З заўсёднай любоўю /фота/

Не выпадкова Дзень маці адзначаецца 14 кастрычніка, калі на праваслаўным календары светлае і прыгожае свята Пакроў. Маці Божая засланяе сваім пакровам  ад бед, няшчасцяў, усяго злога, нядобрага. І мама, зямная мама, якая дала жыццё, да свайго апошняга імгнення імкнецца засцерагчы дзяцей, потым унукаў, праўнукаў  ад хваробы, ад памылкі, ад дрэннага помыслу і ўчынку, сагрэць бязмежнай самаахвярнай любоўю, падказаць дарогу да шчасця.
Добрая і клапатлівая, любімая і шчырая, самая лепшая ў свеце –   гэта пра маму, пра чалавека, якога кожны па праву лічыць сваім анёлам-ахоўнікам.
Клопат пра маці і мацярынства –  прыярытэт дзяржаўнай палітыкі. Асаблівая пашана і дапамога жанчыне, якая стала шматдзетнай маці. 24 нашы зямлячкі ўзнагароджаны ордэнам Маці за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей. Першай у нашым раёне такой узнагароды ўдастоена ў 1997 годзе Марыя Кісялёва з вёскі Куршынавічы. А сёлета такой высокай адзнакі ўдастоена аператар машыннага даення СВК «Ляхавіцкі» Аксана Судакова, якая разам з мужам выхоўвае трох дачок і двух сыноў. Сярод ардэнаносных зямлячак 18 маюць пяцёра дзяцей, 3 – шасцёра, 2 – сямёра, 1 – васьмёра.
Сёлета за 9 месяцаў дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу ў выглядзе штомесячнай і аднаразовай дапамогі атрымалі 36 мнагадзетных сем’яў на агульную суму 37893 рублі і 20 няпоўных – на 11637 рублёў. 56 сем’яў забяспечваюцца бясплатным харчаваннем для дзяцей першых двух гадоў жыцця.
Калі жанчына становіцца па цяжарнасці на ўлік у жаночую кансультацыю, кантроль за яе здароўем і здароўем малыша наладжваецца самы пільны. Пры нараджэнні першага дзіцяці выплачваецца дапамога ў памеры 1755 рублёў, другога і наступных – 2457 рублёў.
У калектыўных дагаворах многіх прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый прадугледжаны дадатковыя сацыяльныя гарантыі для мам. Да таго ж яны знаходзяцца пад клапатлівай увагай медыкаў, раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын і таварыства Чырвонага Крыжа, сацыяльных службаў і г.д.
Дарэчы, 370 матуль у нашым раёне маюць статус мнагадзетных –  выхоўваюць 1184 сыноў і дачок! У многіх зямлячак па аднаму-два дзіцяці. Ім і мамам усіх узростаў, якія даўно сталі бабулямі і прабабулямі, у Дзень маці, у Дзень Пакрова Прасвятой Багародзіцы адрасуюцца самыя шчырыя словы любві і ўдзячнасці, гучаць віншаванні і пажаданні дабра. Ды і не толькі са святочнай нагоды, а заўсёды, таму што яны – само жыццё.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і Маргарыты КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *