Проста ўвага. Без шаблонаў

Васілій Ігнацьевіч дае ўрок гісторыі... гісторыі жыцця.

У Ляхавіцкім раёне стартаваў першы этап рэспубліканскай акцыі “Моладзь за бяспеку”. Ініцыятарам выступіў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, аднак не засталіся ў баку і актывісты БРСМ.

Напэўна, для многіх нашых чытачоў, як гэта было для мяне, стане адкрыццём, што духоўны сімвал МНС – абраз Божай Маці “Неапалімая Купіна”. Лічыцца, што яна засцерагае тых, хто бясстрашна выходзіць на паядынак з агнём, рызыкуе сваім жыццём дзеля выратавання іншых.

Зараз гэтая ікона з’явілася ў многіх пенсіянераў і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і будзе аберагаць іх дамы ад пажараў і розных бедстваў. Напярэдадні Дня пажылых людзей члены маладзёжнай арганізацыі і супрацоўнікі пажарнай службы павіншавалі іх са святам, а некаторых настаўнікаў нават з двайным. І напомнілі пра бяс-печныя ўмовы пражывання, пракантралявалі наяўнасць і спраўнасць пажарных апавяшчальнікаў.

Зайшлі ў госці да выдатніка народнай адукацыі, чалавека з невычэрпным запасам энергіі, гатовым дзяліцца з кожным сваім вопытам, Васілія Антановіча. Нягледзячы на тое, што ён даўно не працуе настаўнікам, застаецца ім і цяпер. Хваліцца сваёй багатай бібліятэкай: тут і руская класіка, і беларуская, і замежная, слоўнікі, падручнікі.

Яго дэвіз – словы з рамана “Як гартавалася сталь” Мікалая Астроўскага: ”Жыццё трэба пражыць так, каб не было пакутліва балюча за бязмэтна пражытыя гады”. І з гэтай нагоды хвалявацца не трэба. Сваё сэрца ён аддаў дзецям. З асаблівай цеплынёй успамінае Ліпскую школу, дзе выкладаў рускую мову і літаратуру, а яго жонка Зінаіда Аляксандраўна працавала ў  пачатковых класах.

Зараз Васілію Ігнацьевічу 94, і ён застаецца актыўным і жыццярадасным чалавекам. Расказвае пра свае захапленні фатаграфіяй, ігрой на мандаліне і скрыпцы. І асабліва пра журналістыку: яго публікацыі неаднойчы з’яўляліся ў раёнцы, пісаў і ў абласную газету “Заря”, быў пазаштатным аўтарам “Настаўніцкай газеты”. Гэту любоў да друкаванага слова перадаў малодшай дачцэ Наталлі, якая стала журналістам. Як жывецца яму сёння? Прыязджаюць дочкі, унукі і праўнукі, тэлефануюць часта, а з хатнімі справамі дапамагаюць сацыяльныя работнікі. На недахоп увагі не скардзіцца.

Наступным адрасам, куды завіталі, быў домік у завулку Піянерскім. Яго гаспадыня Яўгенія Азарчык гасцям была рада і ахвотна гаварыла-ўспамінала. Калісьці скончыла фармацэўтычны факультэт Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта і вярнулася ў Ляхавічы працаваць у гарадскую аптэку правізарам. Работу сваю любіла. Упэўнена, што галоўнае ў жыцці – знайсці той занятак, які будзе прыносіць табе задавальненне, людзям – карысць.

У ляхавічаніна Васілія Кузьмянкова свае ўспаміны: як пачынаў працу ў ільнонасенстанцыі, пра знаёмства з будучай жонкай, з якой пражылі разам 57 гадоў. Дзеці раз’ехаліся. Затое ўнучкі Наталля і Аліна да дзядулі зазіраюць часта, не даюць сумаваць і праўнукі, якіх ўжо чатыры. На ўсё ён глядзіць з аптымізмам і лічыць, што сакрэт даўгалецця ў здаровым ладзе жыцця і, вядома, у стасунках з людзьмі, якія заўсёды побач.

Кожны з ветэранаў працы, як, дарэчы, і любы чалавек, – гэта асобная гісторыя. І няхай на трохі, але ў гэты дзень яны сталі шчаслівейшымі – ад увагі і інтарэса да іх. Шчырыя ўсмешкі, слёзы на вачах ад успамінаў, часам ад разгубленасці і словы “Дзякуй, што не забываеце” – сведчанне гэтаму.

Маргарыта КУХТА,

студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *