А давайце пойдзем у чэмпіёны! У Ляхавіцкай ДЮСШ вучаць сябраваць са спортам /фота/

Дзмітрый Пішч і будучыя зоркі футбола.

Спорт і маладосць – два гарманічныя словы, складзеш іх – і атрымаеш энергію, зацікаўленасць, ініцыятыву, запал, натхненне і, канешне, надзею на вялікія поспехі. Менавіта гэтыя словы і характарызуюць нашых спартыўных герояў. Трэніроўкі, спаборніцтвы, перажыванні за сваіх маленькіх ”чэмпіёнаў”    сталі неад’емнай часткай іх жыцця. Малады трэнерскі састаў спартыўнай школы з вялікай самааддачай працуе з дзецьмі, якіх шчыра называе сваімі.

Трэці год працуе трэнерам па футболе ДЮСШ Дзмітрый Пішч. На хвілінку зазірнём на трэніроўку і паглядзім, як займаюцца юныя футбалісты.
– Хутчэй-хутчэй. Мацвей, абводзь яго злева, а ты, Уладзіслаў, не дапусці, каб цябе абыгралі. Абарону, абарону, хлопцы, трымайце, – раіць Дзмітрый Яўгеньевіч і працягвае:
– Галоўнае не толькі гол    забіць, але не дазволіць гэтага зрабіць сапернікам.  І не ўгледзіш за мячом, так хутка ён пераходзіць ад аднаго іграка да другога, а тыя, у сваю чаргу, толькі і паспяваюць пасаваць. Тут яны вучацца не толькі складанай тэхніцы футбола, яшчэ – ісці да пастаўленай мэты, аналізаваць памылкі і імкнуцца не дапускаць іх у будучыні – удасканальвацца. А паколькі футбол – гульня камандная, дзеці наладжваюць адносіны з равеснікамі, размяркоўваюць абавязкі – усебакова развіваюцца. Гэта карысна не толькі для будучых футбалістаў.
Толькі чалавек, які сам быў у ролі іграка, можа стаць добрым трэнерам. Бо разумее працэс знутры, ведае, што ў пэўную хвіліну адчуваюць члены каманды. У яго за плячамі 7 гадоў спартыўнай секцыі па футболе, затым вучоба ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна, дзе цвёрда ўпэўніўся ў правільным выбары прафесіі. Час ад часу збірае сваю футбольную каманду, каб прыняць удзел у  розных спаборніцтвах.
– Калі ты трэнер,  гэта не значыць, што твая задача толькі навучыць дзяцей гуляць у футбол. Падчас гульні ты яшчэ і псіхолаг, які павінен знайсці падыход да кожнага, і педагог, бо заўсёды хочаш адкрыць для рабят нешта новае, нават, у пэўным сэнсе, арганізатар:  важна правільна вызначыць здольнасці ігракоў і іх ролю ў камандзе.
Магчыма, у гэтым і ёсць сакрэт Дзмітрыя Пішча, на трэніроўкі якога дзеці заўсёды прыходзяць з вялікім жаданнем і ахвотай. Да таго ж, у чалавека мэтанакіраванага, настойлівага, адказнага па-іншаму быць  не можа.
У верасні пачаў трэнерскую работу  Аляксей Буйкевіч. Пытанняў наконт будучай прафесіі нават не ўзнікала –  марыў звязаць жыццё са спортам, яшчэ да паступлення вырашыў трэніраваць будучых алімпійцаў. Так і атрымалася.
А пачыналася ўсё адсюль, з дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, дзе спачатку займаўся дзюдо, а потым захапіўся лёгкай атлетыкай. Апошняя і стала тым, без чаго ён сёння не ўяўляе сваё жыццё. Да спорту яшчэ са школы ставіўся заўсёды сур’ёзна. Прызнаецца, што ніводнай трэніроўкі не прапусціў. Таму і сёння сваім падапечным раіць: калі пачынаць займацца, то ставіцца да гэтага трэба адказна.
Пасля вучобы ў Брэсцкім дзяржаўным абласным вучылішчы алімпійскага рэзерву вярнуўся у родны горад, дзе працуе трэнерам па лёгкай атлетыцы.
– Па-першае, мне падабаецца займацца з дзецьмі. Вядома ж, складана, але гэта справа па душы. Яны такія розныя, такія цікавыя, і хочацца дапамагчы ім праявіць свае здольнасці. Па-другое, гэта зусім іншы погляд на спорт: некалі трэніравалі мяне, сёння гэта раблю я. Многія метады работы, канешне, пераняў у маіх цяпер ужо калег – спартыўных настаўнікаў Андрэя Іванюценкі і Алены Ульянавай. Стараюся прыўносіць нешта сваё, новае.
Яго трэніроўкі – не толькі бег на пэўныя дыстанцыі, скачкі ці эстафета. Трэба дзяцей зацікавіць, прыцягнуць іх увагу, увесці ў свет спорту. Таму  Аляксей заўсёды расказвае пра беларускіх алімпійскіх чэмпіёнаў і іх дасягненні, распавядае і пра свой вопыт. Між іншым, літаральна ў пачатку лета ён стаў сярэбраным прызёрам на першынстве Рэспублікі Беларусь сярод юніёраў 1996-1997 гадоў нараджэння  ў спартыўнай хадзьбе на 3 кіламетры.  У марах-планах выканаць нарматыў на званне майстра спорту ў сваім відзе, але на дыстанцыі 20 кіламетраў.
Нельга забыць, што за кожным чэмпіёнам, яго перамогамі і дасягненнямі – тытанічная праца, плён і цярпенне трэнера. І немагчыма перадаць, што адчувае настаўнік, калі на п’едэстале ў чаканні атрымаць медаль бачыць свайго вучня.
Маргарыта КУХТА, студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.

Элементы спартыўнай хадзьбы ад Аляксея Буйкевіча.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *