Адам і Соф’я. Мурзіч і Гальшанская

На 140-годдзі СШ № 1 г. Ляхавічы.

У адну з вераснёўскіх  нядзель 2016 года пры аншлагу адкрыццё 47-га тэатральнага сезона ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры  адбывалася  па незвычайным сцэнарыі. Перад пачаткам спектакля гучалі авацыі ў гонар мастацкага кіраўніка. Мастацкі кіраўнік – Адам Мурзіч. Спектакль – “Соф’я Гальшанская”. У Адама Асманавіча ў жніўні быў юбілей, 75-годдзе, святкаванне якога і спалучылі з адкрыццём сезона. Гэта стала нагодай для прыезду шматлікіх гасцей не толькі з Беларусі. Гучалі шчырыя віншаванні, пажаданні і, канешне, захапленне яго талентам, былі ўручаны прывітальныя адрасы, Ганаровая грамата Міністэрства культуры, падарункі. А бенефісам Мурзіча можна лічыць кожны спектакль, кожнае выступленне трупы на сцэне свайго тэатра ці на гастролях. Ён не проста мастацкі кіраўнік, ён, без перабольшання, галоўны ў нашай краіне спецыяліст па вакале, і  ён – наш зямляк, родам з Ляхавіч.

…Было ў маці пяцёра сыноў. Усе як адзін клапатлівыя, любячыя і галасістыя. Іх бацька вельмі рана пайшоў з жыцця. І мама Фаціма Якаўлеўна засталася са сваімі хлопцамі – Аляксандрам, Канстанцінам, Энверам, Адамам, Якавам. Пражыла яна добры век. На яе апошнім юбілеі, успамінае сяброўка сям’і Роза Сулейманаўна Міскевіч, Энвера, на жаль, ужо не было, а астатнія шыкоўным квартэтам у гонар мамы і з прысвячэннем ёй спявалі “Что стоишь, качаясь, тонкая рябина»”… Суцэльныя тэнары, барытон быў толькі ў Энвера. Бог не абдзяліў музычным талентам усіх, але музыку абралі прафесіяй Адам і Якаў. Якаў, мусіць, усё жыццё працуе ў Ляхавіцкай школе мастацтваў, быў яе дырэктарам, выкладчык па класе баяна, удзельнічае ў інструментальных ансамблях, выступае на канцэртах.

Адам – у Мінску. Профі, велічыня, маэстра. Здаецца, што ён спяваў заўсёды, з самага нараджэння. Ды і не здаецца – сапраўды заўсёды. Пасля школы было Брэсцкае музвучылішча, кансерваторыя. Выкладаў спевы ў Маладзечанскім музычным. Да вакальнага таленту далучыўся і педагагічны. Яго вучні пачалі перамагаць на шматлікіх конкурсах, перамагаць ярка і пераканаўча, і Мурзіча запрасілі ўзначаліць аддзяленне вакала ў Мінскім музвучылішчы і выкладаць у кансерваторыі. У выніку, у прыгожым і яркім выніку больш за 120 дараванняў, якіх рыхтаваў Адам Асманавіч, сталі спевакамі, больш за 30 – лаўрэатамі прэстыжных конкурсаў. Ёсць і тыя, хто спявае ў тэатрах іншых краін: Германіі, Італіі, Ізраіля, Нідэрландаў. Адзін з сыноў Адама Мурзіча і яго жонкі Галіны, дарэчы, цудоўнага тэарэтыка-педагога, выкладчыцы музвучылішча імя Глінкі, дырыжыруе сімфанічным аркестрам Бразіліі.

А шэсць гадоў назад Адаму Асманавічу прапанавалі пасаду мастацкага кіраўніка  Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. І гэта стала новай вяхой у жыцці і тэатра, і яго. Брат Якаў расказвае, што на той час у рэпертуары не было ніводнага спектакля па беларускай тэматыцы, і Адам загарэўся ідэяй як мага хутчэй паправіць сітуацыю. Так з’явілася “Соф’я Гальшанская” на музыку Кандрусевіча. І стаў гэты першы беларускі мюзікл візітоўкай славутага тэатра. Ім адкрываецца кожны тэатральны сезон. Цяпер, была інфармацыя, рыхтуецца новы творчы праект “Любоў, жыццё і смерць Янкі Купалы”.

…Асобае прыцягненне бацькоўскага дома, непадуладная часу і адлегласці сіла любві да месца, дзе нарадзіўся, непаўторна шчымлівае пачуццё ад краявідаў, якія ў любы момант паслужлівая памяць вяртае: рачулку Ведзьму (дзе яшчэ знойдзеш такую  назву!), яблыню ў старым садзе на Кастрычніцкай вуліцы ў Ляхавічах, родную школу на пагорачку. Дарэчы, калі СШ № 1 святкавала 140-годдзе, Адам быў на гэтым знакавым вечары сустрэчы – юбілейным для іх класа, пяцідзясятым. Ён узрушана, з хваляваннем гаварыў пра непарушнасць школьнага брацтва, пра заўсёдную ўдзячнасць настаўнікам, аднакласнікам і гэтым мілым сэрцу сценам, дзе навечна прапісаны шчырасць, любоў да дзяцей, спасціжэнне жыццёвых каштоўнасцей і, канешне, ведаў. Успамінаў і чытаў вершы.

Калісьці ў Ляхавіцкім ДК мастацкім кіраўніком працаваў Леў Лях, які пазней стаў дырыжорам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Аднойчы ён пачуў, як спявае юны Адам Мурзіч, і настойліва параіў юнаку паступаць у Брэсцкае музвучылішча. Ці не гэта шчырае, зацікаўленае стаўленне да яго стала вызначальным да таго, як уважліва і клапатліва ставіцца ўсё жыццё Адам Асманавіч да вучняў. Талентам трэба дапамагаць. Ён і дапамагае – прафесіяналізмам, вопытам, ведамі і шчырым жаданнем. І гэта яшчэ адзін ягоны талент.

Што сілкуе душу чалавека, тым больш, творчай асобы? На гэта пытанне безліч адказаў. Мае права на існаванне, пэўную слушнасць варыянт: тое, што сёння хвалюе, плюс памяць пра дарагое, што ў сэрцы назаўсёды, плюс, канешне, мары і абавязкова натхненне. І ў гэтым індывідуальным пасьянсе ў кожнага свае адрасы, каардынаты, вызначэнні. Бясспрэчна, Адам Мурзіч не выключэнне, а хутчэй пацвярджэнне гэтага.

Толькі хочацца заўважыць яшчэ адзін штрышок з вельмі багатага на падзеі сюжэта: штогод у свой дзень нараджэння ён абавязкова прыязджае ў Ляхавічы. Сёлета таксама, і 19 жніўня Мурзічы віншавалі свайго Адама пад дахам бацькоўскага дома. Такая вось акалічнасць.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з сямейнага архіва Мурзічаў.

У бацькоўскім доме.

Мама з сынамі. Адам – другі справа.

2 thoughts on “Адам і Соф’я. Мурзіч і Гальшанская

  • 08/10/2016 в 23:27
    Permalink

    Всегда гордились и будем гордиться творческими успехами своего дяди Адама Мурзича. Спасибо родной газете за душевную статью.

  • 10/10/2016 в 12:18
    Permalink

    А мы гордимся земляком.Некоторые стали музыкой интересоваться, только благодаря ему. Приятно, что в своих интервью Адам Асманович всегда упоминает, где родился.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *