З чаго складаюцца дапамога і клопат

На чарговым пасяджэнні  райвыканкама абмяркоўваліся  стан  работы  па сацыяльнай абароне насельніцтва, а таксама выкананне на Ляхавіччыне мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы развіцця фізічнай культуры і спорту.

Старшыня райвыканкама  Вячаслаў Сельмановіч,  акцэнтуючы ўвагу на актуальнасці і важнасці тэмы  сацыяльнай абароны, абазначыў фармат размовы: акрэсліць праблемы і шляхі іх вырашэння на бліжэйшую перспектыву.
Адна з  састаўных  частак сацыяльнай абароны  – пенсійнае забеспячэнне. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса праінфармаваў: розныя віды пенсій штомесяц у нашым раёне атрымліваюць 8807 чалавек – больш за  33 працэнты насельніцтва Ляхавіччыны. Расходы на іх выплату сёлета за 8 месяцаў у раёне склалі 19,6 мільёна дэнамінаваных  рублёў.
Не застаюцца сам-насам з праблемамі пажылыя і непрацаздольныя грамадзяне, якія  апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, адзінокія і адзінока пражываючыя, ветэраны, інваліды. Рабочыя групы ў складзе спецыялістаў аддзелаў  і ўпраўленняў райвыканкама, сельвыканкамаў, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, супрацоўнікаў РАНС   абследуюць  іх матэрыяльна-бытавыя  і жыллёвыя ўмовы. Аказваецца матэрыяльная дапамога, рамантуецца праводка,  пячное ацяпленне і іншае.
Асаблівая ўвага – ветэранам Вялікай Айчыннай вайны.
Сацыяльным абслугоўваннем на даму ахоплена 560 чалавек у 76 населеных пунктах. У раёне, як і іншых на Брэстчыне, працуе тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Пры ім адкрыты  6 дамоў  сацыяльных паслуг для пенсіянераў і інвалідаў I і II груп, пункт пракату рэабілітацыйных сродкаў.
На тэрыторыі Востраўскага сельсавета функцыянуе стацыянарны філіял аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму, у Ганчарах з нядаўняга часу размясціўся дом сумеснага пражывання для грама-дзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Выкарыстоўваюцца  такія формы работы з пенсіянерамі і інвалідамі, як прыёмная,  гасцявая і патранатная сем’і. З ліпеня пры раённай арганізацыі таварыства  Чырвонага Крыжа працуе сястра міласэрнасці, якая бясплатна аказвае меддапамогу,  сацыяльныя і  бытавыя паслугі.
Сацыяльныя паслугі развіваюцца і ўдасканальваюцца пад патрэбы тых, каму яны неабходны. Так, для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і іх сем’яў укаранёна сацыяльная платная паслуга “Гасцініца выхаднога дня”.  У планах адкрыццё аддзялення дзённага знаходжання для састарэлых грамадзян.
А вось аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў даўно стала тым месцам, дзе занятак па інтарэсах знаходзяць землякі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Тут  арганізаваны  гурткі  і клуб, адкрыта рэабілітацыйна-працоўная майстэрня па вырабу сувеніраў.
Сур’ёзная ўвага ў краіне, адпаведна і ў раёне, надаецца   сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. За 8 месяцаў сума грашовых сродкаў, накіраваных на выплату ім дзяржаўнай дапамогі, перавысіла  383 тысячы рублёў.  За назначэннем сямейнага капіталу ў райвыканкам за 8 месяцаў звярнуліся 43 чалавекі, 104 сям’і – за рознымі відамі дапамогі.  Да новага навучальнага года аднаразовая матэрыяльная дапамога выплачана 337 сем’ям, у якіх выхоўваецца трое і больш дзяцей. І гэта толькі невялікая частка таго, што робіць дзяржава для  падтрымкі  сем’яў.
Леанід Калбаса  падкрэсліў, што кожны, хто сутыкнуўся з цяжкай жыццёвай сітуацыяй, не застаецца сам-насам з праблемамі і ,як правіла, ведае, куды звярнуцца за дапамогай.
Начальнік упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Анатолій Ражанец, які прысутнічаў на пасяджэнні райвыканкама,  высока ацаніў стан сацыяльнай абароны насельніцтва ў нашым  раёне, абазначыў важныя моманты, якія неабходна ўлічваць у рабоце, і падзяліўся тымі навацыямі, што  чакаюць сферу далей.
Другім пытаннем парадку дня стала спартыўна-фізкультурнае. Гэта галіна ў раёне сёння пад патранатам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Галоўны спецыяліст аддзела Уладзімір Погас адзначыў, што за час дзеяння пяцігадовай праграмы  праведзена нямала спартыўна-масавых мерапрыемстваў, турніраў, некаторыя з іх сталі папулярнымі і традыцыйнымі. Немалая заслуга ў гэтым раённага фізкультурна-спартыўнага клуба “Колас”, які праводзіць значную работу з насельніцтвам. За апошнія гады павялічылася колькасць прыхільнікаў фізічнай культуры  і спорту, у тым ліку і ў сельскай мясцовасці. Але, як падкрэсліў дакладчык, спыняцца на гэтым нельга. Сёння ставіцца задача актывізаваць работу па прыцягненні да заняткаў пенсіянераў і вяскоўцаў.
Аб’яднанне ў 2013 годзе аддзелаў адукацыі, спорту і турызму прынесла пазітыўныя зрухі. Наладзілася ўзаемадзеянне паміж спартыўнай і агульнаадукацыйнымі школамі. Гэта, у тым ліку, дало  магчымасць адначасова аздараўлівацца  і зай-мацца вучэбна-трэніровачным працэсам у летніку.  Так, сёлета 255 ра-
бят  (амаль палова ад агульнай колькасці тых, хто займаецца ў спартшколе) адпачылі і набраліся сіл у “Чайцы”. Трэнеры-выкладчыкі ДЮСШ за пяцігодку  падрыхтавалі  755 спартсменаў масавых разрадаў (у  2016 годзе  – 120). 50 выпускнікоў ДЮСШ працягнулі навучанне па спартыўным профілі. Дарэчы, у спартшколе займаюцца не толькі школьнікі, але і дарослыя. Тут дзейнічаюць трэнажорныя залы, аднаўленчы цэнтр, можна арганізаваць вучэбна-трэніровачныя зборы і г.д. Канешне, патэнцыял ДЮСШ дазваляе выкарыстоўваць залы і пляцоўкі яшчэ больш актыўна.
Міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, які прыняў удзел у пасяджэнні і наведаў  спартшколу, адзначыў, што міністэрства выдзеліць установе  10 тысяч рублёў для набыцця спартыўнага інвентару.
Па абмеркаваных пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *