Паставіць кропку: зрабіць

На апаратнай нарадзе ў мінулы панядзелак прагучала нямала вострых заўваг па рабоце розных службаў. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч чарговы раз узняў пытанне якасці пітной вады, у прыватнасці, у аграгарадках Нача і Жарабковічы. І калі ў Начы, дзе нядаўна пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю станцыя абязжалезвання, справа ў зношаным трубаправодзе, то ў Жарабковічах праб-лема не толькі ў гэтым, а і ў абсталяванні станцыі. Сітуацыя патрабуе неадкладнага вырашэння. Кіраўніцтву жылкамунгаса неаднойчы даваліся даручэнні на гэты конт, але зрухаў пакуль няма – кульгае выканальніцкая дысцыпліна.

Ёсць праблемы ў камунальнікаў і з грэйдзіраваннем вуліц Мінскай і Першамайскай у Ляхавічах. Нямала пытанняў, у тым ліку і па тэмпах і якасці работ, да будаўнічай арганізацыі з Белаазёрска, якая ўкладвае плітку і бардзюр па вуліцы Янкі Купалы ў райцэнтры.

Кіраўнік раёна запатрабаваў ад старшыні праўлення райпо Васілія Некрашэвіча навесці парадак у рабоце аўталавак: не вытрымліваюцца графікі, санітарныя нормы і правілы захоўвання прадуктаў харчавання. На кантролі ў старшыні райвыканкама і работа магазінаў, асабліва ў сельскай мясцовасці.

Нездавальняючую ацэнку Вячаслаў Сельмановіч даў кірмашу, які адбыўся ў мінулую суботу. Адказным за арганізацыю даручана паклапаціцца пра тое, каб заключны восеньскі кірмаш, які запланаваны на 29 кастрычніка, атрымаўся шчодрым на прапановы.

Хапае пытанняў з асвятленнем вуліц райцэнтра, аграгарадкоў і вёсак. Недапрацоўваюць, у першую чаргу, работнікі сельвыканкамаў, якія павінны цікавіцца, чым і як жыве насельніцтва сельсавета, выяўляць праблемныя моманты і прымаць дзейсныя меры для іх выпраўлення. Напэўна, пры такім падыходзе можна было б пазбегнуць і пажараў, што ў кастрычніку адбыліся ў Галавачах і Падлессі.

Штогод камісіі праводзяць абследаванні бытавых умоў адзінокіх, адзінокапражываючых грамадзян, неўладкаваных сем’яў. Сёлета за 9 месяцаў камісіі сельвыканкамаў наведалі 4567 домаўладанняў з 7657. Разам з тым, як агучыў начальнік РАНС Валерый Равінскі, у Конькаўскім і Навасёлкаўскім сельсаветах абследаванні не праводзіліся.

Старшыня райвыканкама запатрабаваў дакладнага ўзаемадзеяння ўсіх службаў, ад якіх залежыць своечасовая і якасная работа па папярэджанні надзвычайных сітуацый.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *