Грамадскасць у дапамогу

Пакуль усе – праваахоўныя органы, кіраўніцтва ўстаноў, прадпрыемстваў і арганізацый, сельвыканкамы, грамадскія аб’яднанні (у тым ліку БРСМ,  прафсаюзы, “Белая Русь”, Беларускі саюз жанчын) не скаардынуюць свае намаганні, не праявяць належную зацікаўленасць і занепакоенасць, паставіць надзейную заслону распаўсюджванню п’янства і алкагалізму будзе  праблематычна. На гэтым акцэнтаваў увагу старшыня райвыканкама  Вячаслаў Сельмановіч на чатырнаццатай сесіі раённага Савета дэпутатаў. Разглядалася пытанне аб эфектыўнасці сумеснай работы праваахоўных органаў, мясцовых органаў улады,  суб’ектаў гаспадарання раёна па прафілактыцы п’янства і алкагалізму сярод насельніцтва і мерах па ўдасканаленні ўзаемадзеяння.

Прычыны для занепакоенасці ёсць, і яны патрабуюць самай пільнай увагі. Старшы інспектар прафілактыкі РАУС Аляксандр Чурылаў прывёў лічбы: кожнае трэцяе правапарушэнне і злачынства ў раёне ўчынены ў стане алкагольнага ап’янення. Больш за 800 жыхароў раёна з пачатку года прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё спіртных напіткаў або знаходжанне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане.

У такую непрывабную сітуацыю свой уклад уносяць і мясцовыя самагоншчыкі. За 8 месяцаў года міліцыянеры выявілі 65 фактаў вырабу самагону, знішчылі 1850 літраў брагі, самагону і 14 апаратаў для іх вырабу. Прычым нярэдка ў якасці парушальнікаў антыалкагольнага заканадаўства выступаюць адны і тыя ж асобы. Відавочна, гэты незаконны занятак прыносіць ім неблагія дывідэнды. Штрафы (першы раз да 5 базавых велічынь, паўторна на працягу года – ад 5 да 30 БВ) іх не надта палохаюць: заплацяць і далей працягваюць незаконную справу. Прагучала і такая лічба: летась у РАУС паступіла 22 паведамленні аб незаконным вырабе і продажы спіртаўтрымліваючай вадкасці, а сёлета – толькі адзін. Ці то грамадзяне сталі больш абыякавымі, ці то не вераць, што самагоншчыкі будуць пакараны…

У лячэбна-працоўныя прафілакторыі сёлета асуджаны 23 хранічныя алкаголікі, 18 з іх туды адпраўлены, ёсць і паўторнікі, адзін і ўвогуле пастаянны «кліент»: быў у ЛПП ужо 4 разы. Хаця некаторым хапае і разу, каб адумацца, перагледзець свае паводзіны і выправіцца.

У большасці сямейных скандалаў першакрыніца – алкаголь, якім злоўжываюць мужчыны і жанчыны, маладыя і сталыя. Часта высвятленне адносін адбываецца на вачах у непаўналетніх.

– Чаму можа навучыцца дзіця пры такіх бацьках? Што б ні гаварылі настаўнікі, медыкі, міліцыя пра шкоднасць алкаголю, дома яно бачыць зусім іншае і бярэ прыклад са сваіх бацькоў. Таму важна як мага раней выяўляць такія сем’і і разам спрабаваць выправіць сітуацыю да лепшага, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.

Пракурор раёна Сяргей Дзяжко адзначыў, што сістэма прафілактыкі ў цэлым дзейнічае, але ёсць і недапрацоўкі: больш увагі трэба надаваць індывідуальнай рабоце з асобамі, схільнымі да ўжывання алкаголю і ўчынення правапарушэнняў і злачынстваў. Кіраўніцтва некаторых прадпрыемстваў і арганізацый даволі цярпіма адносіцца да працаўнікоў, якія злоўжываюць алкаголем. Апошнім часам нярэдкія выпадкі, калі звольненага за п’янства праз месяц зноў прымаюць на работу. Ці, напрыклад, “закрываюць вочы” і дазваляюць кіраваць трактарам, аўтамабілем вадзіцелям, пазбаўленым вадзіцельскіх правоў (прычым, часцей за ўсё менавіта за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане). Адзін з такіх гора-вадзіцеляў за паўторнае на працягу года “п’янае” кіраванне ледзь не пазбавіў сельгас-прадпрыемства трактара. У час пасяўной і ўборачнай за знаходжанне на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення прыцягнуты да адказнасці 8 сельгаспрацаўнікоў.

Пракурор звярнуў увагу і на фармалізм у дзейнасці камісій па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам у ДРБУ-200, КСУП “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку ў райцэнтры і вёсках. Па-ранейшаму рэдкія выпадкі, калі сельвыканкамы хадайнічаюць аб абмежаванні ў дзеяздольнасці асоб, якія злоўжываюць спіртным.

Галоўны ўрач Ляхавіцкай цэнтральнай райбальніцы Георгій Хлябовіч паведаміў, што на ўліку ва ўрача-нарколага знаходзіцца 1021 хворы з дыягназам сіндром залежнасці ад алкаголю, сёлета 182 пацыенты пралячыліся ў абласной псіхіятрычнай бальніцы «Крывошын», 470 атрымалі амбулаторную дапамогу. Працягвае работу перасоўны наркалагічны пункт у складзе супрацоўніка ДАІ і нарколага.

Слабым месцам у выхаваўча-прафілактычнай рабоце з насельніцтвам Вячаслаў Сельмановіч назваў і недаацэнку ролі выязных судоў, на якіх у прысутнасці землякоў разглядаюцца справы аматараў спіртнога. Кіраўнік раёна выказаў меркаванне, што эфектыўнасці ў барацьбе з п’янствам і алкагалізмам можна дабіцца праз большую публічнасць.

Старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч таксама акцэнтаваў увагу на ўзаемадзеянні: як мага часцей супрацоўнікі сельвыканкамаў разам з участковымі, старастамі павінны наведваць неўладкаваныя сем’і, бываць у працоўных калектывах. У гэтым накірунку патрэбны канкрэтныя дзеянні і крокі, а не проста размовы і адпіскі.

На сесіі разгледжаны і іншыя пытанні. Па ўсіх прыняты адпаведныя рашэнні.

Галіна КАНЬКО.

One thought on “Грамадскасць у дапамогу

  • 11/10/2016 в 14:11
    Permalink

    — почему же тогда такой богатый ассортимент, вино-водочных изделий, в магазинах раёна .. а ?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *