З жыцця падрастаючых Ляхавіччыны

У школе КВЗ да гумару ставяцца сур’ёзна.

Актыўна ўключыўся ў жыццё школьнікаў цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Сёння яго наведваюць больш за 1300 вучняў, а гэта, у сваю чаргу, практычна 100 аб’яднанняў па інтарэсах.

Тут кожны зможа раскрыць і праявіць сябе, знайсці справу па душы. А калі з выбарам заняткаў вызначыцца складана, вопытныя педагогі заўсёды прыйдуць на дапамогу і правядуць экскурсію ў краіну дзіцячай творчасці.

Для тых, хто імкнецца ажыццявіць свае крэатыўныя ідэі і зрабіць свет ярчэй і прыгажэй, падыдуць аб’яднанні па інтарэсах “Лянок”, “Пляценне з паперы”, “Мяккая цацка”, “Бісерапляценне”, “Кветкавы дызайн” і інш. Сваімі вырабамі дзеці ўпрыгожваюць дамашні інтэр’ер, радуюць родных і сяброў самабытнымі сувенірамі ручной работы.

Хлопчыкі і дзяўчынкі, пад нясмелым пэндзлем якіх ажываюць простыя і мудрагелістыя сюжэты, могуць удасканаліць сваё майстэрства і навучыцца новаму  ў “Чароўным пэндзліку”. А паспытаць сябе ў роспісе акрылавымі фарбамі па тканіне можна ў “Батыку”.

Сярод юнакоў застаецца папулярнай разьба па дрэве. Дзяўчынкі ж аддаюць перавагу заняткам, дзе могуць нешта зрабіць для сябе: змадэляваць і пашыць адзенне, даць другое жыццё старой рэчы.

А ў “КліпАрце” пачынаючыя відэааператары і мантажоры спрабуюць ствараць відэасюжэты.

Аднак самымі папулярнымі застаюцца заняткі вакалам. У “Вясёлых нотках” ёсць магчымасць раскрыць свой талент у спевах, навучыцца паводзіць сябе на сцэне. Запатрабаваная і «Аэробіка», дзе юныя лэдзі ўмацоўваюць і аздараўляюць арганізм.

Цэнтр працуе і з дзецьмі дашкольнага ўзросту. У аб’яднанні “Малышок” заняткі накіраваны на ўсебаковае развіццё дзіцяці. Дашкаляты, напрыклад, займаюцца рытмікай, тэатральна-гульнявой дзейнасцю, лепкай і нават замежнай мовай. Гэта на карысць і дзяцей, і бацькоў – таты і мамы ў гэты час могуць заняцца хатнімі справамі.

Вартую змену выхавала “Школа КВЗ” пры цэнтры. Хлопцы і дзяўчаты падышлі да гумару сур’ёзна і ўзяліся за справу з вялізным жаданнем і задавальненнем. Вынікі не прымусілі чакаць: яны ўдзельнікі 1/8 фіналу, пераможцы чвэрцьфіналу, паўфіналісты Брэсцкай абласной адкрытай лігі КВЗ сезона 2016 года. І спыняцца не збіраюцца: наперадзе ўдзел у раённым этапе.

Педагогі імкнуцца зрабіць кожны занятак для выхаванцаў цікавым, інфарматыўным, карысным, запамінальным, што і атрымліваецца. У пацверджанне таму дыплом І ступені ў конкурсе гульнявых праграм “Чароўная скарбонка”, дзе ўдзел прымалі толькі педагогі.

– Дадатковая адукацыя дазваляе падтрымліваць і развіваць здольнасці і таленты дзяцей. Гэта бясцэнны ўклад у будучыню нашай краіны. Сёння ўсе бацькі мараць, каб іх дзіця было творча развітым, умела знаходзіць выхад з любых сітуацый. Тут мы даем магчымасць крэатыўна мысліць, выяўляць сябе. Пры гэтым бацькам не трэба турбавацца, чым бы напоўніць вольны час дзіцяці. Дарэчы, многія нашы навучэнцы звязваюць сваё жыццё з тым, чаму навучыліся ў цэнтры, –  такі погляд на ролю дадатковай адукацыі выказала намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Галіна Шайкоўская.

Кожнае дзіця – гэта маленькі таямнічы свет, якому, каб раскрыцца, часам патрэбна дапамога. І зрабіць гэта трэба правільна. Напоўніць дзяцінства яркімі і незабыўнымі момантамі, дзіўнымі адкрыццямі і знаёмствамі –  і падрастаючы чалавек навучыцца бачыць усе фарбы вясёлкі, творча і пазітыўна мысліць, быць аптымістам. А гэта здорава!

Маргарыта КУХТА,

студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.

Фота аўтара.


Разьба па дрэве – занятак для сапраўдных мужчын.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *