адна з двума дзецьмі. Спраўлялася і па гаспадарцы, і на працы. Цяпер унучка кліча да сябе, а бабуля адмаўляецца, бо тут яна сама сабе гаспадыня. Да суседак, якія жывуць праз калідор, ходзіць у госці.

Такія розныя, і такія падобныя. Добрыя, шчырыя, адкрытыя. Праўда, гавораць, не-не прысніцца тое жыццё, дзе яны маладыя, вяжуць, шыюць, пякуць хлеб і ўся сям’я разам.

…Пахаладала. І сацыяльныя работнікі распальваюць печ – пажылыя любяць цяпло. Рабочы Юрый Бурба наскладваў-насушыў дроў – зіма не страшная.

Бабулі і дзядулі вельмі рады гасцям. Іх твары тады свецяцца ўсмешкамі і ўдзячнасцю. Часта бываюць у Ганчароўскім доме супрацоўнікі ТЦСАН, РАНС (у дзень прыезду газетчыкаў раздавалі пастаяльцам памяткі па пажарнай бяспецы), айцец Максім, нават цырульнік. Вельмі чакаюць рабят з “Пунсовых агеньчыкаў” і ўдзельнікаў ветэранскага клуба “Сівізна”. А работнікі Мядзведзіцкага ФАПа добра ведаюць усе хваробы кожнага з насельнікаў гэтага цёплага дома. Днямі рабілі ім прышчэпкі ад грыпу.

…Яны патрэбныя. Яны не адны. Пра іх клапоцяцца і не забываюць. Гэта важна. Не толькі для пажылых, але і для маладых.

– Такая форма пражывання састарэлых людзей добра зарэкамендавала сябе ў нашым раёне. У выпадку неабходнасці пажылому чалавеку, як кажуць, ёсць дзе прытуліць галаву, – зазначае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Леанід  Калбаса.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Разам – не адзінока.

Канстанцін Лапіч, Іван Вялічка.

Міхаліна Наліўка.

Ірына Венцаль, Марыя Папчэня.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *