Для ахвяр сямейнага насілля РАУС арганізавала прамую тэлефонную лінію

Як паказвае практыка, злачынствы і правапарушэнні, што ўчыняюцца падчас сямейных скандалаў, часта па жорсткасці і цяжкасці наступстваў пераўзыходзяць зараней падрыхтаваныя супрацьпраўныя дзеянні. Кожнае трэцяе забойства і кожнае чацвёртае наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў адбываецца менавіта ў сферы сямейна-бытавых адносін, і ў большасці выпадкаў ахвяра і злачынца (а то і абое) знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення. Асноўныя прычыны, што спрыяюць учыненню такіх злачынстваў, — несвоечасовае выяўленне сямейнай неўладкаванасці, неналежная прафілактычная работа з асобамі, якія дапускаюць правапарушэнні ў быце.
У мінулым годзе ў раёне адбылося 10 злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін, прычым у 2 выпадках у якасці злачынцы выступаў адзін і той жа чалавек.
Так 41-гадовы жыхар вёскі Малое Гарадзішча ў стане алкагольнага ап’янення неаднаразова збіваў сваю жонку — ад атрыманых цялесных пашкоджанняў жанчына памерла. Дзве дачкі засталіся сіротамі, забойца адбывае пакаранне ў турме.
19-гадовы нецвярозы сынок не знайшоў лепшай “падзякі” для бацькі, чым нож у спіну.
Менавіта нож у якасці аргумента супраць сваёй маці выбрала і жыхарка вёскі Заліпенне…
Вынік такіх адносін заўсёды сумны – ахвяры атрымліваюць і душэўныя, і фізічныя траўмы. Аднак, трагедыі можна і пазбегнуць, бо злачынства, як і хваробу, лягчэй папярэдзіць, чым потым горка плакаць ад іх наступстваў.
На Ляхавіччыне з 18 па 31 студзеня праводзіцца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносін, прадухіленне п’янства і алкагалізму, фарміраванне здаровага ладу жыцця. Ужо ў студзені адна наша зямлячка трапіла ў лячэбна-працоўны прафілакторый (за 2009 года туды адпраўлены 21 чалавек). З пачатку 2010 года 13 аматараў спіртнога пастаўлены на ўлік у наркалагічным кабінеце райпаліклінікі.
Інфармацыйна-прапагандысцкія групы ў складзе супрацоўнікаў РАУС, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, медыкаў, педагогаў, культработнікаў, актывістаў БРСМ наведваюць па месцы жыхарства сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, а таксама асоб, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за разнастайныя правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін.
Члены інфармацыйна-прапагандысцкіх груп выступаюць у працоўных калектывах, установах адукацыі, па месцы жыхарства.
У РАУС арганізавана работа “прамой” тэлефоннай лініі. Кожны, хто пакутуе ад насілля ў сям’і, падлеткі, якім неабходна абарона іх правоў і інтарэсаў, могуць патэлефанаваць па нумарах 102, 2-12-02, 2-48-37 ці па мабільным – 8-029-827-44-66 з просьбай аб дапамозе. Пакінуць свае паведамленні можа і кожны неабыякавы грамадзянін, які валодае фактамі пра неўладкаваныя сем’і, асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі і вядуць амаральны лад жыцця. Сітуацыя бу-дзе абавязкова разгледжана кампетэнтнымі службамі, будуць прыняты меры па ўхіленні прычын і ўмоў, што спрыяюць узнікненню негатыўных сітуацый.

Дзмітрый ЮРУЦЬ, начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *