Крымінал. Здарэнні Ляхавіччыны

Паквапіўся на гусей

На начное паляванне на свойскую птушку выйшаў непрацуючы ляхавічанін. З гаспадарчай пабудовы ў адным з дамоў райцэнтра ён украў 8 гусей. Злачынства супрацоўнікі крымінальнага вышуку РАУС раскрылі па гарачых слядах. Частка ўкрадзенага ў зламысніка адабрана. Раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу па частцы 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Паехаў на работу і… прапаў

У РАУС звярнулася жыхарка аграгарадка Русінавічы, якая заявіла, што прапаў яе 36-гадовы сын. Сёлета 8 жніўня мужчына паехаў на заробкі ў Расію і да гэтага часу яго месцазнаходжанне невядома.

Пагроза – таксама злачынства

Раней неаднойчы судзімы, нідзе не працуючы ляхавічанін амаль апоўначы каля дома № 46 па вуліцы Леніна ў райцэнтры з-за непрыязных адносін пагражаў забойствам свайму знаёмаму. Узбуджана крымінальная справа.

Цыгарэта давяла да бальніцы

Чарговай ахвярай курэння ў ложку ў нецвярозым стане стаў жыхар вёскі Галавачы, 1981 года нара-джэння. Як расказаў намеснік начальніка РАНС Сяргей Гатоўчыц, 11 кастрычніка паступіла паведамленне з райбальніцы, што на лячэнне дастаўлены мужчына з моцнымі апёкамі. Высветлілася, што здарэнне адбылося яшчэ 7 кастрычніка: нецвярозы вясковец закурыў у ложку і заснуў. Невядома, чым бы ўсё закончылася, калі б з работы не вярнуўся яго брат, які ўбачыў поўную хату дыму і тое, што гарыць матрац. За дапамогай выратавальнікаў не звярталіся, узгаранне ліквідавалі ўласнымі сіламі. Пацярпелы катэгарычна адмовіўся ад выкліку хуткай медыцынскай дапамогі. І толькі праз 4 дні, калі боль стаў нясцерпным, звярнуўся ў райбальніцу. Медыкі канстатавалі ў пацярпелага апёкі трэцяй ступені (пашкоджана 30 працэнтаў цела). Мужчыну на лячэнне адправілі ў Брэсцкую абласную бальніцу. Праводзіцца праверка.

Са зводкамі РАУС і РАНС знаёмілася  Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *