13 – нумар стваральны

Начальніка УБП “ПМК-13” ААТ “Пінсксаўгасбуд” Міхаіла Шэйду ў кабінеце заспець праблематычна:  ён увесь час то на будаўнічых аб’ектах, то ў вытворчых майстэрнях, то вырашае паўсядзённыя і вельмі важныя  пытанні з падрадчыкамі, партнёрамі і пастаўшчыкамі – кожны дзень распісаны па хвілінах.  І такі расклад на працягу чвэрці стагоддзя (менавіта столькі часу Міхаіл Антонавіч працуе ў адной з лепшых будаўнічых арганізацый Ляхавіччыны) для вопытнага кіраўніка стаў звычайным.

Адданасць выбранай справе, прафесіяналізм,  патрабавальнасць, пастаяннае імкненне да новага, сучаснага – рысы, уласцівыя Шэйду-кіраўніку. Гэтага ён па-трабуе і ад сваіх падначаленых – калектыву ПМК-13, які сёння складаецца з 420 работнікаў розных спецыяльнасцей. На многіх аб’ектах краіны пакінулі свае аўтографы муляры, бетоншчыкі, цесляры, сталяры, механізатары, тынкоўшчыкі, маляры калоны. На будаўнічых пляцоўках  іх нязменныя памочнікі — высотныя краны, пагрузчыкі, спецыяльныя ўстаноўкі-міксеры, бульдозеры. Тэхнікі ў арганізацыі ў дастатковай колькасці.

—  У нашай будаўнічай справе, як і ў многіх іншых, галоўнае – чалавечы фактар. Ад кваліфікацыі кожнага працаўніка, яго прафесіяналізму і  асэнсавання значнасці свайго месца на вытворчым участку залежыць вынік работы ўсяго калектыву, – сцвярджае Міхаіл Шэйда.

А ганарыцца флагману будаўнічай га-ліны Ляхавіччыны — ПМК-13 — ёсць чым. За 6 месяцаў сёлета выканана генпадрадных работ на 37 мільярдаў 967 мільёнаў рублёў, што складае 211 працэнтаў да аналагічнага мінулагодняга паказчыка. Уласнымі сіламі асвоены 19 мільярдаў 581 мільён (156,8 працэнта да ўзроўню 6 месяцаў 2010 года). На падсобнай вытворчасці (піларама, арматурны цэх, раствора-бетонны вузел) выпушчана ўласнай прадукцыі на  2 мільярды 110 мільёнаў рублёў. За 6 месяцаў прадпрыемства спрацавала з рэнтабельнасцю 9,2 працэнта.

У мінулым годзе ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за дасягненне лепшых вынікаў у выкананні асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод будаўнічых арганізацый краіны  ААТ “Пінсксаўгасбуд” прызнана пераможцам спаборніцтва (першае месца) і занесена на Рэспублікан-скую Дошку гонару. Ёсць у гэтай значнай перамозе і важкая частка добрасумленнай працы шматпрофільнага калектыву ПМК-13. Ганарова, пачэсна, заслужана!

Ад Пінска да Мінска – такая шырокая геаграфія будаўніцтва разнастайных       аб’ектаў, якія ўводзіць у строй “трынаццатае”. Добрую спадчыну ў выглядзе шматпавярховых дамоў, катэджаў, аб’ектаў сацкультбыту, вытворчых памяшканняў пакінулі ляхавіцкія будаўнікі не толькі ў сваім раёне, але і ў Карэліцкім, Клецкім, Любанскім,  Мінскім, Пінскім. Большасць шматпавярховікаў новага мікрараёна па вуліцы Інтэрнацыянальнай  у райцэнтры пабудавала ”трынаццатае”. Яно ж мае дачыненне да будаўніцтва сучасных МТФ у СВК ”Шлях новы” і ”Ляхавіцкі”, іншых аб’ектаў у сельскай мясцовасці.

— У большасці выпадкаў будаўніцтва пачынаем з нуля, з чыстага ліста і здаём аб’ект пад ключ, выконваючы не толькі непасрэдна будаўнічыя работы, але і аддзелачныя, устанаўліваем сантэхніку,       займаемся добраўпарадкаваннем тэрыторыі, – расказвае пра вытворчы працэс  Міхаіл Шэйда.

Сёлета  ў Мачулішчах Мінскага раёна пачалося будаўніцтва 5  шматпавярховых дамоў і 186 катэджаў, інтэрната, гасцініцы, гандлёвага комплексу, тэніснага корта і футбольнага поля на месцы, дзе нядаўна былі лес і балота.

Будаўніцтва будаўніцтвам, але пра   ахову працы і бытавыя зручнасці будаўнікоў не забываюць. Перш, чым пачаць прафесійныя работы ў Мачулішчах, устанавілі спецыялізаваны міні-інтэрнат на 85 месцаў. Каб максімальна наблізіць умовы жыцця да дамашніх (будаўнікі працуюць вахтавым метадам: 2 тыдні на аб’екце, столькі  ж адпачываюць дома), тут створаны ўсе бытавыя ўмовы.

Па аналагічным прынцыпе вядзецца і будаўніцтва малочнатаварнай фермы, комплексу па дарошчванні буйной рагатай жывёлы, зернесушыльнага комплексу і склада для захоўвання зерня ў Пінскім раёне. Дарэчы, для вырашэння часовай жыллёвай праблемы для ляхавіцкіх будаўнікоў у Пінскім раёне быў выкуплены і адрамантаваны будынак былой школы.

— З такім калектывам, які зараз склаўся ў арганізацыі, нам пад сілу ўзвядзенне любых аб’ектаў, галоўнае, каб на гэта выдаткоўваліся сродкі і каб былі якасныя праекты, – гаворыць Міхаіл Шэйда.

Сапраўды, галоўнае багацце і гонар ПМК-13 – шчырыя, надзейныя, адказныя і сумленныя работнікі. Па словах кіраўніка, 70 працэнтаў калектыву –  людзі не выпадковыя, а тыя, хто “ўрос” у арганізацыю і для каго яна стала другім домам. Менавіта такім выдатным працаўнікам, як  механік Расціслаў Дуброўскі, старшы прараб Валерый Бацечка, старшы майстар Казімір Пляшэвіч,  намеснік начальніка Людміла Наумовіч , галоўны бухгалтар Святлана Цітко, якія працуюць у арганізацыі больш за 20 гадоў, пад сілу любая задача. Толькі слоў падзякі за       добрасумленную працу заслугоўваюць сталяр Уладзімір Рамейка, машыніст бульдозера Анатолій Рычкоў,  цясляр-   бетоншчык Мікалай Заяц,  муляры  Эдуард Прыхач, Ігар Цімашкевіч, Эдуард Адамовіч, Валерый Сакун, Уладзімір Дэкола, Віктар Жыхараў і іх брыгадзір Сяргей Ячмяновіч, брыгадзір Марыя Гладкая, тынкоўшчыкі-маляры Аксана Сцепанюк, Ала Горбач, Любоў Штаінгауэр, Сяргей Шахматаў, Аляксандр Люкіш, Мікалай Шастак і многія іншыя, хто носіць ганаровае званне прадстаўніка самай мірнай і такой запатрабаванай прафесіі – будаўнік.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *