Па нешаўковым шляху

У нечым маюць рацыю тыя, хто сцвярджае, што лён убіраюць двойчы за цыкл. Спачатку церабленне і выкладка пад вылежванне. Названы апошнім працэс у значнай ступені рэгулюецца ўмовамі надвор’я і расцягваецца на многія дні. Пасля гэтага прыходзіць час уборкі ў самым чыстым выглядзе. Ужо льнотраста, спрасаваная ў рулоны, пакідае палетак, каб заняць сваё законна-тэхналагічнае месца пад сонцам – пад дахам сыравіннага склада.
Усе этапы гэтага дастаткова вялікага нешаўковага шляху  ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” прайшоў – ад старту да фінішу. Пачатак цераблення сёлета здарыўся дастаткова рана. Падштурхнула надвор’е. І яно ж стала прычынай неасаблівай шчодрасці льняной нівы.

– У сярэднім кожны гектар урадзіў на 2,86 тоны трасты. Леташняя лічба была большай, бо надвор’е – лепшым. Асабліва засушыла высокія ўчасткі. Палі з больш цяжкімі па механічным складзе глебамі – жарабковіцкая зона і балоцістыя ліпскія землі – паказалі лепшую прадукцыйнасць. Кансалідавана з іншымі арганізацыямі, якія дапаўняюць нашу сыравінную базу, назапашана 6 866 тон трасты, – знаёміць з вытворчай статыстыкай палявога сезона вядучы аграном прадпрыемства Мікалай Герасімовіч.

Лічбы не самыя аптымістычныя, але канчатковыя і без варыянтаў перагляду, паколькі апошні рулон трасты з’ехаў з поля яшчэ 12 верасня. У іх адлюстроўваецца напружанне працоўных будняў аграрнага цэха завода ці механізаванага атрада, калі прытрымлівацца тэрміналогіі афіцыйных папер. За мінусам некалькіх найбольш суровых месяцаў года, заводскія механізатары ўвесь час у полі. Сеюць-убіраюць – як і большасць аграрыяў. А паміж сяўбой і ўборкай – доўгія клопаты і шматлікія работы па доглядзе пасеваў.

Дзякуючы прыходу на палі рознакалібернай тэхнікі, прымаўка пра любоў лёну да паклону, відавочна, засталася ў мінулым. Больш актуальна зараз будзе сказаць пра сяброўства гэтай культуры з культурай адносін да сябе. Каб глеба адпавядала патрабаванням, каб тэхналогія выконвалася ад а да я, каб усё па месяцах, днях, тыднях. Ды яшчэ і з любоўю да справы.

Каля двух дзясяткаў прафесіяналаў утвараюць пастаянны склад мехатрада завода. З сяўбой спраўляюцца як мае быць, а вось на перыяд церабільна-ўборачных клопатаў даводзіцца “даўкамплектоўвацца”. Штат мехатрада павялічваецца прыкладна ўдвая. І, па словах вядучага спецыяліста, з жадаючых часова прымераць на сябе робу льнавода можна праводзіць кастынг. Праца цяжкая, але і заробак прапарцыянальны.

Уборкай трасты кола сезонных сельскагаспадарчых клопатаў замыкаецца. І пачынаецца новае. Падбор зямлі – самы першы і ў многім вызначальны этап. У плане глебы льну яшчэ трэба дагадзіць. У яго свае патрабаванні, адмысловыя прэтэнзіі. Вышукваюцца кампрамісныя варыянты паміж тым, што найлепш падыходзіць, і тым, што прапаноўваюць. 1800 гектараў будучых ільняных палеткаў завода падабраны ўжо. І апрацоўваюцца.

Ці не месяц як мех-атрадаўцы прыступілі да закладкі падмурка пад ураджай наступнага года. Адны заняты на работах па гербіцыднай апрацоўцы плошчаў, іншыя ўзворваюць гэтыя гектары. З ворывам, а яно зараз прыярытэт, разлічваюць справіцца на працягу бліжэйшага месяца. Караван з пяці “Беларусаў”, тры з якіх умоўна аднясём да машын цяжкага класа, няспынны, бадай, на працягу ўсяго светлавога дня. Дадатковая складанасць заключаецца ў значнай раскіданасці палёў. Іх 34 – рознавялікіх, размешчаных ці не ва ўсіх кутках раёна. Вытворчы і эканамічны мінус заключаецца ў неабходнасці пераездаў: час, рэсурсы, затрачаныя на пераезд з поля на поле, назваць вытворчымі не выпа-дае.

Але ж статыстыка: па стане на пачатак бягучага тыдня, каля 800 гектараў палеткаў былі ўжо ўзаранымі. Клапоцяцца пра насенне, працуюць у накірунку назапашвання мінеральных удабрэнняў. І дапамагаюць пераадолець сезонны вал работ іншым. Насенне сабралі і падрыхтавалі самі са сваіх жа плошчаў. У значнай ступені, але не пад поўную патрэбу. Ды і ёсць неабходнасць у абнаўленні “крыві” – завод плануе набыць партыю льнонасення новых сартоў як замежнай, так і айчыннай селекцыі, элітнай рэпрадукцыі.

У выпадку з ільном, а можа і не толькі, работа з мінеральнымі ўдабрэннямі прадугледжвае свае асаб-лівасці. Іменна час з кастрычніка па лістапад з’яўляецца найлепшым для абагачэння льняных палёў калійнымі ўдабрэннямі. З такім разлікам, каб да пачатку веснавых пасяўных работ ад хлору, які з’яўляецца адным з элементаў гэтага тука, засталося як мага менш, а лепш – не засталося і сляда.

– Хлор негатыўна ўздзейнічае на трываласць будучага льновалакна. А за зімовыя месяцы названы кампанент калійных удабрэнняў з глебы вымываецца-выпарваецца, – тлумачыць сітуацыю Мікалай Герасімовіч.

Лён новага ўраджаю паступіў ужо ў перапрацоўку.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *