Квэст не фэст, але зацікавіў /фота/. У Ляхавічах стартаваў першы гарадскі квэст «Непрыступная фартэцыя»

У мінулую суботу стартаваў першы гарадскі квэст «Непрыступная фартэцыя», прысвечаны гісторыі нашага горада. Удзельнікаў чакала займальнае падарожжа па знакамітых мясцінах Ляхавіч, але адшукаць іх было не так проста.
Прыняць удзел у квэсце ці сабраць сваю каманду мог кожны. Дастаткова было падаць заяўку ці напісаць арганізатарам. У выніку – дзве каманды добраахвотнікаў, якія вырашылі праверыць свае сілы ў веданні гісторыі Ляхавіцкага краю, сабраліся ў гарадскім Доме культуры. Але спачатку ўдзельнікі паглыбіліся ў часы, калі на беразе ракі Ведзьма красавалася велічная Ляхавіцкая фартэцыя, пабудаваная гетманам ВКЛ Янам Каралем Хадкевічам.
За пару хвілін да старту кожная каманда атрымала карту з заданнямі. Галоўная задача – прытрымлівацца маршруту і не збіцца са шляху і, канешне, дабрацца да фіналу раней саперніка. Толькі замест назваў рэальных аб’ектаў –падказкі, якія і дапамагалі ім знайсці кантрольныя кропкі, раскіданыя па ўсім горадзе. А каб адсачыць перамяшчэнне каманд, на кожным адгаданым месцы яны павінны былі зрабіць фотаздымак. Пры гэтым выкарыстоўваць асабісты і грамадскі транспарт па правілах квэста забаронена, таму нашы першапраходцы адправіліся ў падарожжа пешшу.
Першае, з чаго пачалі – пабудова 1907 года, якая пазней пазбавілася званіцы.  І хоць зарыентаваліся рабяты не адразу, але ўсё ж здагадаліся, што гаворка ідзе пра будынак колішняга касцёла Святога Язэпа (потым у ім размяшчалася паліклініка).
Наступны прыпынак – месца, дзе стаяла адна з найбуйнейшых крэпасцяў Рэчы Паспалітай. Гэта заданне не выклікала цяжкасцяў, і мы накіраваліся да памятнага знака, на якім намаляваны герб горада з абрысамі Ляхавіцкай фартэцыі. Знайшлі і пабудову 19 —  пачатку 20 стагоддзяў, дзе сёння размяшчаецца аддзяленне аховы.
Помнік, які нагадвае пра кровапралітныя баі Першай сусветнай вайны, ніводнай камандзе так і не ўдалося знайсці. Ужо пасля зразумелі, што гаворка ідзе пра абеліск на магіле рускіх салдат, якія загінулі ў 1915-1918 гадах на расійска-нямецкім фронце. А вось пра самы малады помнік у горадзе – памятны знак воінам-інтэрнацыяналістам –
здагадаліся адразу. Апошняя кропка – месца былога прыпынку гарадскога аўтобуса, які быў упрыгожаны кітчавай мазаікай. Удзельнікі вырашылі, што гэта прыпынак каля стадыёна, бо менавіта ён выбіваўся з раду іншых. І не памыліліся.
Кожная каманда атрымала граматы і салодкія падарункі, а яшчэ станоўчыя эмоцыі і незабыўныя ўражанні.
Вольга Пішч, культарганізатар Ляхавіцкага гарадскога Дома культуры, адзначыла:
– Важна надаваць шмат увагі арганізацыі вольнага часу моладзі, старацца яго разнастаіць. І ўдзел у гарадскім квэсце –  гэта вартая альтэрнатыва бязмэтнаму баўленню часу, бо тут задзейнічаны і фізічныя, і інтэлектуальныя здольнасці ўдзельнікаў. Выконваючы заданні квэсту “Непрыступная фартэцыя”, яны не толькі вучацца працаваць калектыўна, але і даведваюцца шмат новага, што немалаважна для выхавання ўсебакова развітай асобы.
Першы гарадскі квэст прайшоў на ўра. Па-сапраўднаму захапляльным, цікавым, пазнавальным атрымалася падарожжа па горадзе. Давялося думаць, разважаць, аналізаваць, каб знайці неабходныя культурныя аб’екты, але гэта дазволіла самым актыўным і дапытлівым адкрыць для сябе новыя старонкі гісторыі. Такі варыянт суботняга вечара спадабаўся ляхавіцкай моладзі, якая ўжо з нецярпеннем чакае новага квэсту.
Прыгодніцкая гульня, падчас якой удзельнікам трэба прайсці шэраг перашкод для дасягнення якой-небудзь мэты.

Маргарыта КУХТА, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.

Фота аўтара.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *