Пад замком

Сэрца не павінна пуставаць – інакш яно развучыцца любіць, клапаціцца, чуць. Зямля не павінна пуставаць – інакш яна зарасце дзікімі травамі. Дом не павінен пуставаць – інакш ён вельмі хутка ад недагледжанасці струхнее, стане лядашчым. Як жа важна не проста запоўніць, а запоўніць зместам і каб змест гэты – на карысць усім.
Давайце пройдземся па вуліцах нашага райцэнтра, такога ўтульнага, знаёмага, прывычнага,  малажавага, нават маладога ў сваім даволі шаноўным узросце. Плошчы, скверы, фантан, паркоўкі, кветнікі, нейкія мілыя адметнасці (то лебедзі, то ландышы, што вечарам запальваюцца ліхтарыкамі, то туфлік з аксаміткамі на газоне) –  нашы Ляхавічы нездарма  адзначыліся перамогай у рэспубліканскім аглядзе па добраўпарадкаванні. Але няма межаў  дасканаласці, ды не сціпла на дасканаласць замахвацца – да яе імкнуцца трэба. Што наш гарадок і ягоныя жыхары старанна робяць. Ну а пэўныя негатыўныя сюжэты, якія трапляюць  у газетныя рубрыкі  «Аб’ектыўны аб’ектыў», «Востры ракурс» і таму падобныя, – у тым ліку і з’яўляюцца складнікам работы ў гэтым накірунку.
А цяпер пра пустату, дакладней, пра пустыя будынкі, якія па розных прычынах пры законных гаспадарах застаюцца нейкім ці то баластам, ці то рэзервам (нерухомасць заўсёды ў цане), ці то чыёйсці няспраўджанай марай, ці то помнікам не даведзенай да канца справы. Ёсць сцены, дах над імі, часам, даволі дабротны, а вокны глядзяць пустымі вачыма… Вуліца 17 Верасня, дом 7. Прыватная ўласнасць зарастае пустазеллем, якое зрэдку ўладальнікі скошваюць. Усё больш абшарпанымі робяцца  сцены, усё больш брудным – шкло ў вокнах. Такі вось антыэстэтычны дысананс у цэнтры горада. Больш аптымістычны выгляд у двухпавярховага будынка па вуліцы Цітовіча, 4 з-за таго, што некалькі гадоў назад звонку яго адрамантаваў-акультурыў новы гаспадар – прыватная асоба. І на гэтым спыніўся. З фундамента ўжо абсыпаецца плітка, а пустазеллю па перыметры вальготна. Карціна трапляла неаднойчы  ў аб’ектыў фотакора «ЛВ». Час ідзе, зелле расце, а ўсё астатняе па гэтым адрасе нязменнае: будынак невядомага прызначэння.
Паміж кінатэатрам «Кастрычнік» і магазінам «Бярозка» яшчэ адзін, вобразна кажучы, замок. Праўда, нядаўна тут памянялі дах  і вонкавы выгляд пабудовы здавальняючы. Але выконвае яна выключна ролю фрагмента гарадскога пейзажу, і не больш таго.
Пералічваць адрасы падобнага кшталту можна і далей: па вуліцы Чкалава, напрыклад, (былая студэнцкая сталовая), яшчэ раз – па Цітовіча (там, дзе знаходзіўся магазін «Мясная лаўка», падобна, ідзе рамонт, а дзе арандавалася плошча пад стаматалагічны кабінет не відаць руху). Па вуліцы 17 Верасня ў будынку гасцініцы вельмі сумна глядзіцца акно колішняга магазінчыка. Замок з’явіўся і на дзвярах памяшкання, у якім яшчэ нядаўна кватаравала гандлёвая кропка «Еўраопта». Неаптымістычны выгляд у часткі першага паверха Дома быта па вуліцы Леніна…
У гэтых і іншых адрасоў ёсць свае ўладальнікі. Уласнік клапоціцца пра сваю маёмасць, ён зацікаўлены ў тым, каб яна не разбуралася, больш таго – прыносіла карысць, каб утрымлівалася ў парадку – гэта ўжо абавязак. Ёсць яшчэ адзін момант: наколькі камфорт-ней і зручней стала б ляхавічанам, колькі прапаноў-паслуг для іх дадаткова з’явілася б, калі б усе пустуючыя квадратныя метры былі прадумана задзейнічаны; колькі б дадатковых рабочых месцаў з’явілася і нагод для шчырых усмешак.
Набыць ва ўласнасць – пачатак справы, а працяг – давесці да ладу.
Вольга БАРАДЗІНА.
Выкарыстана ілюстрацыя з сайта http://www.photosight.ru

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *