Беларусь-Пакістан: сур’ёзныя намеры

Беларусь і Пакістан пацвердзілі ўзаемнае імкненне да развіцця дружалюбных адносін і канкрэтызавалі іх асобныя напрамкі з улікам патрабаванняў часу. Такі вынік афіцыйных перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэм’ер-міністрам Пакістана Навазам Шарыфам, праведзеных 5 кастрычніка ў Ісламабадзе.

«Нашы падыходы да развіцця двухбаковых адносін не змяніліся з часу папярэдніх сустрэч. У мяне толькі ўмацавалася ўпэўненасць у шчырасці намераў пакістанскіх партнёраў развіваць дружалюбныя адносіны з Мінскам на прынцыпах узаемнага даверу і супрацоўніцтва», – заявіў Аляксандр Лукашэнка па выніках перагавораў з Прэм’ер-міністрам.

Беларусь і Пакістан дамовіліся выйсці на цесную кааперацыю з трэцімі краінамі. Прыкладам таго можа стаць мяркуемы ўдзел Беларусі ў будаўніцтве кітайска-пакістанскага эканамічнага калідора.

У час сустрэчы было адзначана, што  Беларусь і Пакістан павінны больш актыўна развіваць навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Гэтымі днямі ў Ісламабадзе быў адкрыты Беларуска-пакістанскі цэнтр па каардынацыі навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва. «Мы ўзмоцнім сумесную работу ў напрамку сельскагаспадарчай і прамысловай кааперацыі. У бліжэйшы час абмяняемся візітамі спецыялістаў для пашырэння супрацоўніцтва па гэтых напрамках», – расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Па выніках перагавораў бакі падпісалі пакет дакументаў аб развіцці ўзаемадзеяння ў розных сферах, у тым ліку мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным цэнтрам маркетынгу і кан’юнктуры цэн МЗС Беларусі і Агенцтвам па развіцці гандлю Пакістана, пагадненні паміж урадамі аб паветраных зносінах і ўзаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі.

Аляксандр Лукашэнка і Наваз Шарыф прынялі сумесную заяву, у якой бакі адзначылі канструктыўны характар развіцця двухбаковых адносін і пацвердзілі неабходнасць іх паглыблення, што адпавядае інтарэсам Беларусі і Пакістана.

У Ісламабадзе Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з Прэзідэнтам Пакістана Мамнунам Хусэйнам і спікерам Нацыянальнай асамблеі парламента Сардарам Садзікам. На абедзвюх сустрэчах падкрэсліваўся высокі ўзровень супрацоўніцтва Беларусі і Пакістана, а таксама імкненне дзвюх краін рабіць усё магчымае для паглыблення партнёрства ў гандлёва-эканамічнай, навуковай, культурнай, адукацыйнай і іншых сферах.

Прэзідэнт Беларусі таксама прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця IV Беларуска-пакістанскага дзелавога і інвестыцыйнага форуму, у час якога заклікаў пакістанскіх бізнесменаў больш шырока выкарыстоўваць прамысловыя магчымасці Беларусі ў рэалізацыі разнастайных інфраструктурных праектаў. «Гатовы да супрацоўніцтва з вамі такія буйныя беларускія прадпрыемствы, як Мінскі трактарны завод, Беларускі і Мінскі аўтамабільныя заводы, «Амкадор», «Бабруйск-аграмаш», «Гомсельмаш», «Лідсельмаш», якія доб-ра зарэкамендавалі сябе на сусветных рынках», – звярнуў увагу беларускі лідар.
Прэзідэнт упэўнены, што трэба зрабіць канкрэтныя крокі па стварэнні сумесных прадпрыемстваў у галіне перапрацоўкі мяса і малака, вытворчасці дзіцячага харчавання, кансервацыі прадуктаў. «Нам трэба абавязкова вызначыць 3-4 важныя для Беларусі і Пакістана праекты і неадкладна пачаць іх рэалізацыю. Заўсёды нешта пачынаецца з малога. На гэтых прыкладах усе бізнесмены як у Беларусі, так і ў Пакістане ўбачаць, як трэба працаваць. Тыя, хто пойдуць на гэтыя першыя праекты, будуць першаадкрывальнікамі, першапраходцамі. І праз іх Пакістан і Беларусь больш цесна азнаёмяцца з магчымасцямі ў той і другой краіне», – звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Кіраўніка беларускай дзяржавы, у бліжэйшай перспектыве могуць быць сур’ёзныя зрухі па актывізацыі супрацоўніцтва паміж банкамі, у сферах лёгкай прамысловасці, лясной гаспадаркі, мытнай справы, у галіне стандартызацыі і сертыфікацыі. Абмярко-ваецца пытанне аб адкрыцці паміж Беларуссю і Пакістанам прамых   паветраных зносін.
Прэзідэнт лічыць, што вельмі важна, каб адносіны паміж нашымі краінамі мелі даверны характар, напаўняліся рэальным эканамічным зместам. «І яшчэ раз хачу адзначыць, што беларускі бок адкрыты для інтэнсіўнай і карпатлівай работы з пакістанскім бізнесам па ўсіх узаемавыгадных напрамках», – адзначыў беларускі лідар.
Па матэрыялах  БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *