«Госць» у хату

Здымала яблыкі ў садзе, калі паклікала знаёмая жанчына. Толькі што да яе завітаў добра апрануты малады чалавек, які спачувальна папярэдзіў, што, быццам бы, паўтара года назад пракладзены па іх вуліцы водаправод зманціраваны з няякасных труб, што піць такую ваду – смерці падобнае. Прапанаваў паслугі сваёй фірмы, якая здольна паправіць сітуацыю. Цана пытання – каля 3,5 мільёна недэнамінаваных рублёў. Прыемным дапаўненнем стала абяцанне зрабіць скідку як ветэрану працы. Жанчына нават паказала дакументальнае пацвярджэнне свайго пенсіённага статусу. Ёй здалося дзіўным, што ветлівы грамадзянін хуценька развітаўся пасля таго, як пачуў пра намер параіцца з сынам.

Між іншым, летась пракладзеная ветка водаправода зманціравана з новенькіх труб з сучасных матэрыялаў, якія ніякім чынам не могуць іржавець, чым палохаў нязваны госць.

А ў раёне прамысловай зоны райцэнтра супрацоўнік рэдакцыі назіраў не менш цікавую карціну. Да аўтамабіля хуткім крокам падышлі два развясёлыя маладыя чалавекі, з рогатам селі ў аўто і паехалі. Літаральна праз некалькі хвілін з’явіліся тры немаладыя кабеты, узрушаныя і разгубленыя, якія шукалі менавіта іх. Аказваецца, хлопцы прадавалі «цудадзейныя, вельмі эфектыўныя» фільтры для ачысткі вады і ўгаварылі-такі на пакупку. Гучала сума за 3,5 мільёна недэнамінаваных рублёў. Вельмі знерваваныя жанчыны гаравалі, што, бы зачараваныя, аддалі грошы за «абноўку». І сталі зацікаўлена абмяркоўваць параду звярнуцца ў міліцыю.

Факт у тэму адбыўся ў мінулы чацвер з мамай калегі. Дакладней, на шчасце, мог адбыцца і зрабіць 13 кастрычніка для яе вельмі стратным днём. На прапанову завітаўшага ў двор распаўсюджвальніка тых самых цудадзейных фільтраў для ачысткі вады і абяццанне зніжкі яна гатова была зрабіць пакупку. Але патэлефанавала сыну, і ўсё закончылася добра: каробка з фільтрам пад пахай прадаўца як прыйшла, так і пайшла назад.

Што атрымліваецца? Атрымліваецца элементарнае махлярства, заснаванае на даверлівасці патэнцыяльных пакупнікоў і ўменні прадаўцоў пераконваць (рэкламаваць, распаўсюджваць, угаворваць), сказала б нават замбіраваць. Апошнія яўна не абцяжараны сяброўствам з законам (наўрад ці ў іх ёсць дазвол на такі «падворны» гандаль) і зусім не маюць таго, што ў людскім асяроддзі называецца сумленнем. Выцягнуць грошы любой цаной. Знайсці для гэтага найбольш лёгкую ахвяру – лёгкую для падману, зручную для махлярства. Як правіла, выбіраюць адрасы, дзе жывуць людзі немаладога ўзросту.

…Лахатроны, піраміды, з дастаўкай на дом элексіры даўгалецця і цудадзейныя масажоры – як жа многа падманных спакус. Гульня на давер’і працягваецца. У гэтай гульні ёсць пераможцы і пацярпелыя. Пацярпелых шкада, ім хочацца дапамагчы, папярэдзіць падобнае, растлумачыць, але не заўсёды іх матэрыяльныя страты можна вярнуць. Тым жа, хто «паспяхова правярнуў здзелку», няма даравання, ва ўсякім разе, маральнага. Калі б можна было іх таварам «прафільтраваць» іх жа сумленне, наколькі чысцей стала б атмасфера нашага быцця.

Гэтыя факты, ускосным сведкам якіх давялося быць самой ці калегам, адбыліся літаральна на працягу двух тыдняў – паміж Днём пажылых людзей і Днём маці. Тым больш цынічнае іх гучанне.

Вольга БАРАДЗІНА.

Выкарыстана ілюстрацыя.

One thought on “«Госць» у хату

  • 16/10/2016 в 10:40
    Permalink

    Ва ўсе часы, чамусьці, махляры жывей за ўсіх. І крызіс ім не перашкаджае, і сумленне не заядае. Ідзіце працуйце, а не шукаеце чарговую ахвяру! Няхай бы міліцыя адлоўлівала такіх «спрытнікаў» і накіроўвала іх энергію на карысць: напрыклад, на ўборку і добраўпарадкаванне райцэнтра ці вёсак. Людзі, не вядзіцеся, не давярайце такім нячыстым на руку «добразычліўцам»!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *