Такая ласкавая ліска…

Па даных  сусветнай арганізацыі аховы здароўя штогод ад шаленства памірае 55 тысяч чалавек – кожную хвіліну гэта хвароба забірае адно жыццё. Эпізаатычная сітуацыя на Ляхавіччыне па захворванні шаленствам сярод жывёл за апошнія паўтара гады палепшылася. Так, у 2009 годзе былі зарэгістраваны 2 выпадкі хваробы (кот і рысь), а ў 2010 годзе і за 7 месяцаў сёлета такія выпадкі не рэгістраваліся.

Наогул, сярод хатніх пітомцаў часцей за ўсё шаленства дыягнастуецца ў  буйной рагатай жывёлы (да 55 працэнтаў), сабак (27 працэнтаў).  У прыродзе вірус шаленства захоўваецца ў асноўным сярод жывёл сямейства сабачых – ваўкоў, лісіц, шакалаў, янотападобных сабак. У апошнія гады рэгістраваліся выпадкі заражэння ад укусаў кажаноў. Для доўгатэрміновага прагназавання гэтай небяспечнай хваробы сярод дзікіх жывёл раённая арганізацыя Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў і ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас” праводзяць маніторынг іх колькасці. У 2010 годзе ў раёне адстраляна 159 ліс і 4 янотападобныя сабакі, з пачатку гэтага года – 51 лісіца.

Шаленства – захворванне віруснай прыроды, якое характарызуецца паражэннем нервовай сістэмы і заканчваецца, як правіла, смяротным зыходам. Заражэнне адбываецца толькі тады, калі сліна хворага трапляе на пашкоджаную скуру ці слізістыя абалонкі здаровага, галоўным чынам пры ўкусе. Латэнтны перыяд шаленства доўжыцца 1-2 месяцы, яго працягласць залежыць ад узросту (у маладых жывёл ён карацейшы), месца, памеру і глыбіні ўкусу.

Ветэрынарная служба раёна стараецца кантраляваць колькасць сабак і катоў. У мінулым годзе ад шаленства прышчэплены 3805 сабак і 3306 катоў. У райветстанцыі ёсць у дастатковай колькасці патрэбная вакцына.

Характэрная прыкмета шаленства дзікіх жывёл – адсутнасць страху перад чалавекам. Напрыклад, шалёныя ваўкі накідваюцца на статак кароў,  забягаюць у населеныя пункты і нападаюць на людзей. Асаблівую небяспеку ўяўляюць хворыя  лісы, якія, у адрозненне ад  іншых жывёл, не праяўляюць агрэсіі, а наадварот робяцца даверлівымі, ласкавымі, лёгка ідуць у рукі да людзей. Спробы выхадзіць такую лісу, а таксама зняць з лёгкай здабычы скуру могуць мець трагічныя наступствы.

Сабака ў першыя дні хваробы неахвотна адгукаецца на кліч гаспадара, імкнецца схавацца ў якім-небудзь цёмным месцы, а потым пачынаецца ўзбуджэнне. Некаторыя сабакі брэшуць без бачнай прычыны, адмаўляюцца ад звычайнай ежы, заглытваюць камяні, цвікі, смецце. Асабліва раздражняльнымі становяцца тады, калі бачаць іншых сабак ці катоў, імкнуцца сарвацца з ланцуга. Ва ўзбуджаным стане шалёны сабака можа прабегчы да 50 кіламетраў у дзень. Гэты перыяд доўжыцца 3-4 дні і потым пераходзіць у стадыю паралічу (хворая жывёла рухаецца, абапіраючыся на пярэднія лапы), на 6-10 дзень хваробы жывёла гіне.

У кошак хвароба пачынаецца з раптоўнага ўзбуджэння, якое пераходзіць у стан незвычайнай  азлобленасці. Накідваючыся на людзей, яны кусаюць звычайна ў твар. Хворая кошка есць смецце і можа разарваць сваіх кацянят, накідваецца нават на сабак.  Вядомы выпадкі, калі адна шалёная кошка магла перакусаць да 100 чалавек.

Уладзімір РАДЧАНКА,
намеснік начальніка РАНС

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *