Грошы любяць падлік. І “Белаграпрамбанк”

Чарговая “прамая лінія “ЛВ” прапанавала нашым землякам магчымасць атрымаць кваліфікаваную кансультацыю па разнастайных “грашовых” пытаннях непасрэдна ў прадстаўнікоў аднаго з самых буйных банкаў краіны – ААТ “Белаграпрамбанк”.

На тэлефанаванні ляхавічан і жыхароў раёна адказвалі намеснік начальніка разлікова-касавага цэнтра №3 г. Ляхавічы аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” г. Баранавічы Антаніна СМОЛІЧ і начальнік аддзела рознічных паслуг РКЦ №3 Таццяна ЖАЎРЫД.

– Падкажыце, ці працуе

“Белаграпрамбанк” з “Ашчадбанкам Расіі”? Калі я адкрыю у вашым банку рахунак у расійскіх рублях, ці можна будзе праводзіць грашовыя аперацыі з расійскім банкам?

Міхаіл КСЁНЖЫК, в. Перахрэсце.

– Адкрытае акцыянернае таварыства “Белаграпрамбанк” забяспечвае правядзенне прыватных міжнародных пераводаў як з дапамогай разгалінаванай карэспандэнцкай сеткі, так і праз сістэмы тэрміновых грашовых пераводаў “Western Union” (у доларах ЗША – у любую кропку свету, у расійскіх рублях і доларах ЗША – у Расійскую Федэрацыю) i “Migom” (у доларах ЗША, еўра і расійскіх рублях). Безумоўна, вы атрымаеце перавод у той валюце, у якой вам пераводзілі грошы. Плата за ажыццяўленне грашовых пераводаў бярэцца толькі з кліента-адпраўшчыка.

Дзякуючы выкарыстанню сучасных сродкаў сувязі, навейшых інфармацыйных і камп’ютарных тэхналогій, адпраўлены перавод літаральна праз 10-15 мінут становіцца даступным для атрымання. Сістэма “Migom”, напрыклад, мае больш за 15 тысяч пунктаў абслугоў-вання ў краінах СНД, Балтыі, а таксама ў шэрагу краін дальняга замежжа, міжнародная сістэма “Western Union” – больш за 365 тысяч пунктаў у больш як 200 краінах свету.

Калі ж ёсць неабходнасць зрабіць перавод у беларускіх рублях, можам парэкамендаваць скарыстацца сістэмай тэрміновых грашовых пераводаў “Хуткія грошы”. Адправіць і маментальна атрымаць такі перавод можна ў любой з устаноў ААТ “Белаграпрамбанк”.

Пры неабходнасці больш падрабязную кансультацыю па сваім пытанні вы можаце атрымаць па тэлефоне 2-22-57.

– Пракансультуйце па такім пытанні, калі ласка: якія стаўкі па крэдытах на спажывецкія патрэбы і будаўніцтва жылля сёння ў вашым банку?

Жыхар г.  Ляхавічы.

– З 21 ліпеня гэтага года крэдыты выдаюцца ў беларускіх рублях на спажывецкія патрэбы з выкарыстаннем крэдытных пластыкавых картак  і на набыццё аўтамабіляў у аўтадылераў пад 32 працэнты гадавых. Авердрафтнае крэдытаванне праводзіцца пад 30 працэнтаў гадавых.

“Белаграпрамбанк” працягвае льготнае крэдытаванне ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 302 ад 14 чэрвеня 2010 года “Аб прадастаўленні крэдытаў грамадзянам, якія ажыццяўляюць вядзенне асабістых падсобных гаспадарак”. Гадавая стаўка па такіх крэдытах складае 5 працэнтаў.

А вось што датычыць крэдытавання будаўніцтва і набыцця індывідуальных жылых дамоў і кватэр, то яно часова прыпынена.

– Падкажыце, на якім укладзе сёння найбольш выгадна трымаць свае зберажэнні?

Алена, г. Ляхавічы.

– Найбольш запатрабаваным на сённяшні дзень з’яўляецца ўклад “Старт!”пад 28 працэнтаў гадавых у беларускіх рублях і 10 працэнтаў гадавых у замежнай валюце (долары ЗША, еўра, расійскія рублі). Па-ранейшаму, актуальным з’яўляецца і ўклад “Лінія росту”, працэнтная стаўка па якім залежыць ад сумы грашовых сродкаў і перыяду іх размяшчэння і складае ад 22 да 28,5 працэнта гадавых у беларускіх рублях, ад 7,6 да 10 працэнтаў гадавых у доларах ЗША і еўра, ад 8,6 да 11 працэнтаў гадавых у расійскіх рублях.

Дарэчы, працягваецца акцыя “Дзіцячая ашчадная праграма “Расці вялікі!”, удзельнікамі якой з’яўляюцца фізічныя асобы ва ўзросце да 16 гадоў уключна, на імя якіх заключаны дагаворы тэрміновага банкаўскага ўкладу па сістэме зберажэнняў “Лінія росту”.

– Атрымліваю зарплату па банкаўскай картцы “Белаграпрамбанка”. Шчыра кажучы, найчасцей проста здымаю з яе наяўныя грошы ў банкамаце, час ад часу расплачваюся ў магазіне. Ведаю, што можна разлічыцца і за розныя паслугі, праўда, пакуль неяк не рашаюся паспрабаваць…

Жыхар г.  Ляхавічы.

– Дарэмна! Уладальнікі пакета “Зарплатны” ад ААТ “Белаграпрамбанк”, а таксама іншых картачных прадуктаў банка могуць у поўнай меры карыстацца ўсімі зручнасцямі ажыццяўлення безнаяўных плацяжоў, у тым ліку ў межах адзінай разліковай інфармацыйнай прасторы (ЕРИП). Пры дапамозе карткі ў інфакіёску можна заплаціць за камунальныя паслугі, ваду, газ, электраэнергію, дамашні тэлефон і кабельнае тэлебачанне, аплаціць паслугі аператараў мабільнай сувязі і яшчэ многія іншыя паслугі. Усё гэта можна будзе зрабіць у любы зручны для вас час, і не трэба стаяць у чарзе ў касу. Абавязкова па-спрабуйце, і плаціць за паслугі па-іншаму вы проста ўжо не захочаце!

Пытанне ад “ЛВ”: – Якія цікавыя навінкі “Белаграпрамбанк” прапануе сваім кліентам?

– Новай і ўжо даволі папулярнай паслугай банка з’яўляецца ашчадная картка “Дэпазітны кашалёк” для прыватных кліентаў. Яна дазваляе атрымліваць даход у залежнасці ад колькасці грашовых сродкаў на рахунку ад 11 да 23 працэнтаў гадавых у беларускіх рублях і ад 5,5 да 9 працэнтаў гадавых у доларах ЗША. Незніжальны астатак на рахунку павінен складаць адпаведна 300 тысяч рублёў ці 100 долараў.

Вельмі зручна, што з дапамогай гэтай банкаўскай карткі можна разлічыцца за набыты тавар практычна ва ўсіх магазінах горада, а таксама ў гандлёва-сэрвісных прадпрыемствах па ўсёй рэспубліцы.

Пры неабходнасці грошы можна зняць наяўнымі без страты раней налічаных працэнтаў, а таксама папоўніць карт-рахунак.

Наогул, цікавых прапаноў – новых і правераных часам – шмат. З усімі імі можна пазнаёміцца на сайце “Белаграпрамбанка” www.belapb.by, па тэлефоне Кантакт-цэнтра банка 136 (кансультацыі па ім можна атрымаць у будныя дні з 8 да 20, а ў святочныя і выхадныя дні – з 8 да 18 гадзін), а таксама ў нашым разлікова-касавым цэнтры.

На “прамой лініі” працавала
Святлана БЕЛЬМАЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *