Педагагічная класіка /фота new/. У Ляхавічах педагогі адзначылі прафесійнае свята

Яны па-ранейшаму маладыя духам, і па-ранейшаму ў іх вачах любоў да школы, да вучняў.

Упэўнена, што мінулая пятніца ва ўсіх педагогаў пачалася прыкладна аднолькава – з прыемных сюрпрызаў і віншаванняў. Кветкі, усмешкі, словы прызнання і ўдзячнасці – нязменны атрыбут прафесійнага свята настаўнікаў. Іх атрымліваюць і ўчарашнія выпускнікі педагагічных устаноў, і іх старэйшыя калегі, нават калі ўжо знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Удзячнасць вучня настаўніку – гэта заўсёднае, вельмі шчырае пачуццё. І калі ж выказаць яго, як не ў гэты кастрычніцкі святочны выхадны, прысвечаны па праву педагогам.

Фае гарадскога Дома культуры, дзе праходзіла ўрачыстасць у гонар педагогаў, нагадвала выставу арыгінальных кампазіцый. Творча і крэатыўна ўстановы адукацыі раёна прадставілі сваё бачанне сутнасці і значнасці настаўніцкай справы, адрасавалі калегам цёплыя словы.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч шчыра павіншаваў настаўнікаў і выхавальнікаў, работнікаў дзяржаўнага аграрнага каледжа, ветэранаў педагагічнай працы са святам, падзякаваў ім за нялёгкую, крапатлівую працу і адданасць прафесіі, уручыў узнагароды райвыканкама і райсавета.

Урачыстая праграма ўяўляла адкрыты ўрок, на працягу якога ў адрас прысутных гучалі словы павагі, а песні, танцы, сцэнкі ў выкананні дашкалят, школьнікаў, навучэнцаў ЛДАКа і самадзейных артыстаў дарылі добры настрой.

Самыя цёплыя і сардэчныя пажаданні калегам – ад начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святланы Якубоўскай.

Зала дружнымі апладысментамі вітала майстроў прафесіі – ветэранаў педагагічнай працы, якім сёлета споўнілася 90, 80, 75, 70 гадоў. Сваё дзевяностагоддзе адзначыў былы дырэктар Альхоўскай СШ Іван Вялічка. Юбілей – восемдзесят –  у Веры і Івана Купрыкаў, выдатнікаў адукацыі з СШ №1, Івана Чаранкевіча з Ліпскай школы і былога выхавальніка ясляў-сада №1 Галіны Ганчарык.

Многія з сённяшніх юбіляраў некалі вучылі і тых, хто знаходзіўся ў святочнай зале, памятае іх адказы ля дошкі, сачыненні і дасягненні. Ветэраны педагагічнай працы – жаданыя госці ў кожнай школе, іх вопыт бясцэнны і запатрабаваны, іх памятаюць і паважаюць. Усім юбілярам-ветэранам – кветкі ад райвыканкама і падарункі ад райкама галіновага прафсаюза.

Пэўна, тое, што Дзень настаўніка адзначаецца восенню – не выпадковасць. Душа настаўніка, як і гэта прыгожая, ураджайная пара года, добрая, шчодрая і заўсёды прыгожа-маладая.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *