Бізнес на капусце

Добры ўраджай парадаваў сёлета многіх агароднікаў. Асабліва дбайныя вырасцілі прадукцыю не толькі для ўласных патрэб, але і на продаж. А для фермераў і арандатараў сельгасугоддзяў гэта і ўвогуле асноўны заробак. Як, напрыклад, для ляхавічаніна Анатолія Турчына, чыя падсобная гаспадарка размяшчаецца на 4 гектарах у вёсцы Патапавічы.

Анатолій Уладзіміравіч не проста агароднік-аматар, а дыпламаваны спецыяліст-аграном, калісьці закончыў Ляхавіцкі саўгас-тэхнікум, больш за дзесяцігоддзе працаваў там жа брыгадзірам паляводчай брыгады. Першыя крокі да ўласнага бізнесу пачыналіся з цяпліцы каля дома. Шэсць гадоў назад пашырылі справу –  арандавалі ўчастак. І пайшло: з ранняй вясны да позняй восені – сяўба, праполка, апрацоўка, уборка. Капуста, памідоры, морква, чырвоныя буракі, перац – штогод ураджай багаты і даўно мае сваіх пастаянных пакупнікоў.

Вырасціць паўсправы, важна паспяхова рэалізаваць. І з гэтым у руплівага гаспадара ўсё наладжана: Мінск, Баранавічы, Ляхавіцкі кансервавы, частку рэалізуе на рынку.

Канешне, аднаму чалавеку немагчыма справіцца з такім вялікім участкам работы: падтрымлівае сям’я, дапамагаюць і наёмныя работнікі. Але і сам Анатолій Уладзіміравіч працуе, не шкадуючы сіл. У мясцовым сельвыканкаме пацвердзілі, што ў яго руках нават самыя неўрадлівыя землі прыносяць шчодры ўраджай.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *