ПраБЕГ

Трэнер-выкладчык ДЮСШ Андрэй Іванюценка

1 кастрычніка прайшоў міжнародны Маларыцкі марафон. Як і ўсе папярэднія гады, 33-ці старт выліўся ў сапраўднае свята, гледачоў парадаваў феерверкам фарбаў і эмоцый, спартсменаў (а іх не адна сотня, у тым ліку з Расіі і Украіны) – звыкла высокім узроўнем арганізацыі. Што нічуць не дзіўна, паколькі ў ліку арганізатараў традыцыйна выступілі Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, упраўленне спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама, прадстаўніцтва НАК Беларусі па Брэсцкай вобласці, мясцовыя ўлады. У ліку спонсараў марафону – сельскагаспадарчыя і не толькі прадпрыемствы Маларытчыны, шэраг СМІ вобласці, некаторыя іншыя.

Дэмакратызм з’яўляецца адной з адметных і прыцягальных рысаў МММ. Зусім не фантазійным з’яўляецца тут кантраст, калі побач з 80-гадовым аматарам бегу сваю яшчэ нязграбную перадстартавую размінку праводзіць дашкольнік. Для выхаванцаў дзіцячых садоў у Маларыце адводзіцца 300-метровы адрэзак. Больш “даросласці” – даўжэй дыстанцыя: 500, 1000, 2000, 10000 і 42195 метраў для самых “жалезных” атлетаў. Будзе дарэчы адзначыць, што кожны, хто справіўся з марафонам, незалежна ад занятага месца і паказанага часу станавіўся ўладальнікам памятнага падарунка. Такое правіла ў традыцыях многіх марафонскіх спаборніцтваў, дзе любы фініш раўназначны перамозе.

Сярод адметнасцяў маларыцкага прабегу і той факт, што адным з раздзелаў яго праграмы з’яўляецца правядзенне чэмпіянату Брэсцкай вобласці па эстафетным бегу. Не класічны фармат эстафеты – 8 па 1000 метраў, з чаргаваннем юнак-дзяўчына і наадварот – выпрабаванне не для слабых. Тут у роўнай ступені неабходна валодаць скорасна-сілавымі якасцямі спрынтара і, адначасова, стаерскай вынослівасцю, умець цярпець, быць на дыстанцыі тактыкам. Выключна важным момантам з’яўляецца гарманічнасць у перадачы эстафетнай палачкі. Відавочна, многае з пералічанага ўласціва нашым 15-16-гадовым лёгкаатлетам. Каманда Ляхавіцкага раёна ў складзе Юрыя Тарлюка, Ягора Грыгарука, Аляксея Юруця, Дзмітрыя Пятровіча, Веранікі Астроўскай, Маі Шут, Ганны Макоўскай, Таццяны Смірновай завяршыла бег з другім вынікам. Фінішор Таццяна Смірнова прыняла эстафету трэцяй, прадэманстравала волю, настойлівасць, лепшыя бегавыя якасці і вывела каманду на другое месца. Вышэй размясціліся толькі эстафетчыкі Кобрынскага раёна, “бронза” паехала у Пружаны.

Сярэбраную каманду рыхтавалі трэнеры ДЮСШ Алена Ульянава і Андрэй Іванюценка, які і падзяліўся з рэдакцыяй вынікамі і ўражаннямі маларыцкага ваяжу. Яшчэ дабавіў, што марафон крочыў далёка за рамкі проста спаборніцтваў. Гэта быў фестываль бегу – сапраўдная гарадская феерыя. Цэнтральная плошча Маларыты стала стартавым і фінішным гарадком, вуліцы і блізкае наваколле населенага пункта пераўтварыліся ў бегавыя трасы. Прыгожа, ярка, шчыра, з музыкай і мноствам прызоў ад арганізатараў і спонсараў.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *