Газавая трывога пра нашу бяспеку

Газ  трывала ўвайшоў у наша жыццё, зрабіў яго камфортным і ўтульным. Але пры неасцярожным   абыходжанні блакітны агеньчык становіцца небяспечным. Так,  няправільная эксплуатацыя газавага абсталявання можа прывесці да ўтварэння чаднага газу. Каварства яго ў тым, што ён не мае ні паху, ні колеру, і чалавек яго не адчувае.

Дарэчы, у бліжэйшы час плануецца ўвядзенне абавязковай устаноўкі ва ўсіх памяшканнях, дзе маецца газавае абсталяванне з цэнтралізаваным адводам прадуктаў згарання, прыбораў выяўлення СО за кошт уладальнікаў.

Супрацоўнікі Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння сёлета падчас пазапланавай праверкі абследавалі шматпавярховыя дамы, дзе ўстаноўлены газавыя калонкі. Асноўная ўвага надавалася наяўнасці цягі, спраўнасці вентканалаў. Выяўлена 139 парушэнняў, адключаны 51 прыбор (праточныя воданагравальнікі і газавыя пліты), выпісана 56 прадпісанняў на ўхіленне недахопаў і замену абсталявання, якое адслужыла свой тэрмін дзеяння. Не ўсе памятаюць, што перыяд эксплуатацыі газавай пліты – не больш за 20 гадоў, ацяпляльных катлоў і воданагравальнікаў – не больш за 14.

Штогадовае прафілактычнае і сезоннае тэхнічнае абслугоў-ванне газавага абсталявання, рамонтна-заявачныя работы, навучанне ўласнікаў домаўладанняў правілам абслугоўвання дымавых і вентыляцыйных каналаў –  толькі частка абавязкаў газавай службы. З кожным абанентам праводзіцца інструктаж і знаёмства з жыццёва важнымі правіламі і патрабаваннямі, выдаюцца адпаведныя памяткі.

У арсенале аварыйна-дыспетчарскай службы гаргаза – спецпрыборы для вызначэння канцэнтрацыі прыроднага, звадкаванага, а таксама чаднага газу, уцечкі паліва. У АДС раздаецца званок і ў трубцы гучыць ўсхваляваны голас :

– У нашым доме моцны пах газу!

Дыспетчар прымае аварыйную заяўку і інструктуе абанента, як дзейнічаць да прыезду “аварыйкі”: адключыць газ і не карыстацца адкрытым полымем, не ўключаць-выключаць электрапрыборы і г.д., адкрыць вокны і пакінуць загазаванае памяшканне. “Аварыйка” спяшаецца на выклік.

– Але не заўсёды газавікі могуць без перашкод агледзець і праверыць спраўнасць газавага абсталявання: няма доступу ў кватэру, –  адзначае начальнік Баранавіцкага вытворчага ўпраўлення “Баранавічыгаз” Уладзімір Столяр. – Хаця сярод абавязкаў абанента – забяспечыць бесперашкодны доступ. На жаль, да пытанняў бяспекі не ўсе ставяцца з разуменнем.

Між тым, захаванне элементарных правілаў здольна абараніць ад многіх непрыемнасцяў. Дымавыя і вентыляцыйныя каналы неабходна перыядычна правяраць і прачышчаць, не радзей за раз у год праводзіць тэхабслугоўванне катлоў і калонак, трымаць іх у чысціні і спраўным стане. Памяшканне, у якім устаноўлены газавыя прыборы, трэба рэгулярна праветрываць. Нельга ўключаць абсталяванне пры няспраўнай аўтаматыцы і пры адчуванні паху газу, пакідаць без нагляду ўключаную пліту, выкарыстоўваць яе для абагрэву кватэры.

Катэгарычна забаронена самавольна падключацца да газавых прыбораў; устанаўліваць у топачных душавыя кабіны, ванны, санвузлы; сушыць рэчы над полымем гарэлак газавай пліты; спаць там, дзе стаіць газавае абсталяванне. Пашкоджанне пломбаў, устаноўленых на прыборах уліку і расходу газу, а таксама ўмяшальніцтва ў іх работу цягне адміністрацыйнае пакаранне і адключэнне паслугі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Інфаграфіка БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *