Не прапаў без звестак – загінуў
На працягу месяца 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён вёў чарговыя пошукавыя работы на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна. Падчас раскопак былі знойдзены астанкі 9 чырвонаармейцаў і 4 мірных жыхароў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Знойдзены і 3 салдацкія медальёны, якія адразу былі адпраўлены ў цэнтральную ваенную судова-медыцынскую экспертызу ў Мінск. На жаль, укладышы двух медальёнаў аднавіць не ўдалося. А ў трэцім быў знойдзены папяровы ўкладыш з рукапісным тэкстам, які эксперты прачыталі. Так стала вядома прозвішча і імя байца 129-га асобнага знішчальнага супрацьтанкавага дывізіёна малодшага сяржанта Мікалая Андрэевіча Педаша, 1920 года нараджэння, ураджэнца сяла Варашылаўка Нова-Златапольскага раёна Запарожскай вобласці. Чырвонаармеец загінуў у першыя дні вайны ў чэрвені 1941 года ў баі з фашыстамі каля вёскі Завінне.
Даволі хутка былі знойдзены і родныя загінуўшага салдата – брат і пляменнік, якія жывуць цяпер у Смаленску і Таганрогу. Увесь гэты час яны лічылі, што іх брат і дзядзька на вайне прапаў без вестак. Яны збіраюцца прыехаць на Ляхавіччыну і пакланіцца праху салдата пры перапахаванні ў брацкую магілу, якое адбудзецца на пачатку верасня ў вёсцы Завінне.
Таццяна ДАРАШЭНКА,
галоўны спецыяліст па сацыяльнай абароне і пенсійным забеспячэнні райваенкамата