Статус, які заўсёды натхняе

На ўрачысты прыём з нагоды Дня маці ў абласны выканаўчы камітэт у мінулую пятніцу былі запрошаны 24 жанчыны з усіх раёнаў Брэстчыны (сярод іх і тры прадстаўніцы рэгіянальных СМІ). Розныя па родзе дзейнасці, ўзросце, але такія падобныя ў бязмежнай любві да дзяцей. Калі гаворка ішла пра дарагіх сыночкаў і дачушак, вочы кожнай прамяніліся асаблівым цяплом. Мацярынства не абмяжоўвае, не спыняе – наадварот, надае сілы, натхняе на актыўную жыццёвую пазіцыю і грамадскую дзейнасць.

Першы намеснік старшыні аблвыканкама Мікалай Токар шчыра павіншаваў удзельніц прыёму, а ў іх асобе ўсіх маці Брэстчыны са светлым і добрым святам, выказаў словы глыбокай павагі і ўдзячнасці. Мікалай Васільевіч адзначыў, што тая сям’я шчаслівая, якая выхоўвае здаровых, гарманічна развітых дзяцей, патрыётаў сваёй Радзімы. У нашай краіне выключная ўвага надаецца сацыяльнай падтрымцы сям’і, павышэнню яе прэстыжу, ахове мацярынства і дзяцінства. Першы намеснік старшыні аблвыканкама расказаў, як рэалізуецца сямейная палітыка ў рэгіёне. Красамоўны факт – у Брэсцкай вобласці адзначаецца натуральны прырост насельніцтва. Летась на Брэстчыне нарадзіліся 18749 дзяцей, за першае паўгоддзе гэтага года – за 9000 – на 6,5 працэнта больш, чым за аналагічны перыяд 2015 года .

У Брэсцкай вобласці адзін з самых высокіх каэфіцыентаў нараджальнасці (13,5). У сем’ях усё часцей нараджаюцца другія, трэція і наступныя дзеці. Рэгіён займае першае месца па колькасці мнага-дзетных сем’яў – амаль 30 працэнтаў ад іх агульнай колькасці ў рэспубліцы ( 18142 мнагадзетныя сям’і, у якіх выхоўваецца больш за 60000 дзяцей).

Мікалай Токар пажадаў, каб радасць мацярынства адчулі ўсе жанчыны, і ўручыў пяці зямлячкам дзяржаўныя ўзнагароды – ордэн Маці.  Адна з іх – Наталля Жылінская, якая жыве ў Баранавіцкім раёне (яе муж – ляхавічанін). У вялікай сям’і падрастаюць трое хлопцаў і дзве дзяўчынкі. Старэйшы Косця сёлета закончыў Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж і паступіў ў сельгасакадэмію.

Мнагадзетная маці падкрэслівае, што ўдзячна дзяржаве за дапамогу, за дом і за важкую ўзнагароду, а аўтарамі наступных радасных падзей, спадзяецца, будуць дзеці.

Віншаванні, цёплыя і сардэчныя словы адрасавалі ўдзельніцам урачыстасці старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў і старшыня праўлення Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Ірына Арабей.

Афіцыйная, але шчырая і ўтульная атмасфера свята, у якой кожная ўдзельніца прыёму адчувала сваю значнасць, застанецца ў памяці незабыўным імгненнем на ўсё жыццё. А кветкі і падарункі ад аблвыканкама, творчыя нумары ад артыстаў горада над Бугам, экскурсія ў музей выратаваных каштоўнасцей толькі ўзмацнялі натхнёнае і казачна-радаснае адчуванне. А яшчэ, гледзячы на прыгожых, упэўненых у сабе мнагадзетных мам, якія, здаецца, выпраменьваюць энергію і святло, разумееш, што такім жанчынам па сілах многія суперскладаныя справы, як і прыняцце часам нестандартнага, але адзіна правільнага рашэння.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *